Праклён залатой кветкі (Man cheng jin dai huang jin jia)
Кітай, 2006, каляровы, 114 хв.
Рэжысэр: Чжан Імоў
Ролі выконваюць: Чоў Юньфат, Лі Гун, Джэй Чоў, Лю Е, Ні Дахун, Цінь Цзюньдзе
Жанр: Гісторыка-дэкарацыйны кітайскі кінараман
Адзнака: 6 (з 10)
Кітай, X стагодзьдзе. Імпэратрыца пляце змовы й спакушае пасынка, імпэратар паціху атручвае няверную жонку, сярэдні сын плянуе паўстаньне, каб абараніць маці, а малодшы сын зайздросьціць кожнаму…
Аўтар “Герою” Чжан Імоў давёў кітайскі сьветапогляд да лягічных высноваў: асоба – толькі частка дэкарацыйнага афармленьня. Яна расьцярушваецца на карысьць цэлага.
Хаце ў карціне “Праклён залатой кветкі” – забойствы, інцэст, схаваныя жарсьці – самі носьбіты гэтых жарсьцяў – пустыя. Гэта ўмоўныя, сярэднявечныя функцыі, калі асобы – у сёньняшнім яе разуменьні – яшчэ не было.
Усё падпарадкоўваецца выкшталцонай каляровай драматургіі, дзе чалавек – толькі частка арнамэнту. Чырвонае на залатым – прыгожа – і заліецца крывёю прынц у залатых дасьпехах; шэрыя ваяры затопчуцуь хрызантэмы, заблішчаць блакітам касьцюмы аховы.
Колеры складаюць гармонію, гармонія – закон Прыроды, што зь няўхільнай настойлівасьцю абвяшчаецца ў імпэратарскіх пакоях і за сьвяточным сталом.
І што чалавеку – зьмяняць законы прыроды? Варта падпарадкавацца ім, якімі аўтарытарнымі яны не былі б.
Найдзівосьнейшае ў сваёй пекнаце неэўрапейскае кіно.
Сэансы ў “Доме кіно” ў суботу й нядзелю а 17, 19 і 21.00. Стужка на арыгінальнай мове з субтытрамі.
Фільм дэманструецца ў межах праграмы кітайскага кіно.