Турэцкая кампанія плануе пабудаваць у Беларусі рачны порт,
паведаміў 22 лістапада міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

«

У нас ёсць планы і заключаны інвестыцыйны дагавор з турэцкай кампаніяй аб будаўніцтве ў самай паўднёвай кропцы Беларусі порта.
Калі ён з`явіцца, мы зможам працаваць з суднамі „рака-мора“. Гэта значыць судна (якое належыць або інвестару, або нашаму дзяржпрадпрыемству) зможа перавозіць грузы і па Міжземным моры без перагрузкі», — сказаў Сівак падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, Беларусь толькі пачала займацца міжнароднымі воднымі грузаперавозкамі. За мяжой гэты бізнес канкурэнтаздольны. «Нашы буксіры пакуль не могуць хадзіць ніжэй за Кіеў. Ёсць пэўныя патрабаванні, адпаведнасць ім упіраецца ў пэўныя рэсурсы, патрэбныя інвестыцыі», — сказаў міністр.

Калі гаварыць пра ўнутраныя перавозкі па вадзе, то, паводле слоў Сівака, іх развіццё непасрэдна звязана з тарыфамі на перавозкі чыгуначным транспартам.

«Нізкія чыгуначныя тарыфы ўнутры рэспублікі не даюць развівацца гэтаму воднаму транспарту. Існуюць планы, што з 1 студзеня выраўнуюцца ўнутрырэспубліканскія тарыфы на чыгуначныя перавозкі з экспартна-імпартнымі. Калі гэта адбудзецца, то такія змяненні створаць аснову эканомікі для развіцця воднага транспарту. А паколькі тут, як на чыгунцы, ідзе перакрыжаванае субсідаванне грузаперавозкамі пасажырскіх перавозак, то гэта можа даць штуршок і для перавозкі пасажыраў водным транспартам. Той, хто будзе займацца грузаперавозкамі, зможа ўтрымліваць склад і для пасажыраперавозак, шукаць кліенцкую базу, адкрываць маршруты», — адзначыў міністр транспарту.
14 лістапада 2011 года Мінтранс Беларусі і турэцкая кампанія «ТДМР ДЫШ Тыджарэт Тэкстыль Санаі» падпісалі ў Мінску інвестыцыйны дагавор, які прадугледжвае рэалізацыю праекта па будаўніцтве і эксплуатацыі рачнога тэрмінала і партапункта на рацэ Дняпро.
Новы порт плануецца пабудаваць у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, дзе для яго ўжо выдзелены два ўчасткі. У адпаведнасці з дагаворам, на гэтых участках плануецца будаўніцтва тэрміналаў для перавалкі розных відаў грузаў — навалачных грузаў, нафтагрузаў, у перспектыве — звадкаванага газу. Аб`ём інвестыцый на момант падпісання дагавора складаў не менш як 60 млрд. рублёў, ці прыкладна 10 млн. долараў. Тэрмін рэалізацыі праекта — тры-чатыры гады. Створана сумеснае прадпрыемства, якое займаецца рэалізацыяй гэтага праекта.

Адметнай асаблівасцю новага порта стане яго здольнасць прымаць судны са значна большай грузападымальнасцю ў параўнанні з іншымі партамі. Порт будзе размешчаны на беразе Кіеўскага вадасховішча, якое досыць глыбокае.

Усяго ў Беларусі налічваецца дзесяць рачных партоў — у Брэсце, Пінску, Мікашэвічах, Мазыры, Рэчыцы, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Віцебску і Гродне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?