Катавальніца

апавяданьне

 

— Што ж ты, гад, не ясі? Паглядзі на сябе… Рукі — нітачкі, ногі — нітачкі, на твары — адны вочы… Які ты мужчына? Рахіт! Еж! — удар матчынай далоні прыпаў на віхрастую патыліцу.

Хлапечы тварык зморшчыўся, як той яблык у печы. З носу выскачыў празрысты, як сьляза, смаркач.

— Не хачу есьці. Я раніцай добра пад’еў.

— Раніцай ён еў… А цяпер — абед. І пакуль не зьясі супу, у школу ня пойдзеш. Чуеш, здыхляк? — мажная Катавальніца, апусьціўшыся на зэдаль у перадпакоі, пачала ўсьцягваць на круглую лытку чорны бот.

— Мамачка, я прыйду са школы і зьем увесь суп і ўсе фрыкадэлькі. Чэснае слова, — хлопец вывудзіў з талеркі мяккае цельца фрыкадэлькі й закінуў у кішэнь школьнага пінжака.

— Ты каго надурыць хочаш? Га? Зноў абед ва ўнітаз спусьціш? — Катавальніца нафарбавала вусны ў хімічна-чырвоны колер. — Я працую, зарабляю на кавалак хлеба, а ён ежу ў памыях топіць… Еж, я сказала. Думаеш, як твой бацька, грузчыкам у тралейбусным дэпо працаваць? Ня выйдзе. Будзеш у мяне есьці і вучыцца. А то лупане, як бацьку, токам, і твой сынок таксама байструком гадавацца будзе. Што ж ты, паскудзіна, робіш? Што ж ты суп у чарупіну выліваеш?

Хлапчанё з пустой талеркаю ў руках уцягнула галаву ў плечы. Рука Катавальніцы ўчапілася за каўнер пінжака й перакруціла яго так, што ў дзіцяці перацяла дыхаўку. Талерка высьлізнула з пальцаў, бразнулася аб падлогу й разьляцелася на два кавалкі.

— Прыб’ю гада! Божа, няма больш моцы зьдзекі трываць… Вось вырадзіла, гаўнюка, сабе на пакуты. Прыбірай падлогу й п…дуй у школу.

Катавальніца ахінулася плашчом мышынага колеру і ў парозе амаль спакойна сказала:

— Фрыкадэлькі з кішэні павыцягвай, а то ў школе зноў сьмяяцца будуць…

У тралейбусе нейкі кволы студэнцік, зачытаўшыся канспэктам, выпадкова наступіў на бліскучы бот Катавальніцы. Тая нібыта незнарок крутнулася й саданула локцем па скабах так, што адна рабрына ў таго трэснула й зламалася. А задаволеная Катавальніца паехала далей, на працу ў турму. Яе чакаў кароткі, як пісталетная руля, працоўны дзень. Такія кароткія працоўныя дні выпадаюць ёй па графіку не часьцей, як раз на паўгоду. Звычайна даводзіцца заступаць на дзяжурства празь дзень на цэлыя дванаццаць гадзінаў, наглядаць за сранымі злачынцамі й перажываць, ці не галодны яе адзіны-любімы сыночак. А гэты дзень адметны. Яна заўважыла, што ў такія дні стаіць найцудоўнейшае надвор’е. І цяпер, сярод лютага, шарая адліга зьмянілася на сонечны ранак зь лёгенькім марозікам. Сьнег вясёла папіскваў пад яе вайсковымі ботамі. Яна дакладна ведала ўсё наперад. Яна пад росьпіс атрымае пісталет Макарава й шэсьць патронаў. Разьбярэ, пачысьціць і зьбярэ яго. Пачакае, пакуль арыштантам разьнясуць посны харч. Пройдзе калідорам да камэры, зойдзе, хаваючы за сьпінаю зброю. Спытаецца, ці смачны абед… Для прыліку, каб зубы загаварыць. А потым ва ўпор расстраляе гадзіну. Гэта ў кіно ім чытаюць прысуд. Гэта ў тэлесэрыялах асуджаным на сьмерць прапаноўваюць выпаліць цыгарэтку. А ў рэальнасьці ён здохне зь непражаваным кавалкам хлеба ў роце.

Катавальніца цудоўна памятае ўсіх сваіх ахвяраў, усіх гэтых расстраляных яе рукою рэцыдывістаў. І сумленьне яе ня мучыць. З чаго? Ёй трэба адной хлопца на ногі паставіць. Каб хто ведаў, як цяжка адной гадаваць дзіця!..

Адам Глёбус,
11.02.2001


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0