АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

Беларусы ў горадзе

Тыя, хто размаўляе па-беларуску ў горадзе, маюць, сярод усіх іншых, праблему — якой беларускай мовай гаварыць з расейскамоўнымі. Бо ж гарадзкая беларуская мова — гэта ня мова “Звязды” і БТ, да якой збольшага прызвычаеныя пасіўныя носьбіты мовы. І беларускамоўны чалавек стаіць перад дылемай: ці спрашчаць, вульгарызаваць сваё звыклае маўленьне, ці ўвесь час сутыкацца зь непаразуменьнем, усьмешкамі й перапытваньнямі.

Некаторыя мае знаёмыя лічаць, што трэба прывучаць народ да нармальнага маўленьня, і таму ўпарта просяць у кавярнях прынесьці “філіжанку кавы” , а ў крамах паказаць “масянжовы імбрычак”. І часта гэта дае жаданы эфэкт. Аднаго майго знаёмага, які папрасіў у кавярні “кубачак чаю”, інстынктыўна баючыся, што афіцыянтка не зразумее, тая радасна паправіла: “Вы няправільна кажаце, па-беларуску слушна будзе “гарбата”, а ня “чай”.

Часта ў расейскамоўных прабіваецца дзіўнае жаданьне паправіць цябе, “бо па-беларуску ніхто чыста размаўляць ня ўмее, і вы ў тым ліку”. Гэта зьвязана з няўсьвядомленым комплексам віны перад беларускай мовай. Так, нядаўна, у кветкавым аддзеле адчыталі майго дванаццацігадовага сына, які штосьці там спытаўся пра сымбіёз зялёнага і чырвонага кактусаў. Прадаўшчыца сказала, што “глядзець” — гэта не па-беларуску”. Давялося ісьці ў кветкавы аддзел і гучна абмяркоўваць зь ім перад прадаўшчыцай эстэтычныя перавагі кактусаў з доўгімі іголкамі перад кароткаігольчатымі, найперш дзеля таго, каб супакоіць яго, дый каб і ёй паказаць — усё нармальна, прывыкай.

Беларускамоўных у гарадах яшчэ ня так багата, каб яны маглі пачувацца нязмушана. Найбольш складанасьцяў мова прыносіць людзям ціхмяным і сьціплым. Другая знаёмая распавядае: “Я так не люблю, каб на мяне зьвярталі ўвагу, а тут толькі пачнеш размаўляць — уся ўвага на цябе. Ні ў цырульні з кабетамі пагаманіць, ні ў краме ў чарзе. Стаіш, маўчыш, як вады ў рот набраўшы. Стамілася, так хочацца быць такой, як ўсе”.

Некаторыя ў выніку пачынаюць гаварыць на спрошчаным валапюку. Яшчэ адна мая знаёмая накінулася на мяне, калі я сказаў: “перыць бялізну”. “Вось таму і лічаць беларускую мову “каравай”, што вы прыдумляеце гэткія слоўцы”, — сказала яна мне. “Добра, хай будзе “праць”, — паправіўся я, — “перыць” — гэта нашае, усходнепаляшуцкае. Але “праць” — гэта і па-польску, па-чэску, па-украінску, і, упэўнены, яшчэ на некалькіх славянскіх мовах. Усе славяне “пралі”, чаму мы павінны адмаўляцца ад гэтага?” Толькі для расейскамоўных “праць” — слова цяжкаватае. Мая знаёмая падсьвядома пралічыла гэта і палічыла за лепшае ўжываць слова “мыць”.

Іншы мой знаёмы нават з замежнікамі — амэрыканцамі, немцамі, віетнамцамі — размаўляе па-беларуску. На расейскую не пераходзіць. “Раз прыехалі — хай вучаць”, — перакананы ён.

Беларуская гарадзкая мова — гэта ўжо не фэномэн, гэта паказьнік культуры нашага грамадзтва. Усё часьцей і часьцей псыхалягічныя праблемы замяняюцца праблемамі філялягічнымі. Зьнікаючы ў вёсцы, мова жыве і разьвіваецца ў горадзе — так яно і мае быць.

Алесь Бяляцкі

з усёй краіны

Па выкліку — таксі і дзяўчынкі

У Берасьці супрацоўнікі спэцслужбаў выявілі, што адна дыспэтчарка таксапарку прымала замовы ня толькі на возьніцтва, але й на дастаўку кліентам дзяўчынак лёгкіх паводзінаў. А “пракалолася” яна на тым, што прапанавала дзьвюх дзяўчат 20 і 19 год (адна з Наваполацку, другая з Камянецкага раёну) — па 50 даляраў за кожную — супрацоўнікам спэцслужбаў, замаскаваным пад “кліентаў”.

Банкаматаў будзе болей

Сёньня на Берасьцейшчыне ёсьць толькі чатыры банкаматы, якія належаць “Беларусбанку” і ўсталяваныя ў абласным цэнтры. У 2002 г. зьявіцца яшчэ 15. Паралельна зь імі на Берасьцейшчыне дзейнічае 35 электронных тэрміналаў, якія абслугоўваюць кліентаў, што маюць плястыкавыя карткі.

У Стрыбаве будзе крама

У вёсцы Стрыбава (Жабінкаўшчына) мясцовы прадпрымальнік купіў хату ды перарабляе яе на краму. Зараз ён улагоджвае неабходныя юрыдычныя захады. На працягу году крама павінна запрацаваць.

Не да сыру ды кілбасаў

Напярэдадні Калядаў у сельскія крамы Іванаўскага раёну завезьлі кілбасу й тлустыя селядцы, спадзеючыся, што пасьля перадкаляднага посту сяляне кінуцца спусташаць пабагацелыя прылаўкі. Аднак многія прадукты так і зьлежыліся на паліцах крамаў. Людзі на вёсцы небагатыя і бяруць адно хлеб, соль ды крупы.

Па конях!

У гаспадарках Берасьцейшчыны паболела коней — да 20 тысячаў у калгасах і да 15 тыс. на прыватных падворках. Прычым даглядаюць сівых ды гнядых часьцяком нашмат лепш, чым якія трактары ці малатарні.

І.Хведаровіч, Берасьце

Ізноў пра падпальшчыкаў

У мінулым нумары “НН” пісала пра баранавіцкіх падлеткаў, якія нібыта аблілі й падпалілі 51-гадовага мужчыну. Як высьветліла сьледзтва, пацярпелы выпіваў у гасьцёх. Гаспадары пасьля пайшлі спаць, пакінуўшы яго аднаго на кухні. Той, відаць, тамака і заснуў з цыгаркай. У кватэры выяўленыя абгарэлы ўслон, канапа і фіранкі. Ачуняўшы ў шпіталі, мужчына пачаў вярзьці пра падлеткаў-падпальшчыкаў, што й сталася падставай для чутак. Цяпер ён адмаўляецца ад сваіх словаў, кажа, што нічога наагул з таго вечара ня памятае.

Затрымалі за хабар

У пятніцу ў Баранавічах арыштаваны падчас атрыманьня хабару дырэктар мясцовага малочнага камбінату Трахім Гурыновіч. Апэратыўнікі ўварваліся ў кабінэт, як толькі ён узяў грошы. Вартасьць хабару прыкладна 1000 даляраў. Гурыновіч ужо некалі быў асуджаны за раскраданьне маёмасьці, і невядома, чаму і як ён здолеў пасьля ўладкавацца кіраўніком на камбінат.

Руслан Равяка, Баранавічы

Мост у Парэ ацалеў

Праз паводку на рацэ Стыр ледзь не разбурыўся драўляны аўтамабільны мост каля вёскі Парэ Пінскага раёну, пабудаваны летась. У ноч на 2 лютага вада ў рацэ паднялася на 30 см, і праз суткі крыгі таўшчынёй паўмэтра маглі зьнесьці мост. Каб прадухіліць пагрозу разбурэньня, сапёрам давялося ўзрываць лёд. Вайскоўцы працягваюць дзяжурыць на рацэ.

Вайскоўцы-ўцекачы

Мінулай ноччу трое каравульных адной з вайсковых часьцей, што ва Ўруччы, разам зь лейтэнантам Аляксандрам Дзявяткіным раззброілі варту і дзяжурнага, сапсавалі сродкі сувязі і, узброіўшыся 2 пісталетамі й 4 аўтаматамі з больш чым трыма тысячамі патронаў, зьехалі на дзяжурнай машыне. Пры гэтым яны захапілі з сабой 17 чалавек. Ужо ў 6.45 раніцы іх затрымалі ў вёсцы Астрошыцы Лагойскага раёну. Пацярпелых няма, узбуджаная крымінальная справа.

Б.Т.

5 км на карачках

За студзень у хірургічны кабінэт смургонскага шпіталю зьвярнуліся зь пераломамі 112 чалавек, 21 зь іх — дзеці. Часьцей за ўсё траўмуюцца вэлясыпэдысты, п’яніцы і старыя кабеты. Адна бабулька зламала нагу, дык 5 км паўзла, як магла, да шашы на карачках.

Лавіце ды плаціце

На Вішнеўскім вадасховішчы зазвычай багата аматараў зімовай рыбалкі. Але апошнім часам за адпачынак з вудай сталі штрафаваць — не папярэдзіўшы, не паставіўшы ніводнай шыльды аб платнай рыбалцы. Па 10 тысячаў дзяруць інспэктары Мядзельскага лясьніцтва з кожнага рыбака, абгрунтоўваючы свае дзеяньні тым, што вадасховішча належыць Нацыянальнаму парку Беларусі. Можна, канечне, купіць квіток за 2,5 тыс., які дазваляе безь перашкод сядзець ля лункі цэлы дзень, але да вёскі, дзе знаходзіцца лясьніцтва, дарога існуе толькі тэарэтычна. Яшчэ ніхто з смургонскіх не адважыўся туды дабрацца. І толькі тутэйшым вяскоўцам адпачынак на возеры нічога не каштуе. Трэба толькі спраўку зь сельсавету мець, што ты тут жывеш. І вуду.

68 прытонаў

У Смургонях афіцыйна зарэгістравана 10 кватэр, гаспадары якіх вядуць антыграмадзкі лад жыцьця — зьбіраюць шумныя кампаніі, перахоўваюць скрадзеныя рэчы, парушаюць нормы эксплюатацыі газу, ня плацяць за сьвятло, п’юць, б’юцца, жанчынаў нядобрых водзяць. Прытоны, адным словам. Неафіцыйных злачынных хат яшчэ больш — 58. Каб паставіць іх на ўлік у міліцыі, патрэбны заявы суседзяў. Але людзі баяцца заяўляць, каб не адпомсьцілі.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Засьпіртаваныя Дайлідкі

Нядаўна супрацоўнікі памежнай камэндатуры, міліцыі й падатковай інспэкцыі затрымалі ля вёскі Дайлідкі грузавы “мэрсэдэс”, якім кіраваў жыхар Астраўцу К. У аўтамабілі было дзевяць 200-літровых бочак са сьпіртам. Дакумэнтаў на груз у кіроўцы ня выявілася. А назаўтра каля тых самых Дайлідак памежнікі знашлі пакінуты аўтамабіль УАЗ-452 зь сямю аналягічнымі бочкамі сьпірту. Гаспадар грузу пакуль не зьявіўся і наўрад ці зьявіцца.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Прыехаў протаярэй

На тым тыдні памежную вайсковую часьць №2044 наведаў начальнік аддзелу па сувязях з Узброенымі Сіламі (ёсьць гэткі ў Экзархаце) протаярэй айцец Сергій. Бацюшка гутарыў з салдатамі, адказваў на пытаньні, падараваў ім Біблію, праваслаўны каляндар і рэлігійныя кнігі. Памежнікі, у сваю чаргу, паказалі госьцю вайсковую частку і яе гонар — сабачы гадавальнік.

Ірына Ясінская, Смургоні

Новае дзіцячае аддзяленьне

Пасьля працяглай рэканструкцыі здадзенае ў эксплюатацыю дзіцячае аддзяленьне гарадзкой лякарні імя Сямашкі. Цяпер пераезду ў новыя будынкі або тэрміновага аднаўленьня старых чакаюць станцыя хуткай дапамогі, псыханэўралягічны, тубэркулёзны, скурна-вэнэралягічны дыспансэры, радзільны дом.

Крамаў менее

11 крамак зачыненыя з пачатку году ў Аршанскім раёне. Такое рашэньне мясцовая ўлада тлумачыць стратнасьцю гандлю на вёсцы.

Віктар Лютынскі, Ворша

Новыя прызначэньні

Аляксандар Лукашэнка прыняў 1 лютага шэраг кадравых рашэньняў. Ён прызначыў: Аляксандра Шчурка — намесьнікам міністра ўнутраных спраў і начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі; Леаніда Глухоўскага — намесьнікам міністра ўнутраных спраў і начальнікам Сьледчага камітэту МУС Беларусі; Мікалая Кохана — намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту пагранічных войскаў і начальнікам выведкі пагранічных войскаў; Уладзімера Капліенку — намесьнікам старшыні Дзяржкамітэту пагранічных войскаў па ўзбраеньні й начальнікам узбраеньня пагранічных войскаў; Яўгена Камарніцкага — намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту пагранічных войскаў па тыле і начальнікам тылу пагранічных войскаў. Васіль Пугачоў стаў першым намесьнікам міністра замежных спраў; Аляксандар Герасіменка, Аляксандар Міхневіч і Аляксандар Мычоў — намесьнікамі міністра замежных спраў; Сяргей Філіпаў — першым намесьнікам міністра архітэктуры і будаўніцтва; Міхаіл Абрамчук, Анатоль Нічкасаў і Леанід Сакалоўскі — намесьнікамі міністра архітэктуры і будаўніцтва; Мікалай Верхавец — першым намесьнікам міністра транспарту і камунікацыяў Беларусі; Аляксандар Мінін — першым намесьнікам міністра транспарту і камунікацыяў Беларусі й дырэктарам дэпартамэнту “Белаўтадар”; Аляксандар Несьцяровіч і Ўладзімер Уласеня — намесьнікамі міністра транспарту і камунікацыяў; Віталь Калугін — намесьнікам міністра юстыцыі.

Пляны “Газпрому” няясныя

4 лютага адбылося пасяджэньне рады “Газпрому”, прысьвечанае інвэстыцыйнай і экспартнай палітыцы. Паводле словаў сябра рады Барыса Фёдарава, было вырашана адмовіцца ад пабудовы новага газаправоду празь Беларусь і Польшчу. Замест гэтага канцэрн зьбіраецца скончыць будаўніцтва галіны газаправоду “Ямал—Эўропа” і павялічыць ягоную прапускную здольнасьць. Аднак віцэ-прэм’ер Віктар Хрысьценка абвергнуў гэтае паведамленьне.

Гасьцінная Нямеччына

Летась нямецкая амбасада выдала беларусам болей за 112 тысячаў візаў — нашмат больш, чым амбасада якой іншай краіны. Візы атрымалі 97% асобаў, якія зьвярталіся па іх. Найчасьцей прычынай адмовы было паданьне непраўдзівых зьвестак. Штогод колькасьць асобаў, якія жадаюць зьезьдзіць у Нямеччыну, павялічваецца на 10—15%.

Расейскія спартоўкі выступяць за Беларусь

Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў чатыром расейскім спартоўкам выступаць за Беларусь на XIX зімовых Алімпійскіх гульнях. Гаворка ідзе пра 37-гадовую алімпійскую чэмпіёнку 1988 г. па лыжных гонках Сьвятлану Нагейкіну, яе калег па лыжнай камандзе 27-гадовых сёстраў Веру і Натальлю Зяцікавых, а таксама пра 21-гадовую фігурыстку Юлію Салдатаву.

Э.Л.

99 толькі для Грэцкага

Ніводзін хакеіст клюбу НХЛ “Los Angeles Kings” ня будзе граць пад нумарам 99, пад якім выступаў легендарны хакеіст беларускага паходжаньня Ўэйн Грэцкі. Так вырашылі ўладальнікі каманды. Грэцкі, які зьяўляецца аўтарам 60 рэкордаў НХЛ, граў у складзе каманды 8 гадоў. Цяпер 41-гадовы хакеіст выконвае абавязкі старшыні алімпійскага камітэту Канады.

Ян Мацур

Дзень балатоў

2 лютага насельнікі беларускіх пушчаў і балотаў адзначалі Міжнародны дзень водна-балоцістых угодзьдзяў. У гэты дзень 1971 году ў іранскім горадзе Рамсар было падпісанае пагадненьне пра захаваньне важных у плянэтарным маштабе балотаў. На сёньня больш за сто краінаў зьяўляюцца ўдзельнікамі Рамсарскай канвэнцыі. 982 тэрыторыі складаюць сьпіс балотаў сусьветнага значэньня, а іх агульная плошча перавысіла 71 млн. гектараў.

Беларусь ратыфікавала Рамсарскую канвэнцыю ў 1999 г. Статус першага Рамсарскага ўгодзьдзя на нашай тэрыторыі мае балота Спораўскае, што ў абалоне Ясельды. Гэта ці ня самы буйны ў Эўропе комплекс абалонных нізінных балотаў мэзаторфнага тыпу. Агульная ягоная плошча складае каля 135 км2. Нягледзячы на зьмены клімату і мэліярацыю, яно застаецца адным з самых натуральных нізінных балотаў у Эўропе. Спораўскае — адно з самых буйных у сьвеце месцаў жыцьця вяртлявай чарацянкі — птушкі, 60% папуляцыі якой жыве ў Беларусі.

Дзьмітры Галубоўскі, Ігар Бышнеў

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0