Патрыётаў — пад суд, калябарантам — пасады

 

Як нi выкручвайся, але ў жыцьцi сапраўды ёсьць месца подзьвiгу. Ёсьць месцы на покуцi — для герояў. I месцы на «вакзале» — для духоўных бесхацiмцаў.

Ты хочаш пражыць высока, годна, па-людзку — ты так i пражывеш.

Ён думае пражыць абы цiха, каб «мая хата з краю», iдучы шляхам найменшага супрацiву, прагнучы кар’ернага посьпеху любой цаной, пераступаючы праз натуральныя запаветы продкаў, дадзеныя ў традыцыях, — калi ён так думае пражыць, то пражыве. Потым надыйдзе час расплаты. Ды яшчэ раней роднае дзiця спытае: «Тата, што ты рабiў, калi акупанты кiдалi за краты нашых юных герояў?» Тата рабiў кар’еру...

На момант, калi 18 лютага 1998 году аб 11 гадзiне 25 хвiлiне ў сталiцы Беларусi пачаўся суд над маладымi беларускiмi патрыётамi Вадзiмам Лабковiчам i Аляксеем Шыдлоўскiм, былы дырэктар 95-й менскай сярэдняй школы Юры Эдуардавiч Канзас ёрзаў ужо ў крэсьле загадчыка аддзела адукацыi Цэнтральнага раёну.

Пра гэтага «героя» беларускай сучаснасьцi я згадаў у артыкуле «Стаяньне супраць рэжыму» («НН», №31 за 20.10.1997) як пра «душапрыказчыка» Вадзiка Лабковiча, якога ён гразiўся выключыць са школы. Не спадабалiся Канзасу i журналiсцкiя характарыстыкi ў свой адрас. Ужо на другi дзень «пэдагог» пагражаў аўтару артыкула судом, на што апошнi адказаў: паспрабуй. Эдуардавiч ня стаў спрабаваць. I вось цяпер нечаканая сатысфакцыя — падвышэньне па службе. Рэжым заўважыў новага прыхiльнiка, пасьпяшаўся падабраць, даў адказную пасаду. Пераўтварэньне ў калябаранта адбылося.

Па тэлефоне 234-10-21 я спытаўся ў новапасаджанага, якiм чынам гэта яму ўдалося. Юры Эдуардавiч быў выключна сьцiплы i адказаў, што, маўляў, так атрымалася: былы загадчык пайшоў, а я на яго месца.

Атрымалася, дык атрымалася, чаго толькi не здараецца ў жыцьцi. Дарэчы, а што былы Вадзiмаў настаўнiк можа сказаць наконт суда над хлопцамi? Як з пункту гледжаньня школьнага пэдагога можна расцанiць дзеяньнi мiлiцыi ў дачыненьнi да грамадзянаў, якiя прыйшлi на аб’яўлены адкрытым суд, а трапiлi пад амонаўскiя дубiнкi? — задаю я пытаньнi. Але новы загадчык не бярэцца камэнтаваць дзеяньнi суда i мiлiцыi. Зрэшты, iншага i нельга было чакаць. Тым ня менш, ён не сьпяшаецца класьцi трубку. Пажадаўшы Вадзiму Лабковiчу больш у турму не трапляць, ён спрабуе ўцягнуць мяне ў дыспут. Ён па-ранейшаму думае, што нельга расьпiсваць помнiкi, што непаўналетняга Вадзiма «толкают» у палiтыку дарослыя, што школьнiкi ня могуць рабiць самастойны ўсьвядомлены выбар... Апошняе з вуснаў гiсторыка гучыць асаблiва цынiчна. I ён гэта ведае, але шукае, што называецца, дурных. Даўно вядомы тып паводзiнаў «пана з мужыкоў», пра якiх беларускi фальклёр надзвычай трапна папярэджвае: ня дай Бог сьвiньнi рогi, а мужыку панства.

На ўсе гэтыя «хiтрыкi», прыстаўляньнi, перакульваньнi ў скуру «законьнiка», грамадзянiна, якi дзейнiчае толькi «законна» i «клапоцiцца» пра лёсы маладога пакаленьня, былому дырэктару Канзасу адказалi яго калегi i дзясяткi вучняў 95-й СШ, адказалi тым, што прыйшлi падтрымаць свайго вучня й аднаклясьнiка Лабковiча на судзе.

18 лютага да абеду ўдалося трапiць у залю судовых паседжаньняў i мне. Вокны былi закрытыя, не хапала кiслароду, але людзi мужна трывалi духату й цеснату. А вось амонаўскi сабака ня вытрываў i дзесяцi хвiлiнаў — часта й гучна пачаў хакаць ды пускаць сьлiну. Яго вывелi.

Судзьдзя зачытаў абвiнаваўчае заключэньне, пачаў задаваць пытаньнi, пагарджаючы як людзьмi ў залi, гэтак i падсуднымi. Але як нi цiснулi на псыхiку падсудных судзьдзя, пракурор ды засядальнiкi-«кiвайлы», юнакi трымалiся годна. Вадзiм сядзеў да мяне ў профiль: чысты, прасьветлены, далiкатны. Шыдлоўскi выглядаў, бадай, гэтаксама. Я думаў, колькi iм яшчэ трэба перажыць, каб высьпелiць у душы сапраўдную нянавiсьць да прадажных «шасьцёрак», вертухаяў, зашмальцаваных пракурорчыкаў ды iншай нечысьцi, якая сёньня вывернула на ўрадлiвыя пласты глебы пусты, але такi цяжкi падзол дзiкунства. Шмат перажывуць, пераадолеюць хлопцы — i застануцца паважанымi людзьмi, i будуць iх слухаць нават старэйшыя, i меншыя будуць браць прыклад.

Што ж да лёсу Юрыя Эдуардавiча, майго аднагодка, то, трэба думаць, ягоная кар’ера будзе доўжыцца роўна столькi, колькi пратрымаецца ў нас акупацыйны рэжым. Не выключаю, што могуць быць i iншыя варыянты.

Славамiр Адамовiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0