апытаньне «НН»

Усе, хто змагаецца за Беларусь

 

Як цяперашняя вучнёўская моладзь ацэньвае стан беларускага грамадзтва і каго прызнае за нацыянальную эліту? Такое пытаньне карэспандэнт «Нашай Нівы» задаў маладым беларусам.

 

Ірына Віданава, галоўны рэдактар часопіса “Студэнцкая думка”:

— Гэта група грамадзтва, што бярэ на сябе адказнасьць (часам падсьведама) за лёс нацыі. У Беларусі ёсьць нацыянальная эліта. Гэта частка інтэлігенцыі, гэтых людзей шмат, але яны ня моцныя ў пэўных сфэрах і ў штодзённым жыцьці сябе не выяўляюць.

 

Тацяна Папова, студэнтка журфаку БДУ:

— Гэта людзі, якія ёсьць носьбітамі нацыянальных вартасьцяў і традыцыяў, а найперш навукоўцы й разумныя людзі наагул. І гэта не абавязкова гуманітарыі, але галоўнае, што гэтыя людзі жывуць дзеля свае краіны. У Беларусі ўсяго 10% нацыяналістаў і гэта надта мала, але гэта эліта.

 

Наталя Васілевіч, студэнтка юрфаку БДУ:

— Гэта энэргічныя субпасіянарныя рэпрэзэнтанты народу, якія бароняць нацыянальныя вартасьці й займаюцца стварэньнем культурнага пласту нацыянальнае сьведамасьці. Беларуская кіраўнічая эліта насамрэч ня ёсьць нацыянальнаю, праўдзівыя ж носьбіты элітарнасьці знаходзяцца ў стане контраэліты, але менавіта яны бяруць актыўны ўдзел у фармаваньні нацыі.

 

Вадзім Лабковіч, былы палітвязень, цяпер студэнт Інстытуту сучасных ведаў:

— Зыходзячы з панятку “нацыя”, гэта людзі, якія маюць высокі адукацыйны ровень і прысьвячаюць сваё жыцьцё паслугаваньню нацыі ды ставяць яе перадусім у сваім жыцьці. Калі гаварыць пра беларускую нацыянальную эліту, дык трэба браць пад увагу, ці ёсьць беларуская нацыя? Калі мы даем станоўчы адказ на гэтае пытаньне, дык ёсьць і беларуская эліта. Але яна падзеленая й не згуртаваная.

 

Алесь Мікус, рэдактар друкаванкі “Слова Нацыі”:

— Гэта пласт нацыі, што грунтуецца на нацыянальных інтарэсах. Сапраўдная эліта знаходзіцца ў аніякім разе ня ў месьце, але ў вёсцы, бо менавіта вёска захавала свой адвечны тысячагадовы лад і сьветагляд. Будучая эліта мае выйсьці ня проста зь вёскі, але ўва ўсім грунтавацца на вясковым сьветаглядзе.

 

Югася Каляда, назвалася “юнай інтэлектуалкай і маргінальным элемэнтам”:

— Нацыянальная эліта — гэта тыя людзі, якія папросту прачыталі нашмат больш кніжак за сярэднестатыстычнага чалавека й асэнсавалі іх з пазыцыі свае нацыі. Беларуская эліта глядзіць на НТВ “Кино не для всех” і шкадуе, што гэткага не здымаюць у “Беларусьфільме”.

 

Наталя Водзіч, навучэнка Беларускага ліцэю:

— Гэта тыя людзі, якія ў складаныя часы гатовыя ахвяраваць усім дзеля выратаваньня й захаваньня нацыянальнай ідэі, мовы й культуры. У Беларусі нацыянальная эліта ёсьць, але пакуль гэтых людзей вельмі мала, марудна яны “памнажаюцца”, бо няма адпаведнага выхаваньня ў школах. Я кепска знаёмая з мэтамі й плянамі Вінцука Вячоркі, але наагул для мяне эліту ўвасабляе ён.

 

Макс Кашынскі, прадставіўся як “дэструктар моладзевых аб’яднаньняў”:

— Цяпер яе як такой няма.

 

Юрась Лук’янаў, супрацоўнік «Супольнасьці»:

— У Беларусі эліта толькі фармуецца, яна пачала паўставаць трохі раней за набыцьцё незалежнасьці разам зь зьяўленьнем панятку “думаць Беларусь”.

 

Кася Бохан, студэнтка Політэхнічнай акадэміі:

— Гэта нешта неакрэсьленае. Тут згадваецца напаўпоказка. У вёсцы запытваюцца: “У вас у Менску ўсе па-беларуску размаўляюць?” Адказ: “У нас па-расейску размаўляць кожны бомж умее, а па-беларуску — нацыянальная эліта”. Да нацыянальнай эліты я далучыла б Вінцука Вячорку, Касю Камоцкую й Васіля Быкава — імёны, што адразу прыходзяць у галаву.

 

Сьвятлана Судноўская, студэнтка Эканамічнага ўнівэрсытэту:

— Гэта частка грамадзтва, што можа годна рэпрэзэнтаваць нацыю ў сьвеце. Яна ёсьць у нас, бо ёсьць самое беларускае грамадзтва. У Беларусі на статус эліты можа прэтэндаваць рэдакцыя часопіса “Arche”, або, напрыклад, Сакрат Яновіч, або, з палітыкаў — Вінцук Вячорка. Таксама Ўладзімер Арлоў і Алег Трусаў. Вось такога кшталту людзі.

 

Ірына Екадумава, маскоўская магістрантка зь Менску:

— Эліта ўяўляецца мне тымі прадстаўнікамі грамадзтва, што валодаюць аўтарытэтам, дастатковым, каб уважаць іх за выразьнікаў поглядаў нацыі.

 

Дар’я Раткевіч, студэнтка Эканамічнага ўнівэрсытэту:

— Гэта найперш дзейсныя людзі, якія ўвасабляюць найбольш уласьцівыя рысы свае нацыі. Беларуская эліта мае будучыню, бо ў нашых умовах гэты панятак пашыраецца на ўсіх, хто змагаецца за Беларусь.

Апытваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0