Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх аграрыяў нашай краіны «Звязда» ўзяла інтэрв’ю ў віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага.

— Міхаіл Іванавіч, колькі сёння беларускі селянін зарабляе, у якім доме жыве, на якім «кані» ездзіць, дзе адпачывае?

— За 8 месяцаў гэтага года сярэдні заробак сялян па краіне склаў 2,5 мільёна рублёў, у жніўні — 3,2 млн. Гэта ня шмат, аднак у добрых гаспадарках работнікі атрымліваюць значна больш, бо заробак на сяле, як правіла, залежыць ад эфектыўнасці працы і якасці прадукцыі.

Што такое беларускі селянін сёння?

Гэта малады, прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек, добры гаспадар і сем’янін, рознабакова развіты і з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Дастаткова паглядзець на пераможцаў «Дажынак», каб пераканацца ў гэтым. Як правіла, жыве ён у прасторным доме з газавым ацяпленнем і цэнтральным водаправодам, мае легкавы аўтамабіль замежнай вытворчасці 7–10 гадоў эксплуатацыі, трактар і грузавую тэхніку на ўласным падворку. На жаль, селянін, у адрозненне ад гарадскога жыхара, не можа гэтак жа свабодна спланаваць свой адпачынак, бо яго праца носіць сезонны характар, і з вясны да восені ён прывязаны да зямлі. Тым не менш,
фінансава ён можа сабе дазволіць паехаць сям’ёй на мора, у курортныя мясціны Беларусі або за мяжу.
І добрым спецыялістам кіраўнікі гаспадарак ідуць насустрач, знаходзяць магчымасць летам перад жнівом даць ім водпуск хаця б на два тыдні, каб яны адпачылі разам з дзецьмі.

Паступова аграгарадкі набліжаюць умовы жыцця сялян да гарадскіх.

У буйных вёсках працуюць дамы культуры з філарманічнымі або тэатральнымі пляцоўкамі, бібліятэкі з доступам у інтэрнэт, дзіцячыя школы мастацтваў або класы па мастацкіх спецыяльнасцях, фізкультурна-спартыўныя цэнтры, дамы рамёстваў.

Да жыхароў невялікіх вёсак прыязджаюць аўтаклубы, бібліятэкі на колах, перасоўныя відэакомплексы. Што тычыцца талентаў, то сяляне па-ранейшаму могуць даць фору любому гараджаніну. Яны, можа, таму што бліжэй да прыроды і каранёў, глыбей адчуваюць прыгажосць і гармонію, больш аптымістычна глядзяць на навакольны свет.

Вядома, ёсць у нас і маленькія вёсачкі, дзе на зіму застаюцца некалькі старых.

Ёсць і такія жыхары сельскай мясцовасці, якія на любой працы доўга не затрымліваюцца або ўвогуле не працуюць і жывуць Бог ведае з чаго…
Але факт застаецца фактам: працавітыя і сумленныя сяляне сёння маюць магчымасць зарабляць не толькі грошы, але пашану і імя.

— Што вы думаеце пра адметнасць нашай сельскагаспадарчай прадукцыі? Ці можна назваць яе брэндам натуральнасць?

— Я сказаў бы так: натуральнасць і высокая якасць. Гэта гарантуюць сістэмы кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, якія дзейнічаюць на нашых буйных перапрацоўчых прадпрыемствах, і ўкаранёныя там міжнародныя сістэмы якасці і бяспекі прадукцыі. Мы ўвесь час удасканальваем тэхналагічныя працэсы, а кампаненты, якія выкарыстоўваем у вытворчасці, з’яўляюцца дазволенымі ва ўсім свеце і бяспечнымі для здароўя.

У Беларусі ўсе харчовыя рэцэптуры, уключаючы пералік і нормы ўнясення харчовых дадаткаў, праходзяць абавязковую экспертызу і ўзгадненне ў Міністэрстве аховы здароўя. Акрамя таго, харчовыя дадаткі там жа праходзяць гігіенічную рэгістрацыю, і іх выкарыстанне магчыма толькі ў адпаведнасці з атрыманым дазволам.

У нас, напрыклад, забаронена выкарыстанне харчовых інгрэдыентаў з функцыямі гідракалоідаў, эмульгатараў, стабілізатараў і загушчальнікаў.
У вышэйшых гатунках вараных каўбас не дапускаецца выкарыстанне бялковых прэпаратаў жывёльнага і расліннага паходжання. А ў гатунках каўбас «экстра» выкарыстоўваюцца толькі традыцыйныя харчовыя дадаткі і выключна мяса.

— Аграгарадкі, «прэзідэнцкія» домікі, мадэрнізацыя малочнатаварных фермаў… — што з усяго гэтага найлепш атрымалася?

— Усе названыя кірункі можна лічыць паспяховымі. З’яўленне амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе акумуліравана вытворчасць і створана гарадская інфраструктура, вывела аграпрамысловы комплекс краіны на новы ўзровень. Пра знешнія прыкметы гэтага мы ўжо згадвалі.

— Які сёння ўнёсак фермерскіх гаспадарак у эканоміку краіны? Ці робіць дзяржава стаўку на гэту форму гаспадарання?

— Фермерскія гаспадаркі ў нас маюць роўныя правы з іншымі суб’ектамі гаспадарання і з’яўляюцца адной з альтэрнатыў аграрнага прадпрымальніцтва на сяле, аднак не складаюць альтэрнатыву буйным вытворцам.
Сёння ў Беларусі больш за 2300 фермерскіх гаспадарак, за якімі замацавана звыш 140 га зямлі. Удзельная вага іх у агульным аб’ёме вытворчасці сельгаспрадукцыі невялікая — 1,3%. Праўда, па гародніне гэты паказчык — амаль 13%.

— Якое будучае чакае беларускую вёску?

— Паколькі сусветны попыт на прадукты харчавання будзе расці, мы плануем далейшы рост айчыннай сельскагаспадарчай вытворчасці, у першую чаргу, за кошт інтэнсіфікацыі. А калі ўнутраны харчовы рынак забяспечаны, развіццё АПК будзе мець экспартную накіраванасць. Зыходзячы з гэтага, астатнія дэталі заўтрашняга дня беларускай вёскі можна дамаляваць самастойна. Скажу інакш:

за нашай вёскай будучыня не толькі Беларусі, але і свету.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?