Тэлеаператара Аляксандра Баразенку, фотакарэспандэнтаў Сяргея Грыца (Associated Press), Васіля Фядосенку (Reuters), Таццяну Зянковіч (EPA) і Паўла Падабеда (БелаПАН), а таксама актывістаў моладзевага крыла «Zмена» («Гавары праўду!») Аляксандра Арцыбашава і Паўла Вінаградава затрымалі некалькі хвілін таму (удзень 18 верасня) на пікеце ля ўніверсама «Фрунзенскі» Мінска.

Інцыдэнт адбыўся апоўдні 18 верасня побач з універсамам «Фрунзенскі», дзе актывісты моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» зладзілі перадвыбарчы пікет з сімвалічнай раздачай баршчу.

Пасля пачатку пікета да ўдзельнікаў і журналістаў падбеглі невядомыя, пачалі збіваць і затрымліваць усіх прысутных.

Падчас затрымання невядомыя ў цывільным разбілі акуляры Сяргею Грыцу, пасля чаго пачалі сілай запіхваць усіх прысутных у мікрааўтобус.

Паводле папярэдніх звестак, журналісты атрымалі траўмы. Зараз іх тэлефоны не адказваюць.

Відэа «Еўрарадыё» затрымання

Па словах намесніка старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэя Бастунца, напад на карэспандэнтаў падчас перадвыбарчага пікету з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства аб СМІ.

Андрэй Бастунец падкрэсліў, што прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі згодна з заканадаўствам маюць права прысутнічаць на любых публічных мерапрыемствах, у тым ліку і несанкцыянаваных. Пры гэтым прадстаўнікі праваахоўных органаў не маюць права перашкаджаць журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі.

«У сённяшнім выпадку, асабліва калі пацвердзіцца інфармацыі пра збіццё карэспандэнтаў і пашкоджанне тэхнікі, выпадак неабходна трактаваць згодна з артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса Беларусі „Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналістам“.
Вінаватыя ў нападзе павінны панесці крымінальную адказнасць за свае дзеянні», — дадае Андрэй Бастунец.

*** 13:00

Дзяжурны Фрунзенскага РУУС паведаміў ГА «БАЖ», што ў пастарунак нікога з вышэйназваных асобаў пакуль нібыта не дастаўлялі.

13:50

Гадзіну таму ГА «БАЖ» звярнулася да прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага з просьбай высветліць лёс затрыманых на пікеце журналістаў, у тым ліку карэспандэнтаў вядучых сусветных агенцый. Да гэтага часу прэс-служба сталічнай міліцыі так і не здолела прадставіць хоць якую інфармацыю пра затрыманні.

***

14.18

Журналістаў пачалі адпускаць. Выпусцілі Сяргея Грыца, Васіля Фядосенку, Таццяну Зяньковіч, Паўла Падабеда.

Паўла Вінаградава аформілі і пакінулі ў пастарунку.

Пра гэта паведаміла ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку журналістка Юлія Дарашкевіч.

14:53

Фатограф Associated Press Сяргей Грыц: Ударылі кулаком у правае вока, разбілі акуляры

«Я атрымаў удар кулаком у правае вока, пры гэтым мне разбілі акуляры», — расказаў «НН» фатограф Associated Press Сяргей Грыц, які разам з калегамі быў жорстка затрыманы сёння на пікеце актывістаў моладзевага крыла «Zмена» («Гавары праўду!»).

«Вельмі груба валаклі ў аўтобус. Усіх — актывістаў і прэсу. Вырывалі з рук апаратуру. Пры гэтым жорстка абрывалі ўсе спробы высветліць, хто яны такія, і чаму затрымліваюць журналістаў»,
— кажа фотакарэспандэнт. Па яго словах. У аўтобусе невядомыя ў цывільным адразу ж адбіралі тэлефоны ў тых, хто спрабаваў тэлефанаваць. У аддзяленні міліцыі ўсіх затрыманых памясцілі ў актавай залі, рассадзіўшы іх на адлегласці адзін ад аднаго. Апаратуру адабралі адразу ж і склалі яе на адным са сталоў.
«Я правёў дзве гадзіны ў розных кабінетах. У мяне нічога ніхто не пытаў. Забралі пашпарт і, відавочна, самі даведаліся, хто я такі».

Журналіст кажа, што яго з калегамі адпусцілі без складання пратаколаў. Апаратуру яму вярнулі, але здымкі з акцыі былі выдаленыя.

Цяпер Сяргей Грыц вырашае, як будзе рэагаваць на сённяшнія падзеі і ці будзе здымаць пабоі. «Мне трэба параіцца з кіраўніцтвам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?