БЕЛАЯ КНIГА МОВЫ

Дзень без чужога слова. Працяг будзе

 

2 лiстапада мы абвясьцiлi ў Беларусi Дзень без чужога слова. Якiя вынiкi нашанiўскае iнiцыятывы? Пра гэта пыталiся ў нас калегi зь iншых выданьняў i проста сябры.

Вынiкi аднолькава суцяшаюць i засмучаюць. Па ўсёй краiне ў розных месцах чуваць пра прыклады стаiцызму асобных людзей. У Полацку ў фiрме кампутарных паслугаў чалавек запатрабаваў, каб дакумэнты яму надрукавалi па-беларуску. У Смаргонi заўзятары ледзь не да iстэрыкi давялi прадавачку з газэтнага шапiку, пытаючыся пра «Нашу Нiву». «Ды што там такое ў вашай «Нiве», — абуралася маладая кабета, — была адна, я прадала». На Гомсельмашы з-за мовы чалавек рызыкуе быць звольненым з працы... Мы чакаем, калi рэдакцыйная пошта прынясе нам яшчэ шмат зьвестак пра чалавечыя ўчынкi, якiя сёньня найчасьцей выглядаюць як подзьвiг. Што нi кажыце, а гаварыць па-беларуску сёньня — гэта адкрыта супрацьстаяць акупацыi, прычым найперш — акупацыi ў сабе. Усе разам мы мусiм фiксаваць такiя факты i скласьцi зь iх сваю моўную Белую Кнiгу.

Засмучае тое, што ў большасьцi дэкляраваных патрыятычных суполак, арганiзацыяў, рэдакцыяў да нашае прапановы паставiлiся скептычна альбо дзеля ўласнае «зручнасьцi» —прапусьцiлi мiма вушэй. Гэта не растлумачыш iнакш, як плёнам лукашэнкавае палiтыкi, скiраванае на дэмаралiзацыю беларускiх суполак. Памятаеце ягонае — «а мяне задавальняе такая апазыцыя»?

Аднак варта паўратыць, што вынiкi Дня Мовы суцяшаюць i засмучаюць аднолькава. Гэта значыць, што абраны ня той крытэрый. Мы ня можам гаварыць пра статыстычнае вымярэньне, калi справа тычыцца iнтымнага выбару чалавека. Прапанаваўшы фактычны моўны пост, мы ня можам анi змушаць людзей гаварыць па-беларуску, анi выпытваць у iх — цi ж вытрывалi яны гэты Дзень без чужога слова. Таксама як у вернiка мы ня можам пытацца, цi трымаў ён Велiкодны пост? Дакладна як вернiк у сваiх учынках мае дачыненьне з Богам ва ўласнай душы, так i беларус адказвае перад Бацькаўшчынай ва ўласнай душы. Iншая рэч, калi ягоныя пераканьнi сутыкаюцца з асяродзьдзем: варожым або прыхiльным. Тады ўжо гэта тычыцца нас усiх разам i мы мусiм гаварыць пра гэта ў газэце.

Нагадваем, што Дзень Мовы або Дзень без чужога слова або Моўны пост мы праводзiм у другi дзень кожнага месяца. I абавязкова чакаем вашых допiсаў з назiраньнямi ў такi дзень — хто й як яго правёў. Наступны Дзень — 2 сьнежня.

Рэдакцыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0