Выжыць у часе адпачынку

Білеты купленыя, пашпарт падрыхтаваны, рэчы складзеныя — плаўкі, сонечныя акуляры, фотаапарат… А дзе аптэчка — кальцый, актываваны вугаль, плястыр? Бярыце абавязкова! Бо ў часе адпачынку ваш арганізм зазнае сур’ёзнае небясьпекі. Ніжэй — чытайце, чаго і як трэба асьцерагацца, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў.

Атручанае марозіва

Марозіва — цудоўны летні ласунак. На жаль, ня толькі для нас, але й для бактэрыяў — сальманэлаў ды стафілякокаў. Першыя зазвычай жывуць у брудных яйках, другія — на скуры людзей, што вырабляюць ды прадаюць марозіва. Таму, перш чым купляць ласунак з вулічнае яткі, зірнеце, ці чыстыя рукі ў гандляра.

Бо трапляюцца сярод іх экстрэмалы, здольныя дастаць са сьметніцы скарыстаны плястыкавы кубачак, ізноў напоўніць марозівам ды з усьмешкай падаць вам. На здароўе!

Сымптомы: гарачка, ваніты і панос, абязводжваньне арганізму.

Што рабіць: не марнуйце час на лячэньне “хатнімі мэтадамі”, кулём ляціце да доктара.

Марская хвароба

Узьнікае з канфлікту між пачуцьцямі зроку і раўнавагі: вэстыбулярны апарат сыгналізуе ў мозг, што мы рухаемся, а вочы сьцьвярджаюць — што стаім (ці, хутчэй, сядзім) на месцы. Ад супярэчлівых сыгналаў “едзе дах”.

Сымптомы: галаўны боль, бледнасьць, патлівасьць, млосьць.

Што рабіць: сядзьце раўней, адкіньцеся галавой на сьпінку крэсла. У машыне і аўтобусе сядайце сьпераду (кіроўцаў практычна ніколі не загойдвае), каб загадзя бачыць пад’ёмы і спускі на дарозе, у самалёце — каля правага крыла (так раяць спэцыялісты-авіямэдыкі з Канзасу), а ў цягніку — лепей за ўсё ў вагоне для некурцоў, па ходзе руху і каля акна. Мэдыкамэнты? Ёсьць і яны, але скаляпамін, які там утрымліваецца, мае шмат пабочных эфэктаў (прыкладам, падвышэньне ціску і парушэньне сардэчнага рытму). Лепш паспрабуйце імберац — сапраўды дапамагае! Імбірныя цукеркі эфэктыўныя, бясьпечныя і… смачныя.

Сьмерць у самалёце

За апошнія чатыры гады гэтак памерлі больш як сорак чалавек. Прычыны — раптоўныя зьмены ціску, паніжаная вільготнасьць і асабліва шматгадзінная нерухомасьць у часе доўгіх авіяпералётаў турыстычнай клясай, дзе разьмяшчэньне крэслаў не дазваляе выпрастаць ногі. Ускладненьне кровазвароту выклікае тромбы ў сасудах, тыя ў сваю чаргу — эмбалію лёгкіх, а яна…

Што рабіць: за колькі дзён перад палётам пачніце дзеля прафіляктыкі піць асьпірын. Ад яго зьніжаецца згусальнасьць крыві, і рызыка ўтварэньня тромбаў, адпаведна, меншае. Пазьбягайце нязручнага абутку, цеснай бялізны, гольфаў. Калі магчыма, сядзьце ля праходу — тады будзе лацьвей час ад часу разьмінаць ногі. Піце шмат вадкасьці — толькі бяз градусаў! Хіба што піва можна. Напоі, мацнейшыя за піва, а таксама кава, абязводжваюць арганізм, даючы вам выдатную магчымасьць працягнуць свой адпачынак на векі вечныя.

Апёкі і цеплавыя ўдары

Іх трэба адрозьніваць міжсобку. Апёк — гэта вынік успрыманьня скурай надмернай колькасьці сонечных прамянёў за кароткі час. Удар — гэта вынік няўдалай спробы арганізму адаптавацца да высокай тэмпэратуры. Абедзьве гэтыя “прыемнасьці” найперш падпільноўваюць тых, хто пакутуе на цукровы дыябэт, сардэчна-сасудзістыя захворваньні, мае лішнюю вагу, прымае антыдэпрэсанты, антыгістаміны, мачагонныя ці сасудапашыральныя сродкі.

Сымптомы: пачырванелая, раздражнёная і нярэдка з пухірамі скура, сутаргі, галаўны боль, часам млосьць і ваніты.

Што рабіць: не шпацыруйце бяз шапкі між 11 і 15-й, калі найболей пячэ, апранайце свабоднае сьветлае адзеньне. Ужывайце крэмы супраць апёкаў. Памятайце, што некаторыя лекі і зёлкі (прыкладам, сьвятаяньнік) робяць скуру больш схільнай да апёкаў.

І не губляйце пачуцьця меры, іначай усе вакацыі праседзіце ў гатэлі, мажучы цела крэмамі, прымаючы халодныя ванны, прыкладаючы прымочкі з мокрага ручніка на лоб, шыю, плечы і ногі, а таксама кампрэсы з тоўчанага лёду. Апошнія не павінны цягнуцца даўжэй за 10 хвілінаў, інакш у дадатак да апёку можна зарабіць адмарожваньне.

Інсэкты

Калі вы зьбіраецеся адпачываць паблізу густога лесу, пашы, балота, ракі ці пчальніку, майце на ўвазе, што аўтаматычна робіцеся хадзячай кармушкай для непрыкметных жыхароў гэтых мясьцінаў. За ежу яны плацяць звычайна балючым пухіром на скуры. Часам, аднак, даюць і “на чай”…

Мушкі і камарыкі

Мошкі кусаюцца надзвычай балюча, як для сваіх мізэрных памераў. Як і ў камароў, крывасмокі сярод іх — адны самкі. У нашай мясцовасьці ўсялякія авадні бываюць ня столькі небясьпечныя, колькі дакучлівыя. Сапраўды ж небясьпечнымі (бо пераносяць паразытаў) зьяўляюцца адсутныя ў нас трапічныя віды.

Сымптомы: нясьцерпны сьверб, пухір, часам даволі вялікая пухліна, а іншы раз — цяжказагойная язва.

Што рабіць: варта запасьціся сродкамі, якія адпужваюць насякомых. Большасьць гэтых спрэяў ды мазяў утрымліваюць дыэтылаталуамід. Альтэрнатывай (кароткачасовай) можа стаць воцат, а таксама экстракты герані, мяты, ванілі, лаўровага ліста, гвазьдзіка, пятрушкі. Камароў ды мух адпужвае таксама дым ад вогнішча, асабліва калі кінуць у агонь трохі шалфею ці размарыну. Камары панічна баяцца паху вітаміну B1.

Месца ўкусу камара лепей за ўсё апрацаваць спэцыяльнай мазьзю. Паколькі мухі пакідаюць адкрытыя ранкі, трэба дадаткова прамыць іх цеплаватай вадой ці сьпіртам.

Кляшчы

Каб адбылося заражэньне, клешч павінен прасядзець пад скурай (звычайна — на плячах, галаве ці пад каленямі) найменей 12 гадзін, добра напіцца крыві, ператравіць яе і спаражніцца. У такім разе замест пляжнага лежака вы можаце рэшту адпачынку правесьці на бальнічным ложку. А ўсё з-за мікробаў, якія прысутнічаюць у сьліне кляшчоў і могуць выклікаць нават запаленьне мазгавых абалонак.

Сымптомы: заражэньне звычайна праяўляецца не адразу, і таму яго цяжка зьвязаць з укусам.

Што рабіць: кляшча трэба як мага хутчэй выдаліць з-пад скуры, лепей за ўсё выкручваючы, а ня проста выцягваючы ці выціскаючы. Калі кляшчова галава пры гэтым адарвецца, трэба, каб пазьбегнуць інфэкцыі, дастаць яе з дапамогай стэрыльнай іголкі. Калі ў месцы ўкусу зьявіцца чырвоная пляма, якая будзе павялічвацца, давядзецца папіць антыбіётыкі.

Зьмеі

Трэба мець вельмі вялікае нешанцаваньне, каб натрапіць на зьмяю, што спакойна сабе грэецца на сонейку. Калі ўсё ж дайшло да ўкусу, паспрабуйце ўважлівей разгледзець агрэсара: бяскрыўдныя вуж ці мядзянка апроч сьледу зубоў у найгоршым выпадку падораць вам мясцовае запаленьне.

Сымптомы: звычайны для атручаньня набор з гарачкай і сутаргамі, часам страта прытомнасьці.

Што рабіць: прадэзінфікаваць рану, накласьці жгут ці сагнуць руку (нагу) вышэй месца ўкусу і старацца не варушыць ёю. Рану пакінуць адкрытай і як мага хутчэй зьвярнуцца да мэдыкаў, якія ўвядуць сываратку, што нэўтралізуе атруту.

Зьвяры

Як бы вы ні любілі жывёлаў, падчас адпачынку лепш трымайцеся ад іх далей.

Лісы, яноты, куніцы, якія ад вас не ўцякаюць, могуць быць носьбітамі вірусу шаленства. І калі ўкусяць…

Сымптомы: не чакайце, пакуль яны зьявяцца, бо тады лячыцца будзе позна.

Што рабіць: рану пасьля ўкусу трэба старанна прамываць 20-працэнтным растворам мыла сама меней пяць хвілін, а потым прадэзінфікаваць, лепш за ўсё двума рознымі сродкамі. Глыбокія сьляды зубоў неабходна прапаласкаць цеплаватай вадой са шпрыца, а калі гэта немагчыма — апусьціць пакусаную частку цела ў ёдны раствор на паўгадзіны. Нельга яе туга перавязваць ці сшываць рану. Як мага хутчэй трэба зьвярнуцца да доктара, які ўвядзе проціслупняковую сываратку і вырашыць, ці трэба праходзіць курс прышчэпак ад шаленства.

Атрутныя расьліны

Расьліны бясьпечныя? Сьмешна! Некаторыя, як, напрыклад, славуты баршчэўнік Сасноўскага, могуць нашкодзіць ужо адной сваёй прысутнасьцю непадалёк. Яны ўтрымліваюць ядавітыя алькалёіды, якія робяцца актыўнымі пад уплывам сьвятла і цяпла. У сонечныя і гарачыя гадзіны іх атрутныя выпарэньні могуць на адлегласьці выклікаць раздражненьне скуры і дыхальных шляхоў.

Сымптомы: цяжказагойныя апёкі, а ў крайніх выпадках — пухіры, якія хоць і разыходзяцца за 1—2 тыдні, але пакідаюць на скуры шнары і пачырваненьні.

А кветкі? Многія зь іх далёка не такія бяскрыўдныя, якімі здаюцца на першы погляд. Атрутныя, сярод іншага, рагулькі, макі, курасьлеп, пралескі ды сон. Найбольш небясьпечная расьліна — познацьвет. Яна ўтрымлівае такую канцэнтрацыю яду, што дастаткова неасьцярожна дакрануцца да двух зярнятак, каб адысьці ў іншы сьвет.

Сымптомы: атручэньне, панос, ірвота.

Вывіхі, расьцяжэньні, сінякі

Захапленьне альпінізмам, як, зрэшты, любым іншым спортам, — лёгкі спосаб атрымаць дробныя траўмы, драпіны ці вывіхі, ня кажучы ўжо пра мазалі на нагах ці расьцяжэньні мышцаў.

Што рабіць: драпіны лепш за ўсё прамыць халоднай вадой, змазаць перад сном гаючай мазьзю ці ёдам, а нараніцу змыць мазь і абсыпаць прысыпкай. Адкрытыя месцы можна засьцерагчы ад небясьпекі плястырам. Мазалі пракалоць аднаразовай іголкай, выціснуць гной, заклеіць плястырам.

Калі пасьля ўдару, вывіху зьявіцца пухліна, дапаможа халодны кампрэс з раствору воцату альбо соды (чайная лыжка на паўшклянкі вады). Перад чарговым паходам сустаў трэба туга перавязаць элястычным бінтам.

Расьцяжэньні ўзьнікаюць у выніку празьмернага выдзяленьня малочнай кіслаты у непрызвычаеных да вялікай нагрузкі мышцах. Іх зьнікненьне можна паскорыць, ахалоджваючы пасьля нагрузкі часткі цела, якія баляць, вадой ці лёдам. Ідэальна дапамагае масаж. Можна ўжываць гарачыя ванны і разагравальныя мазі, якія, аднак, у большай ступені зьмякчаюць вынік, чым прычыну.

Грыбы

Хоць грыбы смачныя, нізкакалярыйныя, зьмяншаюць узровень халестэрыну ў крыві і нават, паводле некаторых зьвестак, падвышаюць патэнцыю, яны могуць быць небясьпечныя. Памятайце:

— нельга зьбіраць грыбы на прамысловай тэрыторыі ці паблізу аўтатрасы (яны лёгка назапашваюць шкодныя рэчывы);

— зьбірайце іх у кошык, а не ў пакеты ці вёдры, і перапрацоўвайце ці сушыце адразу пасьля збору (грыбы хутка псуюцца, а прадукты іх распаду і бактэрыі могуць выклікаць сур’ёзныя атручаньні);

— не апускайце грыбоў у ваду, бо яны паглынаюць яе, як губка; чысьціце іх сухімі;

— зьбірайце толькі вядомыя вам віды, калі ж вагаецеся — лепей выкіньце грыб!

— смак можа вас ашукаць: напрыклад, бледная паганка, самы небясьпечны грыб нашых лясоў, мае прыемны саладкаваты смак;

— чарнеюць пасьля разразаньня як ядомыя махавікі, заечыя баравікі й падасінавікі, так і атрутныя пад’яловікі.

Сымптомы могуць выявіцца празь дзьве гадзіны, а могуць і празь некалькі дзён. Усё залежыць ад таго, чым вы атруціліся. Добра, калі ўсё абыдзецца лёгкай нястраўнасьцю. А можна ж зарабіць і жахлівае расстройства з моцнай млоснасьцю, болямі ў жываце, ванітамі, часам істотным абязводжваньнем і нават ныркавай недастатковасьцю.

Калі больніца далёка, належыць выклікаць ірвоту, затым выпіць слабіцельнае. Нельга ўжываць моцнай кавы ці гарбаты, каб не падвысіўся ціск, затое варта прыняць актываваны вугаль.

Страўнік на вакацыях

Радыкальная зьмена мэню можа стацца шокам для страўніка. Асабліва калі вам “пашчасьціць” напіцца бруднай вады ці пакаштаваць ежы, якой ужо паласаваліся бактэрыі. Каб такога ня сталася, кіпяціце ваду ці дэзінфікуйце яе, напрыклад, 2-працэнтным растворам ёду або марганцоўкі; замаўляйце напоі бязь лёду; ня ежце сырых ці недавараных прадуктаў; гародніну і садавіну дэзінфікуйце (як ваду) ці абірайце.

Сымптомы: боль у жываце, панос, ваніты.

Што рабіць: шмат піць гатаванай ці бутэлечнай вады, каб унікнуць абязводжваньня арганізму. Потым дыету можна ўзбагаціць рысам, бульбай, варанай птушкай, рыбай і бананамі. Пазьбягайце алькаголю і кавы. Лёгкае атручаньне доўжыцца звычайна 1—2 дні, і без мэдыцынскага ўмяшальніцтва пры гэтым можна абысьціся. Пры моцным паносе прыміце актываваны вугаль. Калі сымптомы захоўваюцца доўгі час, ёсьць гарачка ці сутаргі, неабходна зьвярнуцца да доктара.

Ахоўныя прышчэпкі

Калі едзеце адпачываць за блізкі сьвет, не забудзьцеся пра ахоўныя прышчэпкі. Іх няшмат (пералік залежыць ад краіны), яны недарагія, але могуць стаць доўгатэрміновымі інвэстыцыямі ва ўласнае здароўе. Так, прышчэпка супраць віруснага гепатыту B (жаўтухі) дзейнічае ня менш як сем гадоў, супраць жоўтай ліхаманкі — дзесяць гадоў, а супраць халеры — год. Лепей за ўсё прыйсьці ў паліклініку на абсьледаваньне месяцы за два да паездкі (некаторыя прышчэпкі робяцца ў некалькі этапаў).

Увагі! Прышчэпкі не абараняюць ад малярыі. Таму перад тым як выправіцца ў трапічныя балоты, выпішыце ў доктара процімалярыйныя лекі і пачніце прымаць напярэдадні выезду.

Артур Уладарскі, Малгажата Залога, Gazeta Wyborcza


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0