Як аднавіць страчаны статак?

 

На пытаньні «Нашае Нівы» адказвае ўласны карэспандэнт газэты «Крестьянские ведомости» па Беларусі й Літве, Анатоль Гуляеў.

 

«НН»: Ці сапраўды ў краіне скарачаецца колькасьць быдла, якое папросту мрэ з галадухі?..

А. Г.: Зьмяншэньне пагалоўя відавочнае. Большасьць гаспадарак, напрыклад, Віцебскай вобласьці нарыхтавала кармоў менш за палову ад патрэбнага аб’ёму. Вось і рабіце высновы.

 

«НН»: Няўжо кіраўніцтва гэтага не прадбачыла?

А. Г.: Натуральна, пра гэта ведалі кіраўнікі гаспадарак. На той жа Віцебшчыне ўзімку касілі чарот на лёдзе, каб хоць нечым набіць трыбухі каровам. Рэч у тым, што каб забіць жывёлу, трэба складаць дзясяткі актаў і прасіць дазволу асабіста ў старшыні райвыканкаму. Каб жывёліне не пакутаваць з галадухі і пайсьці пад нож, патрэбна рашэньне ледзь ня самае высокае інстанцыі. Тым ня менш, быдла па калгасах рэзалі, каб хаця не прападала мяса. Яшчэ я чуў, што, не дамогшыся дазволу на забой, кароваў выганялі ў лес, на выжываньне — альбо яны там выжывуць, пажаваўшы ельніку, альбо самі памруць. Сёньня ўжо шмат дзе заўчасна выганяюць кароваў на выганы, каб яны маглі паскубці першую кволую траву з-пад сьнегу. Гэткае становішча было ўжо ў 1979 годзе. Хоць тады й кармоў было болей, аднак, каб аднавіць колішняе пагалоўе, спатрэбіліся тры гады. Тады... Тады было ўдосталь паліва, амаль бясплатная энэргія, цэнтралізаванае разьмеркаваньне сродкаў з Масквы. Колькі гадоў спатрэбіцца на аднаўленьне статкаў цяпер — цяжка прадбачыць.

 

«НН»: Ад чаго гэта залежыць?

А. Г.: Колькасьць пагалоўя залежыць ад колькасьці збожжа. Бо ня сена з саломаю, а адмысловыя камбікармы з дабаўкамі складаюць аснову стойлавага ўтрыманьня жывёлы ў вялікіх вытворчых гаспадарках. А камбікармы складаюцца найперш са збажыны. У 1997 годзе ў Беларусі было сабрана 6, 8 млн. тонаў збажыны, пры патрэбе 10 млн. тонаў. У разьліках статыстыка сыходзіць з таго, што дзеля самазабесьпячэньня краіне патрэбна сама меней тона на чалавека. Лічыце, калі ў Беларусі жыве 10,5 млн. народу... У 1998-м сабрана ўжо толькі 4,6 млн. тонаў збожжа. У 1999 — 3,4 млн. Адчуйце дынаміку. У 1985-м годзе толькі на корм жывёлы пайшло 6,5 млн. тонаў збажыны. Цяпер мы штогод зьбіраем усё менш збожжа, усё менш і менш застаецца на кармы. Сёньня на прылаўках гарадоў удосталь мяса. Гэтае паямо, а там...

 

«НН»: Што трэба найперш, каб аднавіць пагалоўе?

А. Г.: Каб аднавіць колішняе пагалоўе, спатрэбіцца аднавіць найперш колішнія ўраджаі збожжавых культураў. На тое ж, каб закупіць дэфіцытныя ў Беларусі фосфарныя ўгнаеньні (у нас хапае толькі калійных і больш-менш азотных, а трэба яшчэ й фосфарныя), патрэбныя вялікія сродкі. Напрыклад, толькі Літве, толькі за тыя фосфарныя ўгнаеньні, Беларусь ужо запазычылася 70 млн. даляраў! А за энэргарэсурсы той самай Літве — яшчэ 80 млн., а Расеі — 1,5 млрд. і г.д. За закупленыя летась толькі сродкі абароны расьлінаў мы 70 млн. даляраў яшчэ вінаватыя. Дадайце сюды брак паліва й запчастак і ўявіце сабе пэрспэктыву. Сёньня ў прадпрыемстваў адбіраюцца задарма больш-менш валюталіквідныя тавары й імі расплочваюцца за даўгі. Лічыцца, што гэтыя грошы калі-небудзь будуць вернутыя. Але, па-першае, нікому нічога не вярнулі за летась. А па-другое, калі што й вярталася, дык без уліку 100—140 працэнтаў гадавое інфляцыі. У гэтым заганным коле круціцца ўся нацыя, а ня толькі вяскоўцы. А грошай усё адно няма...

 

«НН»: А колькі б часу пайшло на ўзнаўленьне статкаў пры нармальных умовах?

А. Г.: Для рэпрадукцыі буйной рагатай жывёлы трэба тры гады: год росту цёлачкі, год яе малочнае прадукцыйнасьці ды яшчэ год для нарошчваньня таварнае вагі мяса. І гэта пры нармальных умовах. Але, як мне казаў былы міністар Васіль Лявонаў, які цяпер у турме, і сёлета ўраджай будзе ня большым, як летась. Няма рэсурсаў. 13 цэнтнэраў з гэктару можна атрымаць проста ад пустое глебы. Дарэчы, летась ураджайнасьць была 14 цэнтнэраў. Дык вось, толькі затраты на ўборку будуць большыя, чым нам дасьць гэткі вось «ураджай». Бо пры ўраджайнасьці ў 20 цэнтнэраў можна выйсьці на 0, без прыбытку, але й бяз стратаў. А сельская наша гаспадарка сама пракарміць сябе ня зможа. Дарэчы, і рынак Расеі для нас звужаецца, бо там закупляюць мяса з Эўропы, якое значна таньнейшае за нашае. Бо, напрыклад, урад Даніі прадае мяса на экспарт амаль у два разы таньней, чым закупляе яго ў сваіх вяскоўцаў, каб падтрымаць сваю гаспадарку й павялічыць канкурэнцыйнасьць дацкае прадукцыі. Адкуль у цяперашняй Беларусі могуць быць гэткія сродкі?

 

«НН»: Дзе ж выйсьце?

А. Г.: Выйсьце ў рэформах. Напрыклад, у акцыянаваньні буйных гаспадарак, кшталтам, як у гаспадарцы Васіля Старавойтава. У зьмене наогул поглядаў на патрэбы й ролю нашае вясковае гаспадаркі. Ці варта марнаваць нішчымныя сродкі на падтрымку таго, што ўжо нічога ня дасьць? Паводле зьвестак Мінсельгасхарчу, на Віцебшчыне ўжо 80 працэнтаў гаспадарак стратныя. Аднак жа і на апошняй нарадзе, у мінулую пятніцу, галава цяперашняга рэжыму пацьвердзіў, што ягоны курс слушны, мяняць нічога ніхто ня будзе. Яму бачыцца выйсьце ў аднаўленьні пяцігодак. Маўляў, плян да 2005 году мусіць быць складзены. Але нашае быдла да таго году не дажыве...

Гутарыў Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0