Аляксей Каўка

Недыпляматычныя нататкi

Беларускi дзёньнiк

 

«Страсьцi беларуса ў небеларускiх абставiнах»... Пасавала б, мабыць, i гэткая назва да прапанаваных нiжэй нататак. Кожан з нас на свой лад пакутуе й суцяшаецца ад сваёй Беларусi — паколькi слугаваць ёй цэльна, арганiчна скрозь было й застаецца праблемай вельмi няпростай для нашага чалавека. Беларусь — малiтва мая, споведзь, дыханьне маё, таемны сакрум мой. Але цi толькi мой? Перачытаў свае дыпляматычныя запiсы амаль дваццацiгадовае даўнiны, i не пакiдае адчуваньне вострае iх надзённасьцi, што сягае за межы асабiстых перажываньняў. Адышла ў нябыт эпоха («мирового социализма») — час паўстаньня нататак; краiна мая сiнявокая (хто мог толькi падумаць...) сiганула ў замежжа з уласнымi амбасадамi, прадстаўнiцтвамi; нараджаецца беларуская палiтыка — няхай пакуль вельмi неадназначная, супярэчлiвая ў сэнсе сваёй нацыянальна-дзяржаўнае адэкватнасьцi. I пытаньне беларускасьцi ў беларусе, служывым, як нiколi на часе. Ды й само паняцьце беларуса ў сёньняшнiм вымеры не падаецца мне адназначным. Адзнака ў так званай пятай графе (кажуць, ужо адмененая)? Прафэсiя (пiсьменьнiк, настаўнiк беларускае мовы...)? Грамадзянская, маральная пазыцыя (супрацiў асымiлятарству ў тваёй Бацькаўшчыне)? А можа iнакш: Беларус у табе — гэта крыж горычы й сьвятла. Пакуль нясеш яго — жывеш, будзеш жыць.

Аўтар

Масква, 1997

 

4 красавiка 1979.

«Решение на Вас состоялось. Надо выезжать срочно», — так сустрэлi ўчора ў ССОД’дзе*. I пачалося: новыя людзi, новыя iмёны, новыя праблемы, шмат ва ўсiм гэтым, на першае ўражаньне, мiтульгi, прапаганды i, здаецца, вельмi мала культуры, прадстаўляць якую й садзейнiчаць азнаямленьню зь якой паклiканы лёсам аблыселы заўчасна хлапец-дзяцюк зь беларускай вёскi Машчалiна. Мова пра культуру ня толькi, мо й ня гэтулькi Яўтушэнкi, Акуджавы, Магамаева, Пугачовай. Але таксама, для мяне ж мо перадусiм — культуры Дастаеўскага, Твардоўскага, Коласа, Рыльскага, Палiеўскага, Брыля... Тое ж i з навукай...

Слухалi-глядзелi з Соняй на ўчорашнiм канцэрце «польскай культуры» ў Крамлёўскiм Палацы. Клiмук, Гермашэўскi i... канцэрт Шапэна. Палiтык з польскага боку прыгадаў на ўрачыстым адкрыцьцi аб «вячыстай непарушнай пшыязьнi двух народув — польскi i СССР». Не з уласнай, зрэшты, вiны мылiцца ён адносна колькасьцi тых самых народаў-сяброў. Заснавальнiкi Люблiнскай вунii некалi таксама далей «двух народаў» ня рушылi, чым дужа заклапацiлi — i надоўга! — нашчадкаў.

Добра, не адной палiтыкай жывы чалавек, прынамсi на «Днях культуры». Культурай найперш, той культурай, што словамi паляка Бранеўскага (артыст Т.Ламнiцкi) удакладнiла — ды як пранiкнёна, шчыра, па-польску! — iмёны народаў i справу iх супольнай духоўнасьцi:

Подай мi длонь Бялорусь,

Подай мi длонь Украiно..

 

8 красавiка 1979.

(...)Да ўчарашняга спэктаклю ў тэатры «Вспулчэсны» (гастролi на сцэне маскоўскага МХАТу). А праймалi-такi маральныя пакуты салдата-малдаванiна (Iон Друцэ, «Сьвятая сьвятых»). Годам раней давялося гэтую ж пастаноўку ў купалаўцаў менскiх бачыць, — нi мовы (па што, бадай, i сiгануў быў з Масквы ў стольны Менск), нi дзеяньня, нi вiдовiшча. Пазяхаў менскi глядач i самаедзтваваў — за актораў i публiку — маскоўскi псых. I вось зусiм iншае дзейства на польска-габрэйскай (рэж. М.Энглерт, арт. Ян Эглерт, Р.Пэрыт) «вэрсii» драматычнай: плакаў, прасьвятляючыся, ачышчаючыся душою, глядач. Госьцi з Варшавы не сказаць каб «iгралi» п’есу — яны жылi iдэяй i дзейнiчалi, апантаныя, узьнёслыя, у iмя iдэi. Ну й форма: i драма, i камэдыя, i рамантычная акрыленасьць, i трошкi польскага пацешна-хлёсткага кабарэту, але нi кроплi эклектызму; скразная захапляючая дынамiка ў слове й вобразе. Трэба было ўбачыць, параўнаць i трошкi зажурыцца за беларускi тэатар.

 

 

9.04.1979 г.

Бягу ва Ўстанову, да новых сваiх працадаўцаў — «паказвацца», запасацца задачамi, абавязкамi, не без усьмешкi згадваючы учорашнюю засьцярогу аднаго з начальнiкаў: «Какой ужас... Вы же совершенно не ориентируетесь в специфике...» Нiчога, у нечым жа такi арыентуемся. Цi ня так, Васiлька, дружа мой?

Апоўначы. Наогул дзень, як i папярэднiя ў гэтай звычайнай гаспадарцы мiтусьлiвай, нiчым цiкавым ня ўцешыў, не ўсхваляваў. Ды й ЛIМ, як i папярэднiя, — сумны, нават самога клясыка Т. белыя вершы чамусь не кранаюць. Заглянуў у «Контекст-78», амаль «крамольны», кажуць, па ўсёй Маскве ў росшуках кнiгаманы й ня толькi яны. Пакуль асэнсаваць iдэю юлiянскага старажытнарускага календара, занатую простую рэплiку Мэрымэ:

«... Я ахвотна аддаў бы Фукiда за спраўдныя мэмуары Аспазii цi якога Пэрыклавага раба, бо толькi мэмуары, гэтая непасрэдная гутарка аўтара з чытачом, даюць нам той малюнак чалавека, якi цiкавiць i займае мяне».

Такiм чынам, чым бы я нi займаўся, памятаць пра непасрэднае, жывое...

 

 

11.04.1979.

«... тых, што пакiдаюць шляхi простыя, каб валачыцца шляхамi цемры...» Ад ранку да вечара калiдорамi, сходкамi, зь дзьвярэй у дзьверы. Слухаў, выслухоўваў. Можа, Фiхтэ («Сучасная эпоха») i дапамог прыстойна зьнесьцi нудныя настаўленьнi, павучаньнi. Горшае, аднак, наперадзе. I гэта разумею. Цi падрыхтаваны на горшае? Цi не «сарвуся», не закрычу, не залямантую? Калi б начасе ведаць тое, запаветнае: сьвяцiльнiк, што ў табе ды не патухне.

 

 

16.IV.79.

Варшава... Яшчэ не зусiм тая , што da siг lubiб. Заклапочаная, запрацаваная —iмчыць, сьпяшаецца на «Фiятах», «Старах», «Татрах», насустрач сонцу й вясьне. Той самай, амаль забытай, дзiўнай вясьнянцы з далёкага дзяцiнства. Бусьлiнае крыло над страхой, згледжанае ўчора ўжо на гэтым баку савецкае гранiцы. Бялун даўгадзюбы застыў над гняздом урачыста, ацярушаны смугою блакiтнаю, сонечнай. Пралязгатаў цягнiк — бусел не страпянуўся: прызвычаiўся, мабыць, да шумоў нязвыклых, надакучлiвых, а можа проста ўсьвядомiў сваю бусьлiную непадуладнасьць нашай зацывiлiзаванай таропкасьцi. Са мною ж, у валiзе, таксама харашыня «бусьлiная»: «Зямля пад белымi крыламi» Караткевiча...

 

 

17 красавiка 1979.

Пакрысе прадстаўнiк стаецца дыпляматам, хоць наўрад цi набудзе адпаведныя кандыцыi, нават «некар’ернага». Затое кнiгi ў Варшаве ўжо набываюцца, ды якiя. Дзеля вось такой вечаровай гадзiны варта было трывожыцца, пабойваючыся нечаканасьцяў, цэлы дзень. Дзе яшчэ паласкавела б вока, згледзеўшы нязвыклае выданьне: «Antologia poezii biaжoruskiej». I сэрца ўзварухнулася б ад нечага мiлага, пяшчотнага.

 

 

30 красавiка 79.

«Францiшак Скарына паходзiў зь Беларусi, але пачуваўся палякам» (Perspektywy, 1978, N 48) — ня больш, ня менш. Што ж, дачакаемся Сьцяпанавых (Александровiча) нататкаў аб беларускiм асьветнiку на адной з сусветных моваў ды пашлем — чаму б не? — пану Будкевiчу.

 

 

3 траўня 1979.

«Гаворыць Менск...» Так, сюды, у польскую сталiцу далятае радыёхвалямi голас мае Беларусi.

Хаця ня надта нашыя галасы слухаюць, а часам увогуле замоўчваюць. З пачуцьцём прыкрасьцi гартаў «Antalogie opowiadania radzieckiego». 40 аўтараў! Усiм знайшлося месца: i Зошчанку, i Аксёнаву, не забыты й мой знаёмы з далёкага Азэрбайджану Акрам Айлiсьлi (пэўне ж варты «польскай» пашаны). Вось толькi пра блiжэйшых суседзяў панове-«анталягiсты» забылiся. Няма нi Коласа, нi Брыля, нi Стральцова, ня кажучы пра маладзейшага векам ды сьпелага талентам Алеся Жука. На мапе «радзецкего» апавяданьня няма беларусаў, няма Беларусi. Нешта ж трэба рабiць. Ня жалiцца, але сказаць, не прынiжаючыся, пра Днi польскай лiтаратуры ў Беларусi.

 

 

6 траўня 1979.

Траўня — цёплага, тапалiнага — пакуль не чуваць. Змрочна, сiверна. Карчом цалюсенькi дзянёк (нядзелька) за сталом. Банальная справа, прымiтыўнейшы сюжэт, а наколькi мулка даецца, каб «скляпаць» яго па зададзеных мерках.

Падвечар — галава, што цэбар: пустая й цяжкая.

Дыбаў атулены цямрэчай цiхаю сьцяжыной парку Лазенкавага, намармытваючы радкi спольшчанага Багдановiча. Лягчэла глуздам, сьвяжэла ў галаве, спакайнела на душы. Хораша й смачна прагучваецца слова роднае ў польскiм перакладзе:

Ciemnieje brzeg zгbaty boru...

I oto rгka mimowolnie,

Zamiast uczonych pierskich wzorиw

Zaczyna tkaб baжwaty polne.

I нечакана неяк «Слуцкiя ткачыхi» зь лiрычных сутоняў паляка Тадэвуша Хрусьцялеўскага нiбы знову набываюць беларускую таемнасьць:

Смуга нябёс над сiнiм борам...

Рука дзяўчыны мiмаволi

Замест чужой зямлi ўзораў

Снуе блакiт льнянога поля.

Мабыць з такiм рэфрэнам пачнецца заўтра слова маё пра Беларусь перад «пiлотамi»-турыстамi. Прыдбаць яшчэ экзэмпляр «Анталёгii паэзii беларускай» ды падараваць Ежы В. — няпростаму сябру майму з палякаў — сыну польскага чыгуначнiка з Баранавiчаў, пакрыўджанага верасьнем 1939... Ды й Васiлю паслаць трэба — у падзяку за «Этымалягiчны слоўнiк», што цiхенька прытаiўся тут, на «варшаўскай» палiцы й чакае свае пары.

 

 

7 траўня 1979. Дакладней — ужо 8-га.

Поўнач тут цяжэй пераносiцца. Сьвiнцовая галава. Чародны ж дзень не лягчэйшым ад учарашняга будзе.

Аднак нешта ж зроблена — хаця б вось гэтыя 24 старонкi тэксту. Не «бесьсьмяроцьця» дзеля i ўсё ж сумленнага, прынамсi з iнтэнцыяў аўтара.

Калi ж зачэрпнуць з «Чаши мудрости», можна засынаць, хоць i не саўсiм спакойна:

«Не заплюшчвай вачэй, калi пацягне на сон, не разабраўшы ўсiх сваiх учынкаў за прамiнулы дзень», — Пiфагор.

 

 

8 траўня 1979.

У Доме савецкай навукi й культуры (ДСНК) слухаў Сяргея Бандарчука: «Знаете, я украинец и считаю эту работу (фiльм «Тарас Шаўчэнка») самой дорогой для себя. Был я тогда к тому же молод — 27 лет». I спасьцiглася, здаецца, таямнiца ягонае ўпэўненасьцi, недагаворанасьцi, сьцiпласьцi й культуры. I мне ўцешна за iншага чалавека, што вось так непасрэдна, выразна можа гаварыць пра сваю нацыянальнасьць. Якое госьць мой вячэрнi, зямляк, ня вельмi ахвочы трымацца. Хiба што «памiж намi», чаркуючы: «В нашей службе искренность, эмоции исключены. С тобой откровенен только потому, что ты из Белоруссии...»

Калi б ня быў я зь Беларусi... Каб беларусам я ня быў... Аднак жа адтуль я i iм ёсьць, — ёсьцяка, як звыклася гаварыць у маiм Машчалiне. Адсюль — дыханьне, сiла й ненапiсаная (недапiсаная?) мая аповесьць.

 

 

17 траўня 1979.

У цэнтральнай сядзiбе Таварыства польска-савецкай дружбы, на Крэдытовай — лiтаратурная iмпрэза. Гучэла й беларуская сылабатонiка, — Язэп Семяжон чытаў фрагмэнты свайго абеларушчанага «Пана Тадэвуша». Далiкатна, мiж iншым, прыгадаўшы i пра нашае права на «засьцянковага шляхцiца» пана Адама.

Наогул жа — напружана, мiтусьлiва. Сустрэчы, выставы, нарады, званкi ды пасьпешлiвыя сьпiчы-экспромты «W imeniu». Не бяз нутранага разладу, нейкае закамплексаванасьцi. Адчужанасьць, здаецца, з боку i «кар’ерных», i «некар’ерных». Трэба навучыцца маўчаць. — «Нi перад кiм не варушы...» Бо iнакш адсюль звычайным ходам выберасься. Пра тое ж i Аляксандар Трыфанавiч:

Не сунiмаць празь iншых дабрадзеяў

Уласных крыўд агорклую тугу. —

Жыць, як жывеш: цярпеньнем i надзеяй.

Ў аглоблi стаў — забудзь пра не магу.

Сьцяжынай жорсткай мераючы крокi,

Па шчырай праўдзе — iншае няма —

Лёс асабiсты гэтак узьнiмаць,

Па iм каб iншы ўсходзiў лёс высока

I боль свой востры нехта сунiмаў.

Санэту: да ўсяго, слова б тваё пачуць, дыханьне адчуць, Мучанiца мая, паратунак мой.

 

 

29 траўня 1979.

«Бо калi вы будзеце дароўваць людзям выступы iхныя...» Але — покi выбачаць другiм, сябе ўзяць бы за морду й анiкому анi слова лiшняга, запальчывага. Нi ў iмя «пшыязьнi», нi дзеля асабiстых боляў i пячаляў. Тыя, апошнiя, захлiстваюць. Навокал духоўная й душэўная блякада. Людзi — даруй iм Госпадзе — зарабляюць грошы й чыны, па меншай меры, не праймаюцца, здаецца, высакародзтвам, маральнай цнатлiвасьцю. Тут праблема «памiж» (прыслугоўваньнем i служэньнем) яшчэ вастрэй i безнадзейней.

Вечарамi — суцяшэньне ў «Цёркiне». Мог жа смаленскi хлопец-франтавiк азвацца ў iншай iпастасi, пэўна й адзываўся, з-пад Слуцку цi Iгумена:

Нiбы ў сьвята на гулянцы

Памасьнiцы ў хаце гне.

Жарты жменяй, хай iх пранцы,

Сыпануць не прамiне.

.....................

А гармонь гудзе набатам,

Мiлагучны сьпеў вядзе...

Людзкi вы народ, салдаты,

Пашукаць такiх людзей!

Урэшце, ня скрозь фэстывалямi, мiтынгамi «прадстаўнiцтву» майму прабаўляцца, ня скрозь «трыбуньнiчаць». Пэўне й да «Нарадовай» (біблiятэкi), усьцяж якой пакуль што прашмыгоўвае дыпляматычная «Волга», яшчэ збочыцца. I памаўчыцца.

Дак жа паспрабуй усьмiхнуцца ранiчцы новай i ўсьмешку лухце, хцiвасьцi наперакор, пранясi да вечара.

 

 

30 траўня 1979.

Урэшце i бiблiятэка — пры мне, хатняя. Першае знаёмства зь фiлязофiяй Трэнтоўскага. Фiлязофiя як «самапазнаньне праўды». Праўда ж у польскага мысьляра арганiчная, почвенная, а ў нечым — вельмi ж мая, беларуская: «Як няможна мець дзьвюх душ, так нельга мець дзьвюх айчынных моваў». Хоць сам фiлёзаф выспавядаў думкi духа свайго па-нямецку, сэрцам i розумам прыпаяны быў да мацеркi-Польшчы: «Ты, гаротнiца ўцiсканая, плачка-сiрацiна. Табе я быў бы нашмат карысьнейшы, чымся гэтай чужанiцы, абдараванай генiямi аж занадта. Толькi хто ж ёсьць гаспадаром свайго прызначэньня?»

 

 

31 траўня 1979.

Пра ўчарашняе. Быў аднак мой беларускi дзень: жыў Ёю, слухаючы, сумуючы, гаворачы. Хоць справы — тыя ж, мiтусьлiвыя — шыбавалi сваiм торам.

Да поўдня — на пленуме Галоўнага Праўленьня Таварыства польска-савецкай дружбы. Прамоўцы даводзiлi, як важна ўзмацняць яе, прыязьнь, i як яно ў кожнага робiцца. Ваявода зь Бела-Падляскi прыгадаў пра 60-годзьдзе БССР, супольнае з суседзямi-берасьцейцамi сьвяткаваньне юбiлею.

Пазьней залучылася да рэстарану паабедаць зь лiтоўскай дэлегацыяй. Нашчадкi Гедымiна, сьветлатварыя, годныя зь сябе людзi, неяк адразу пацяплелi, паласкавелi, заўважыўшы ў сваiм субяседнiку беларуса. — «У нас ведь с белорусами хорошая дружба. Да и Беларусь за последнее время шагнула далеко. Раньше из Минска — за покупками в Вильнюс, а теперь и наши зачастили в магазины к соседям...»

Магазiны... Калi б толькi па iх меркаваць аб узьлёце й заняпадзе майго народа. Нешта спрабаваў удакладнiць, маўляў, пабагацелi людзi, ад самазабыцьця ачуньваюць, годнасьць iхная нацыянальная ўзварушваецца.

Пра тое ж i на тэарэтычнай канфэрэнцыi дыпляматаў: няма iнтэрнацыяналiзму за межамi канкрэтнае нацыi, адданасьцi свайму народу. Я — рускi, я — лiтовец, я — беларус; я — савецкi чалавек. Адно без другога не iснуе. Нiчога, слухалi, хай сабе не без паблажлiвасьцi. Мо катораму мроiлася штось iншае, процiлеглае: загавары кожан паляк па-руску ды яшчэ катэгорыямi «морального кодекса строителя...», пазачыняй касьцёлы (пад музэi атэiзму й сьвiнарнiкi), абагуль сялянскiя гаспадаркi — вось вам i трыюмф, «конечная цель» савецка-польскага братэрства...

 

 

2 чэрвеня 1979.

На цiхай маёй вулачцы Явожыньскай — дзiцячы галасок у ранiшнi блакiт: «Papieо jeszcze nie przyjechaж?» Тварык у хлапчаняцi вясёлы, забаўны. Урэшце й Варшава — i каталiцкая, i марксiсцкая — коцiць чародкамi да Лазенкаўскай трасы. Сюдой вось-вось мае праехаць Сын народа, «прадстаўнiк» Богачалавека на зямлi, у нядаўнiм польскi кардынал Войцех Вайтыла. Пэўне горад над Вiслай праймуецца ня толькi Папам Рымскiм. Але наколькi хораша, аднадушна выказвае ён найпатаемнейшыя азнакi польскага патрыятызму. З расчыненых вокнаў другiх, трэцiх i вышэйшых паверхаў мiгцяць сьвечачкi аказiянальных, хатнiх алтараў. I тутака ж, уздоўж трасы, на полi Макатоўскiм загараюць варшавяне — з тых, для каго зямныя слабасьцi нагэтулькi ж натуральныя, як i найвышэйшыя, «нябесныя» парываньнi.

 

 

4 чэрвеня 1979.

Трэба нешта цёплае, узьнёслае пра Дзiцячую песьню польска-савецкую, пра беларускi танец i «Ручнiкi» ў Зялёнай Гуры, адкуль сёньня вярнуўся. Нявыспаны, стомлены. А на кватэры «Представителя» — новы госьць, новае знаёмства. Гэтым разам — блiжэйшае, цiкавейшае. Бо й тэма таго вартая: польска-беларускiя лiтаратурныя сувязi. I субяседнiк — прафэсар Базыль Бялаказовiч здаецца дастойным носьбiтам i слова, i справы; добрае спалучэньне iнтэлекту й практычнай дынамiкi.

Але — позна й вочы ацяжэлi.

Хоць дзёрзкi Адам Ганушкевiч — з тэлеэкрану — здатны ўзварушыць ня толькi зморанага. Папулярнага рэжысэра атакуюць (мэляманы) за эклектыку, непашанаваньне клясыкi й г.д. Ды той баронiцца-наступае ўпэўнена, блiскуча: «Чаго вы хочаце? Мы перажываем часы, калi ўсё мастацтва стаецца эклектычным. I папрок да мяне можна трактаваць камплiмэнтам».

 

 

14 чэрвеня 1979.

Празь пяць хвiлiнаў адыйдзе й гэты дзень. Быў ён харошы, працавiты й людзкi. Давяршыўся сустрэчай з Iванам Антонавiчам Брылём. Мудры, ненапышлiвы майстар слова, ён i ў размове — сонечны й просты. Закранулася й польскае «мэсiянства», i «ziemie zagarniгte», а найперш яснавокая Беларусь наша, якая, што б там нi было, нямець зусiм не зьбiраецца. Калi меркаваць хаця б па Брылёвых кнiгах, што чытаюцца сёньня й палякамi, i немцамi, i чэхамi, i баўгарамi... Днём раней на вечарыне ў ДСНК свае ўражаньнi ад фэстывалю савецкай песьнi (у Зялёнай Гуры) пiсьменьнiк падагулiў цёплаю сьмяшынкай-iскрынкай: «Песьнi — песьнямi, пагода — пагодай, але работа — работай». Вось табе i парада, i засьцярога.

 

 

17 чэрвеня 1979.

У лесе Яноўскiм, блiжэй да польска-савецкай мяжы, зьбiраюцца вэтэраны-партызаны, сярод iх i некалькi пасiвелых дзядзькоў, што ўратавалiся падчас трагiчнага прарыву блякаднага ўлетку 1944. На Парытовым пагурку пад мэмарыяльнаю плiтой супачывае прах i беларуса Бабiча (можа, з маiх, суседнiх ад Машчалiна Лядоў?), абок грузiна Мамерашвiлi, сярод Ивановых, Довыденковых...

Да Варшавы з дарогi далёкай, з жытоў налiўных прыдарожных «прыбеглi» чародкай блакiтнай валошкi. Сярод iхнае цiхай сiнечы тры пушыстыя галоўкi чырвонай канюшыны.

Пра беларуса Галубовiча — аднаго з ацалелых прарыўнiкоў — заўтра.

 

 

18 чэрвеня 1979.

Гiсторыя яшчэ аднаго «маскоўскага беларуса» ў некалькiх словах такая:

— Я ведь тоже белорус. Но пишусь русским. Отец почему-то так записал. Ему, видимо, всё равно было. Да и сам я в деревне своей (на Аршаншчыне) только один раз бывал — в раннем детстве, с отцом. Но вот каждый раз проезжая Московским шоссе защемит почему-то в душе на подъезде к тому указателю. Что-то в этом есть... Вот дочка моя — ничего ведь не знала, а как-то спрашивает: «Папа, а почему ты белорусом не записался?» Я ей говорю: «Вот вырастешь, можешь себя белоруской записать». Знаете, она у меня упрямая — сделает, как задумала.

Вечарам — званок тэлефонны пана прафэсара: «Ну як, цi чытаецца, пане радцо?» Сапраўды, кнiгi дорацца, каб чыталi. Тым больш, калi ў гэтым чытаньнi тваё суцяшэньне. Як суцяшаўся, мабыць, у свой час Аляксандар Ельскi над старонкамi Мiцкевiчавай эпапэi паэтычнай: «Чытаючы «Пана Тадэвуша», дарагiя беларусы, палюбiце ўсiм сэрцам сваю родную, занядбаную, сьвятую беларускую мову, якая спрадвеку ня толькi была вашай у сёлах, але яе ўжывалi самыя даўнейшыя манархi краю й iх вяльможы»...

 

Цалкам «Недыпляматычныя нататкi» Аляксея Каўкi будуць надрукаваныя ў альманаху «Шуфляда».

 

* ССОД — «Союз советских обществ дружбы и культурных связей с заграницей». Аўтару давялося працаваць прадстаўнiком гэтае арганiзацыi i адначасова радцам пасольства СССР у Польшчы ў 1979-1982 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0