Нацыянальны банк Беларусі прапануе ўсім, хто сутыкнуўся з праблемай адсутнасці ў пунктах абмену валют або касах банкаў наяўнай валюты ці беларускіх рублёў, паведамляць аб такіх фактах па тэлефоне кантакт-цэнтра Нацбанка або па электроннай пошце.

Як адзначылі ў Нацбанку, апошнім часам у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-форумах сталі рэгулярна з’яўляцца паведамленні аб адсутнасці ў тым ці іншым абменніку дастатковай колькасці наяўнай валюты. Хоць, паводле слоў спецыялістаў, ніякіх аб’ектыўных прычын для гэтага няма.

«Сапраўды, за апошні час даходы насельніцтва істотна выраслі, і беларусы сталі купляць больш валюты.
Але нейкіх перадумоў для рэзкай дэстабілізацыі сітуацыі на валютным рынку не існуе», — сцвярджаюць у Нацбанку.
«Банкі маюць у сваім распараджэнні дастатковую колькасць валютных сродкаў для таго, каб забяспечыць аператыўнае падмацаванне абменных пунктаў і кас грашовай наяўнасцю на працягу ўсяго рабочага дня і поўнасцю задаволіць узросшы попыт насельніцтва на замежную валюту»,
— упэўнены спецыялісты Нацбанка. Разам з тым у Нацбанку прызнаюць, што на валютным рынку могуць узнікнуць сітуацыі, калі ў тым ці іншым абменным пункце або касе з’явіцца недахват валюты або беларускіх рублёў пры правядзенні валютна-абменных аперацый. «Такія сітуацыі не абумоўлены якімі-небудзь аб’ектыўнымі прычынамі і звязаны, як правіла, з суб’ектыўнымі фактарамі, у тым ліку з так званым чалавечым фактарам, гэта значыць работай непасрэдна касіраў», — падкрэслілі ў Нацыянальным банку.
Спецыялісты Нацбанка гатовы аператыўна рэагаваць на такія выпадкі.
Інфармацыю аб адсутнасці валюты або рублёў у абменных пунктах банкаў можна паведаміць у Нацыянальны банк па тэлефоне кантакт-цэнтра(017) 306-00-02 або па адрасе электроннай пошты [email protected]. У паведамленні пажадана даць назву банка, якому належыць абменнік, месца яго знаходжання, а таксама коратка выкласці сутнасць узнікшай праблемы. Уся атрыманая інфармацыя будзе адразу перадавацца спецыялістам адпаведнага структурнага падраздзялення Нацбанка для рэагавання.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?