Прычыны чарговай расейскай газавай атакі на Беларусь лягчэй камэнтаваць, калі аналізаваць яе магчымыя наступствы. Якія, у сваю чаргу, спрагназаваць даволі проста, калі ўзяць пад увагу цяперашні стан беларускай эканомікі. Цяжка пагадзіцца з тымі, хто канстатуе яе ўздым, але і пра відавочны каляпс казаць ніяк нельга. Некаторыя паказчыкі сьведчаць нават пра папраўку эканомікі. Напрыклад, імклівы рост цэнаў на жытло ня можа адбывацца бяз росту пакупніцкай здольнасьці насельніцтва (некаторыя запярэчаць, што ніякага росту і не было: у пераліку на эўра квадратны мэтар менскай жылплошчы каштуе столькі ж, колькі і каштаваў два гады таму).

Тое самае тычыцца росту заробкаў у прыватным сэктары, павелічэньня таваразвароту, які падтрымліваецца танным гуртовым гандлем, што нарэшце зьявіўся ў буйных гарадах, і г.д. Аднак увесь гэты адносны дабрабыт трымаецца на рэштках беларуска-расейскай інтэграцыі, якую апошнія верасьнёўскія падзеі ды заявы могуць канчаткова пахаваць.

Дарагі рубель

Увесь пазытыў так ці інакш зьвязаны з тым, што рэальны абменны курс беларускага рубля ў апошнія гады значна завысіўся. Падвышэньне рэальнага абменнага курсу і выклікае рост актыўнасьці ў «неэкспартным сэктары», які арыентуецца на ўнутраны рынак, — у сфэры нерухомасьці й паслугаў. Патаньненьне імпарту падтрымлівае пакупніцкую здольнасьць насельніцтва.

Але занадта дарагі рубель падрывае канкурэнтаздольнасьць экспарту: дэфіцыт гандлёвага балянсу дасягае ўжо мільярда даляраў, што для Беларусі — гіганцкая сума, бо вымагае агромністага фінансаваньня. Дэфіцыт цісьне на нацыянальную валюту, гуляючы на паніжэньне яе курсу. З апошнім праблемаў пакуль не было, бо «пад валютную інтэграцыю» Беларусь атрымлівала стабілізацыйныя крэдыты ад Расеі. Пры такім раскладзе можна было адмовіцца ад рэфармаваньня рэальнага сэктару, ня думаць пра рэалістычную манэтарную палітыку. Нарэшце, пастаўкі газу па цэнах «пятага поясу» Расеі дапамагалі падтрымліваць унутранае пераразьмеркаваньне і затыкаць дзіркі там, дзе было трэба. Не сакрэт, што спажыўцы атрымліваюць газ па цэнах, што моцна розьняцца ад закупных. Малаімаверна, каб уся розьніца ішла ў прэзыдэнцкія фонды, як піша расейская прэса. Падтрымка прадпрыемстваў-банкрутаў, пэнсіянэраў, сельскай гаспадаркі была б тады немагчымая ў тых памерах, у якіх яна практыкуецца.

Удар з рэформамі і без

Адмова ад валютнай інтэграцыі (а значыць, і ад далейшых крэдытаў), а таксама дэмарш «Газпрому» азначае канец усяму гэтаму. У суме гэта цягне на дадатковыя выдаткі ў памеры 500 млн даляраў у год. (Паводле падлікаў «НН», 300 млн даляраў; гл. артыкул Уладзя Калупаева «Двайное дно расейскіх датацый» у №42 за 2002. — Рэд.) Што адбудзецца далей з эканомікай — прагназуйце самі. Сцэнар можа быць вельмі падобны да ўсходнеазіяцкага, аргентынскага ці нават расейскага (узору 1998 г.). Там таксама ўсё пачыналася з каляпсу пераацэненай нацыянальнай валюты, якую раптам не было каму і чым падтрымліваць.

Магчымыя наступствы — банкаўскі крызыс (асаблівы ўдар па тых, хто трымае грошы на рублёвых дэпазытах), заняпад усіх сэктараў, што ў апошнія часы квітнелі, зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці. Дадайце да макраэканамічных структурныя праблемы беларускай эканомікі, магчымасьць банкруцтва шматлікіх прадпрыемстваў з тых 50%, што стратныя сёньня. Банкруцтвы наўрад ці будуць масавымі (некаторых патаньненьне рубля нават выратуе). А вось удар па жыцьцёвым узроўні насельніцтва, асабліва той часткі, дабрабыт якой залежыць ад дзяржаўнага пераразьмеркаваньня, можа быць вельмі істотны. Калі ня верыце, прыгадайце, якім падвышэньнем камунальных коштаў скончылася леташняя газавая атака.

Адбываецца тое, што і мусіла адбыцца. Газавы «камунізм» пасадзіў беларускую эканоміку на наркатычную іголку, і чым даўжэй гэты наркаман — эканоміка на ёй сядзіць, тым цяжэй будзе зьлезьці. Сытуацыю можна было б выкарыстаць, каб нарэшце распачаць неабходныя рэформы. Але — палітычны момант зусім не пасуе для такіх захадаў. Маецца на ўвазе магчымы рэфэрэндум ці які іншы спосаб працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. Прызначаць яго на момант, калі насельніцтва адчуе самы магутны ўдар рэформаў, раўназначна палітычнаму самагубству. Але калі расейскія пагрозы зьдзейсьняцца, удар непазьбежны і без усялякіх рэформаў.

Шляхі дэзінтэграцыі

Цяжка ўявіць, што расейскі ўрад і «Газпром» ня бралі пад увагу магчымыя палітычныя наступствы сваіх захадаў. Беларуска-расейская дэзінтэграцыя выглядае ня менш палітызаванай, чым сваім часам інтэграцыя. Тады ўсё працавала на карысьць Лукашэнкі, цяпер — супраць яго. Відаць, выконваецца пэўная палітычная замова. А значыць, справа нават ня ў тым, што беларускі лідэр ня хоча расейскага рубля ці не зьбіраецца аддаваць «затанна» беларускую ўласнасьць. Каб і аддаў — не ўратаваўся б, бо страта стратэгічных камандных вышыняў у эканоміцы робіць яго бездапаможным перад палітычным ціскам.

Дзеяньні афіцыйнага Менску залежаць ад таго, ці існуе насамрэч палітычная замова. Калі не, Лукашэнка вымушаны будзе саступаць Маскве. Калі так — саступкі бессэнсоўныя. Тады кіраўніку дзяржавы застанецца выбраць паміж двума варыянтамі. Першы — тэрмінова палепшыць адносіны з Захадам, каб атрымаць хоць нейкія крэдыты (візыт місіі МВФ у Беларусь — знакавая падзея, якая сьведчыць, што такі варыянт прапрацоўваецца). Гэта дазволіць выйграць час, але запатрабуе хоць дэкаратыўнай, ды лібэралізацыі. А значыць, рэфэрэндум пакуль адкладаецца. Другі варыянт — працаваць выключна сілавымі мэтадамі ўнутры краіны, інтэнсыфікаваць зьнішчэньне ўнутранай апазыцыі, каб перажыць цяжкія часы на абсалютна голым палітычным полі. Тады рэфэрэндум правядуць у найбліжэйшы час, магчыма, да зімы. Як яно будзе насамрэч — хутка пабачым. Шмат што праясьніцца ўжо пасьля саміту СНД у Ялце.

Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0