ПТВ беларушчыны

Беларускае адраджэньне пачатку 90-х выявілася багатым на праекты й парываньні, аб’яднаныя памкненьнем узяць рэванш за мінулыя паразы, выхапіць у стагодзьдзя апошнюю магчымасьць рэалізацыі ўсяго няспраўджанага. Менавіта таму на 2000 і 2001 гады прыпадае столькі настальгічных дзесяцігадовых юбілеяў — дзяржаўнасьці, вяртаньня сымболікі, Закону аб мовах. Сярод іншых падставовых падзеяў таго часу была спроба стварэньня сыстэмы нацыянальнай адукацыі. Яна распачалася заснаваньнем Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, што, пасьля доўгага блуканьня па пакутах, трансфармаваўся ў Беларускі дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які мусіў быць прыступкай зь беларускай школы ў беларускі ўнівэрсытэт. Аднак апошнія, калі й існуюць сёньня, дык толькі ў нашых мроях... Праблемы нацыянальнай адукацыі — у гутарцы з намесьнікам дырэктара ліцэю па навучальнай частцы сп.Лявонам Баршчэўскім.

 

...Ствараючы ліцэй, мы намагаліся зрабіць яго ня толькі беларускамоўным, але і, у першую чаргу, несавецкім. Я бачыў беларускія гімназіі ў Барысаве, Маладэчне. Там нават пэднарады па-беларуску праходзяць, аднак невынішчальны дух савецкасьці адчуваецца вельмі моцна. Таму многія беларускамоўныя школы і існуюць толькі на паперы. Ня могуць савецкія дырэктары і настаўнікі раптам зрабіцца беларусамі. Гуманітарны ліцэй унікальны ў гэтым пляне. Другая нашая ўнікальнасьць: 60% выкладчыкаў — мужчыны. У іншых навучальных установах — за выняткам хіба што прафтэхвучэльняў — такога прэцэдэнту няма.

— Якіх бацькоў дзеці вучацца ў Гуманітарным ліцэі?

— Збольшага дзеці тэхнічнай інтэлігенцыі. У Савецкім Саюзе яна была на найвышэйшым узроўні — пэрспэктывы, ведаеце, ВПК... І многія, хоць у душы і былі гуманітарамі, як Шушкевіч, але вучыліся на фізыкаў. І таму яны найбольш актыўна нам пастаўлялі і пастаўляюць сваіх дзяцей на вучобу. Ёсьць, натуральна, гуманітарная інтэлігенцыя, дзеці рабочых і сялянаў — і даволі многа. (Увогуле, у нас з па-за Менску вучацца больш за 20 дзяцей — у межах, куды даходзяць электрычкі, бо інтэрнату свайго ня маем). Ну і дзеці дзяржаўных чыноўнікаў — супрацоўнікаў палаты прадстаўнікоў, Канстытуцыйнага суду. Вось сын сп.Марыскіна, напрыклад, сёлета пасьпяхова скончыў ліцэй. А была б іншая палітычная абстаноўка — дык усе яны пааддавалі б свае дзеці да нас.

— Многія ліцэісты ў сем’ях размаўляюць па-расейску. Ці адчуваецца ад гэтага ў ліцэі нейкі псыхалягічны дыскамфорт?

— Нельга сказаць, што ў нас расейскамоўных вучняў зараз зрабілася болей, чым было на пачатку 90-х. Прыкладна тая самая колькасьць дзяцей карыстаецца расейскай мовай — калі выкладчыкі ня чуюць. Прынамсі, пры мне яны імкнуцца гаварыць па-беларуску. Ніякі дзіцячы садок, ніякая школа і ніякі ліцэй ня зробіць чалавека беларусам — сьвядомым, беларускамоўным, калі няма адной з двух умоваў: або ў яго сям’я беларускамоўная, або ён робіць нейкі сьвядомы выбар, мае моцную волю, характар, стрыжань і можа ісьці насуперак сваёй сям’і. На жаль, тэстаў на сілу волі мы не праводзім, але сыстэму прыёму ўвесь час удасканальваем і думаем, як бы меней «саўка» трапіла. Але трапляюць і такія. Даволі істотная праслойка. Мы хочам шырока сказаць пра нас і пра беларускамоўную адукацыю — давесьці, што па-беларуску можна атрымліваць нармальныя веды і быць наперадзе.

— Што, па-вашаму, мае большае значэньне — беларускамоўнасьць або ўласна беларускасьць? Як Вы ставіцеся да расейскамоўных нацыянальна сьвядомых беларусаў?

— Я разглядаю іх моўную пазыцыю як пераходны этап. Калі яны ўсьведамляюць сябе беларусамі, патрыётамі, яны непазьбежна рана ці позна вывучаць мову і будуць ёй карыстацца — няхай не ва ўсіх, але, прынамсі, у многіх жыцьцёвых сытуацыях. Можа я скажу крамолу, але калі на краме будзе напісана з памылкай «Овашчы» — гэта будзе лепей, чым калі гэта будзе па-расейску. І калі ёсьць трасянка — няхай будзе трасянка, галоўнае, каб чалавек усьведамляў сябе беларусам, а пытаньні культуры мовы — яны складаныя, стагодзьдзямі ўмацоўваюцца. Перш за ўсё — самаідэнтыфікацыя, а астатняе прыкладзецца, у тым ліку й цікавасьць да мовы.

— А з чым сябе ідэнтыфікаваць? Напрыклад, ва Ўкраіне зараз на дзяржаўным узроўні падтрымліваецца этнаграфічна-побытавы варыянт патрыятызму.

— Наш ліцэй адразу ствараўся як эўрапейская, несавецкая, беларуская ўстанова, і за ўзор браліся францускія пляны й праграмы, дастасаваныя да нашай рэальнай сытуацыі. І ў нас тут калаўротаў, веялак, куткоў этнаграфічных няма. Я не выключаю, што ў якой-небудзь Вялейцы на гэтай аснове яшчэ можна нешта збудаваць, але ў цэнтры Менску — гэта небясьпечны шлях. Дзеці гарадзкія прыходзяць, яны кампутарам валодаюць, Інтэрнэтам... Канечне, ёсьць дысцыпліна адмысловая, мы там тлумачым, якая прылада для чаго прызначалася, паказваем малюнкі — проста каб дзеці ведалі. Але арыентуемся мы на іншае — на ўзровень нармальнага элітнага эўрапейскага ліцэю.

— Як Вы ставіцеся да ідэі стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту?

— Ідэя пэрспэктыўная, аднак патрабуе базавай адпрацоўкі. Адным махам унівэрсытэту ня зробіш. У нас на гэты момант напрацаваная канцэпцыя для ліцэю — мы ведаем, чаму вучыць і як. Зьменіцца палітычная і эканамічная сытуацыя, вынікне патрэба падзяліцца досьведам — мы ўжо ведаем, што рэкамэндаваць. Дарэчы, адсутнасьць канкрэтных мэтадычных беларускамоўных распрацовак складае сёньня вельмі вялікую праблему, бо настаўнікі любяць гатовыя ўзоры. Даюць ім беларускамоўныя распрацоўкі Шэксьпіра — яны выкладаюць Шэксьпіра па-беларуску. Калі іх бракуе — карыстаюцца расейскімі.

— Чаму нацыянальным унівэрсытэтам ня стаў Беларускі калегіюм?

— Акудовіч з самага пачатку казаў, што калі вучоба не дае нейкага выхаду, нейкага сэртыфікату зь дзяржаўнай адзнакай — энтузіязм студэнтаў хутка зьнікае. Бо можна тыдзень-два слухаць нейкія курсы, а калі гэта цягнецца пару гадоў, а канкрэтнай канчатковай мэты няма — не стае ні сілаў, ні энтузіязму. І таму мы, напрыклад, трымаемся за тое, што мы — дзяржаўная ўстанова, выдаем атэстат дзяржаўнага ўзору. Гэта прыцягвае вучняў.

Акрамя таго, павінна быць база. Мы па крупіцах стваралі бібліятэку — пасьля бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лёндане лепшай беларускай бібліятэкі ў сьвеце няма. І гэтым павінен быў займацца Калегіюм. Трэ думаць пра базу, пра катэдры. На жаль, іх фінансы, відаць не дазваляюць ім гэтага зрабіць. Ішлі перамовы, каб ён працаваў на базе ліцэю, але на той час мы самі былі ў вельмі цяжкай сытуацыі, нас выганялі з будынку, і магчымасьці пусьціць да сябе Калегіюм не было.

— Што дапамагло ліцэю ўтрымацца на Кірава, 21?

— Гэтае месца мела для нас надзвычайнае значэньне, бо без свайго будынку, і тым больш без гістарычнага будынку, ліцэй ня здолеў бы стаць тым, чым стаў. Такія ўстановы нельга зьмяшчаць у савецкіх школах. Сама атмасфэра павінна спрыяць таму, каб дзеці адчувалі сябе трошкі іншымі ад звычайных «сярэднестатыстычных» вучняў. А ўтрымацца дапамаглі два чыньнікі. Па-першае, за дзьвюма сотнямі дзяцей стаяць чатырыста бацькоў. Для ўлады раздуваць гэтую сытуацыю далей было небясьпечна. Мы за дзьве гадзіны пікету зьбіралі па чатырыста подпісаў выпадковых людзей. Прычым падпісваліся і малайцы, і кітайцы... Усе разумелі, што дзеці й бацькі бароняць права вучыцца. Па-другое — я сам, праўда, ня бачыў — але ёсьць чыноўнікі, якія бачылі на скарзе, скіраванай у выканаўчы сакратарыят СНД, рэзалюцыю Барыса Беразоўскага: «Разабрацца». А для беларускіх чыноўнікаў подпіс маскоўскага начальніка заўсёды быў галоўным, вырашальным фактарам, і пасьля гэтага справу патроху закрылі. Дый у дзяржаўных структурах былі й ёсьць людзі, якія нам дапамагаюць. Часам паперу, скіраваную супраць нас, хавалі кудысьці далёка пад сукно, і яна гублялася з канцамі. Зь Міністэрствам адукацыі ў нас праблемаў ніколі не было. Яны разумеюць значнасьць ліцэю — установы, што паўстала з ініцыятывы прыватных асобаў і дае не абы-які плён. Дзяржаўныя інстытуцыі ў гэтай сытуацыі пазбаўленыя магчымасьці ствараць — яны могуць толькі дапамагчы, падтрымаць неафіцыйна альбо, прынамсі, не перашкаджаць. Альбо надрукаваць дапаможнікі. За апошнія гады выйшлі вельмі неблагія беларускамоўныя падручнікі па хіміі, біялёгіі, матэматыцы. І гэта мае надзвычайнае значэньне, бо, калі ганарар за падручнік складае 80 даляраў, ня думайце, што ўсе кідаюцца і пішуць.

— Ці падтрымліваецца ў ліцэі традыцыя Дня мовы, прапагандаваная калісьці «НН»?

— Калі вы пісалі пра Дзень мовы, у другі дзень кожнага месяца мы вучням пра гэта нагадвалі. Потым вы перасталі згадваць, і мы пачалі забывацца. Хаця, вядома, для нашага ліцэю гэта ня так актуальна — у нас тут усе дні павінны быць днямі мовы. Іншае пытаньне — ці гаворыць чалавек па-беларуску за межамі навучальнай установы. Многія не баяцца. Дарэчы, колькасьць беларускамоўных вучняў не зьмянялася, незалежна ад палітычнай каньюнктуры, ні за часоў Шушкевіча, ні за Лукашэнкі. З 22 вучняў групы каля 8 карыстаюцца мовай ня толькі на ўроку.

Запісаў Андрэй Скурко


Рыгор Барадулін

Са стагодзьдзя ў стагодзьдзе

Беларускаму дзяржаўнаму гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа – на падлеткавы юбілей

Ліцейны цэх,
Ён гартуе мэтал.
Ліцэйны сьмех,
Ён шматуе пыху.
Гранітны абрушыцца п’едэстал,
Калі ўзвышае ён помнік ліху.

Ліцэй Беларускі:
Гартуе ён
Дух незацугляны і дужы.
Рунецьме плён
Няскораных дзён,
Адчыняцца,
Каб айчыніцца, душы.

Ад ваўкалацтва
З усіх панацэй
Адзіная дзейсная панацэя –
Супрацьхалуеўскі
Вяльможны ліцэй,
Дзе подласьць і здрадніцтва
Не сыцее.

Што ж, цемра сьляпая,
Гусьцей і люцей.
Даўно пад табой
Падгнівае калодзьдзе.
Жыве Беларусь!
(Чуеш ты, ліхадзей?)
Жыве Беларусі Вольны Ліцэй,
Пераходзячы са стагодзьдзя ў стагодзьдзе!


Беларускаму Ліцэю

Дарагія сябры й аднадумцы — стваральнікі Ліцэю, настаўнікі, выпускнікі й, ведама, цяперашнія ліцэісты!

 

Арыстотэлеў Λύκειον — Найпершы Ліцэй — для старажытных грэкаў быў сугучны Апалёнаваму эпітэту Λυκεγενής — “Сьвятлародны”. Беларускі Ліцэй паўстаў да жыцьця, каб несьці сьвятло Беларушчыны ў сьвет, а сусьветную культуру вучыць спасьцігаць беларускімі вачыма. І ўжо сёньня бязь некалькіх пакаленьняў ліцэйскіх выпускнікоў нельга ўявіць сабе сучасную беларускую навуку, культуру, грамадзкую чыннасьць, палітыку. Так кшталтуецца новая беларуская інтэлектуальная эліта, якую нікому больш ня ўдасца выкасіць касою акупацыі ці таталітарных рэпрэсіяў. Усе ведаюць: той, хто прайшоў празь Ліцэй, стаіць і будзе стаяць за Беларусь.

Наш з вамі Ліцэй узьнік у той самы час, калі аднавілася Незалежнасьць. Лёс Незалежнасьці адлюстроўваўся ў лёсе Ліцэю. Злыя сілы хацелі зьнішчыць Ліцэй, але мы з вамі адбаранілі яго – дзеля будучыні Беларусі. І адбаронім!

Жыве Ліцэй! Жыве Беларусь!

Ад усіх фронтаўцаў,
Вінцук Вячорка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0