SMASH па-беларуску або Мірная перамога

 

Год назад у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку прыехалі памахаць ракеткамі беларускія тэнісісты. Ну, ціпа, Кубак Дэвіса. За выхад у эліту! Перамагаць ехалі. Але Ўэйн Фэрэйра ды кампанія паставілі беларусаў на месца, выйграўшы матч 4:1. На цэлы год нашыя вялікія майстры яшчэ большай ракеткі забыліся на гэтыя супэрпрэстыжныя камандныя спаборніцтвы.

Але мінула восень, за ёй зіма, ды наступіла вясна. Імкліва набліжаўся час другой спробы залезьці ў Сусьветную лігу Кубку Дэвіса, дзе гуляюць супэргранды нашай плянэты. Дзеля гэтага беларусам трэба было перагуляць дома ПАРцаў ды пасьля прайсьці праз кваліфікацыйную групу. Адным словам, настала пара браць рэванш ды крочыць наперад. За колькі дзён перад матчам прайшла прыемная навіна, што ў Менск не прыедзе лідэр каманды Ўэйн Фэрэйра, які мякка паслаў сваю зборную, спаслаўшыся на сямейныя абставіны. Гэткім чынам, мы атрымалі суперніка, якому маглі закалаціць «эйсаў» ды «смэшаў» роўна столькі, колькі патрабавалася дзеля перамогі...

...Жорстка абламаліся сотні паспалітых аматараў тэнісу, якія думалі пабачыць жыўцом матч Кубку Дэвіса паміж беларускай зборнай ды камандай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. «Ашалелі, прыдуркі...» — круцілася ў галаве ў студэнтаў, якія, каб трапіць у Палац тэнісу, мусілі выкласьці амаль цэлую стыпэндыю — 5 тысячаў рублёў! Калі зыходзіць з цэнаў на квіты, дык атрымліваецца, што тэніс у 5(?!) разоў больш папулярны за футбол ці, скажам, баскетбол. Праўда, ашалелі.

Зрэшты, невялікая трыбуна на тэнісе была запоўненая, сярод гледачоў можна было нават убачыць «глаўнага спартоўца краіны» ды фанатаў-мурынаў, якія прыехалі падтрымаць сваю каманду. Падтрымаць, каб ня грымнулася вельмі моцна долу пасьля гульняў з крутымі беларускімі тэнісістамі Максам Мірным ды Вовам Ваўчковым. У адсутнасьці свайго лідэра Фэрэйры ПАРцы выглядалі на менскім корце хлопчыкамі для біцьця. Выключэньнем сталася толькі парная сустрэча, у якой беларускія трэнэры далі адпачыць Мірнаму з Ваўчковым, выпусьціўшы Самасейку ды Швеца. Афрыканцы забілі гол прэстыжу, але ў нядзельным матчы беларус Мірны смачнымі smashамі аформіў «свайго» госьця, ды апошняя сустрэча стала ўжо фармальнасьцю...

Макс Мірны ды кампанія крочаць далей, а іх нядаўнія апанэнты шуруюць дадому. Трэніравацца...

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0