Міт Ромні ад Рэспубліканскай партыі нечакана стаў моцным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Барака Абамы і мае пэўныя шанцы ўзначаліць Злучаныя Штаты, хоць ад пачатку здавалася, што Абама без шанцаў выйграе.

1. Міт Ромні — паспяховы бізнэсовец.
Ягонае сумеснае з жонкай багацце складае каля 190–250 мільёнаў даляраў. USA Today падлічыла, што ў выпадку абрання Міт Ромні стане адным з найбагацейшых прэзідэнтаў у гісторыі, а ягонае багацце ў два разы большае за багацце 8 апошніх прэзідэнтаў ЗША, разам узятых (ад Ніксана да Абамы).

Варта адзначыць, што Міт Ромні свае палітычныя кампаніі ў арганізацыйным плане робіць вельмі падобнымі да бізнэс-кампаніяў. Ромні — адзін з найлепшых фандрайзераў рэспубліканцаў, а на сваю кампанію ён сабраў нават больш, чым Барак Абама.

Наагул, бізнэс-падыход Ромні шмат у чым абумоўлівае ягоную тэхнакратычнасць і моцна адрознівае яго ад іншых прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі.

2. У часе сваёй перадвыбарчай кампаніі Міт Ромні пазіцыянуе сябе як эфектыўнага антыкрызіснага мэнэджара.
Відавочна, што магчымыя перабольшванні ў інтарэсах кампаніі, аднак антыкрызісныя здольнасці Ромні ўражваюць. Менавіта ён выратаваў зімовыя Алімпійскія гульні ў Солт-Лэйк-Сіці. Да прыходу Ромні на пасаду кіраўніка Арганізацыйнага камітэта Алімпіяды і Паралімпіяды «дзірка» ў бюджэце складала 379 мільёнаў даляраў. У выніку Алімпіяда скончылася з прыбыткам — 100 мільёнаў.
3. Нават у Злучаных Штатах, дзе да пытання веравызнання ставяцца нашмат больш ліберальна, чым у нас, рэлігія Міта Ромні — даволі супярэчлівая тэма.
Ромні належыць да Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён — прасцей кажучы, мармон. Варта зазначыць, што ягоная рэлігійнасць — не фасад, а шмат у чым вызначае ягоны лёс. Міт Ромні — мармон у пятым пакаленні. У 19 гадоў ён, правучыўшыся год у Стэнфардзе, кінуў універсітэт і з’ехаў на 30 месяцаў служыць місіянерам у Францыю (такая місія — традыцыйны рытуал у мармонаў. Усе 5 сыноў Міта Ромні таксама служылі місіянерамі). Пасля Ромні прызнаваўся, што быццё місіянерам у Бардо было для яго вялікім выклікам, і яму было даволі складана ўпэўніваць французаў, вялікіх аматараў віна, што ім трэба адмовіцца ад алкаголю, бо «для іх віно — гэта вялікая рэлігія».

Ужо будучы паспяховым бізнэсоўцам, Міт Ромні прысвячаў каля 30 гадзін на тыдзень працы ў царкве. Што цікава, за гэтую працу ён нічога не атрымліваў. За сваю палітычную кар’еру Ромні рэдка выказваўся на тэму сваёй рэлігіі, абгрунтоўваючы гэта тым, што ягоная вера не можа быць прычынай ягонага абрання ці неабрання на дзяржаўную пасаду.

4. Палітычную кар’еру Міт Ромні пачаў з паразы, прайграўшы выбары ў сенат у 1994 годзе Тэду Кенэдзі.
Варта, аднак, адзначыць, што Тэд Кенэдзі займаў гэтую пасаду 47 гадоў, і перамагчы яго было амаль нерэальна. Пасля паразы Ромні прызнаўся брату, што не хоча больш удзельнічаць у выбарах, у якіх няма шанцаў на перамогу.

Шанцы з’явіліся пасля паспяховай арганізацыі і правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх зімовых гульняў. На хвалі прызнання Ромні высунуў сваю кандыдатуру на пост губернатара Масачусэтса і перамог з мінімальным адрывам. Аднак амбіцыі былі нашмат большыя, і неўзабаве Ромні пачаў падрыхтоўку да рэспубліканскіх праймерыз 2008 года. Прайграўшы Джону Макейну, ён узяў удзел у ягонай кампаніі, а па яе заканчэнні пачаў рыхтавацца да новай кампаніі — прэзідэнцкіх выбараў 2012 года.

5. Міт Ромні мае невялікія шанцы стаць прэзідэнтам ЗША.

Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што Ромні па папулярнасці «дыхае ў спіну» Бараку Абаму, а сённяшняе амерыканскае грамадства падзеленае прыкладна 50 на 50. Міта Ромні цяпер падтрымліваюць перадусім бізнэсоўцы і людзі, незадаволеныя сённяшнім станам эканомікі. З іншага боку, Барак Абама карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод маладых, афраамерыканцаў і выхадцаў з Лацінскай Амерыкі.

Хоць у працэнтных суадносінах Міт Ромні мае прыкладна столькі ж галасоў, колькі Абама, ён прайграе па электаральных. Папярэдне можна сказаць, што Абама мае 253 электараў, а Ромні — толькі 206. Фактычна ідзе барацьба ў некалькіх штатах, якія «вагаюцца» і якія маюць 79 электаральных галасоў. Вынікае, што шанцы Міта Ромні не такія вялікія, і яму неабходна перамагаць амаль ва ўсіх гэтых штатах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?