10 студзеня 2003

«Мастоўскі весьнік» — 100

20 сьнежня пабачыў сьвет 100-ты нумар незалежнага бюлетэню «Мастоўскі весьнік». Выдаецца ён з 1997 г. Інфармацыя «Мастоўскага весьніку» ніколі ня зьявіцца ў райгазэце дзеля балючасьці праблемаў, якія ўздымаюцца. Дый зьвестак такіх ніколі не здабудуць дзяржаўныя газэтчыкі. «Вэртыкаль» сьмецьце з хаты не выносіць... Заснавальнік і рэдактар газеты Язэп Палубятка робіць захады, каб «Весьнік» выходзіў штотыднёва.

А.Л., Горадня

Раскопкі на гародах

Аршанскі гарвыканкам вырашыў прывесьці ў належны стан археалягічны запаведнік «Гарадзішча». Жыхарам 2-га Замкавага завулку, чые гароды месьцяцца ў ахоўнай зоне, прапануюць узяць зямлю ў іншым месцы. Убогія агароджы і пабудовы, якія псуюць выгляд замшчышча, зьнясуць. З дапамогай гарадзкіх службаў жыхары трох прыватных дамоў павінны ўпарадкаваць сваё жытло. У пэрспэктыве і яно будзе зьнесена. На замчышчы застануцца толькі будынкі атраду МНС, друкарні ды этнаграфічнага музэю «Млын», якія зьяўляюцца помнікамі архітэктуры. У траўні—ліпені на былых гародах будуць праведзеныя археалягічныя дасьледаваньні.

Леніна далучылі

да Купалы

Напярэдадні новага году калгас імя Леніна далучаны да калгасу імя Янкі Купалы. Праўда, і апошні нельга назваць моцным. Толькі ў раённы бюджэт ён вінен каля 53 млн. рублёў. З дваццаці калгасаў раёну ня маюць запазычанасьці перад бюджэтам толькі два.

Віктар Лютынскі, Ворша

Надбаўка за непаленьне

Праўленьне калгасу «Радзіма» актыўна прапагандуе здаровы лад жыцьця. Тыя з калгасьнікаў, якія адмаўляюцца ад паленьня, атрымліваюць штомесяц да сваіх заробкаў 10% надбаўкі. Сёлета здолелі разьвітацца са шкоднай звычкай толькі двое работнікаў мясцовага жывёлагадоўчага комплексу — тэхнік-асемяняльнік і сьлесар.

Бабе 114 гадоў

1 студзеня 2003 г. жыхарцы вёскі Асавец Аўдоцьці Зубрыцкай споўнілася 114 гадоў. Кабета мяркуе, што доўгажыхарству паспрыяла яе вера ў Бога, якой аніколі не выракалася.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Слуцак застаўся без вайскоўцаў

Нядаўна са Слуцкага гарнізоннага шпіталю, які праіснаваў звыш 70 гадоў, быў выпісаны апошні пацыент зь ліку амаль дзьвюх тысячаў былых афіцэраў, вэтэранаў вайны і адстаўнікоў, што жывуць у горадзе. Шпіталь зачынены ў сувязі з тым, што ў горадзе апусьцелі амаль усе вайсковыя гарадкі, гарнізоны якіх у апошні час былі пераведзеныя ў іншыя месцы. Для вырашэньня ўзьніклых у сувязі з гэтым праблемаў Слуцак наведалі міністар абароны Леанід Мальцаў і прадстаўнікі аблвыканкаму. Яны сустракаліся з «вэртыкальлю», пакрыўджанымі вэтэранамі, кіраўнікамі тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня. Прайшла дзелавая размова па пытаньнях працаўладкаваньня 200 работнікаў былога шпіталю і далейшага абслугоўваньня яго колішніх пацыентаў. Госьці запэўнілі, што месцы ў раённай больніцы і клініцы для былых «гарнізонных» мэдработнікаў (адных мэдсёстраў 80 чалавек) знойдуцца ўсім. Але ў гэта цяжка верыцца. Засумавалі й адстаўнікі, бо цяпер ім давядзецца выстойваць у доўгіх чэргах на прыём да лекараў гэтак жа, як і ўсім іншым пацыентам. Лёс капітальна збудаваных у 30-я будынкаў шпіталю пакуль ня вырашаны. Мо выставяць на аўкцыён, калі аблвыканкам не пакладзе на іх уладную руку.

Міхась Тычына, Слуцак

Адстаялі ранішнік

Партыя БНФ адстаяла беларускамоўнае навагодняе сьвята ў Жодзінскай беларускай гімназіі. Школьныя ўлады адмаўляліся рабіць навагоднюю ёлку, кажучы, што дзеці не разумеюць беларускай мовы. Тады сябры жодзінскіх арганізацыяў БНФ, ТБМ і ГА «Ліцьвіны» адмовіліся весьці сваіх дзяцей на расейскамоўны ранішнік. Улады пачалі перамовы. Беларускамоўная ёлка ў Жодзіне адбылася 28 сьнежня а 15-й у актавай залі Жодзінскай беларускай гімназіі.

Алесь Вольны, Жодзіна

Лучанок стаў праваслаўным

Народнага артыста Беларусі кампазытара Ігара Лучанка ў суботу хрысьцілі. Цырымонія адбылася ў будынку менскае мітраполіі. Хросным бацькам кампазытара стаў ягоны сябар, былы дзяржсакратар па нацыянальнай бясьпецы і барацьбе са злачыннасьцю Генадзь Данілаў, хроснай маці — выкладчыца музычнай школы з Мар’інай Горкі (адкуль родам Лучанок) Тацяна Васільева. І.Лучанку, аўтару вядомых песень «Мой родны кут», «Алеся», «Вэраніка» і інш., цяпер 64 гады. Хрысьціў яго асабіста мітрапаліт Філарэт.

Б.Т.; Інтэрфакс

Кабета бывае кусачай

Суд даў жыхарцы Пінску год папраўчых работаў за нанясеньне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў падатковаму інспэктару. Жанчына пакусала інспэктара (адказнасьць за ўкусы чалавекам у Крымінальным кодэксе не прадугледжаная).

У раёне Цэнтральнага рынку гораду падатковыя інспэктары праводзілі мерапрыемствы па спыненьні гандлю ў недазволеных месцах. Затрымалі жанчыну з двума слоікамі алею. Яна і раней нелегальна гандлявала прадуктамі з Польшчы. Пры складаньні адміністрацыйнага пратаколу за незаконны гандаль кабета паводзілася спакойна. Калі ж паспрабавалі канфіскаваць алей, яна ўчапілася зубамі ў пальцы падатковага інспэктара, які трымаў слоікі. Пацярпелы зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу — сьляды зубоў былі заўважныя яшчэ праз тыдзень.

Б.Т.; БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0