Якімі навінкамі сустрэнуць пасьля летніх адпачынкаў прылаўкі кнігарань?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, карэспандэнт «НН» зьвярнуўся ў выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларуская навука», «Беларускі кнігазбор», «Тэхналёгія» і «Логвінаў».

Да пачатку новага сэзону адмысловую падрыхтоўку вядуць толькі дзяржаўныя выдавецтвы: іхны разьлік — на Дзень беларускага пісьменства, што сёлета мае адбыцца ў Тураве. У «Мастацкай літаратуры» выйдзе кніга «Зямля Залатавуста» — пра літаратурны Тураў. У яе апрача твораў прызнаных аўтараў увайшлі вершы, апавяданьні, гістарычныя нарысы тураўчан.

Выдавецтва «Беларуская навука» падрыхтавала да сьвята гістарычныя выданьні: «Старажытнасьці Тураўшчыны» Леаніда Побаля, «Старажытны Тураў» Пятра Лысенкі (абедзьве па-расейску) і калектыўную працу «Тураў: мінулае, сучаснае, будучае».

З Палесься да Монтэ-Касына

«Беларускі кнігазбор» рыхтуе чарговую кнігу зь «зялёнай», гістарычнай сэрыі — (1856—1936) «Рэчыцкае Палесьсе» Часлава Пяткевіча. У таміну, укладзеную Ўладзімерам Васілевічам, увайшлі этнаграфічныя працы. Па-польску апошняя кніга Пяткевіча выходзіла ў 1938 г. Паводле дырэктара выдавецтва Генадзя Вінярскага, «Рэчыцкае Палесьсе» мае стаць бэстсэлерам сэзону.

Апрача таго, выдавецтва заплянавала кнігу вершаў Ларысы Раманавай «Птушкі і рыбы», вокладка якой будзе аздоблена карцінай Алеся Пушкіна. Эсэ Ўладзімера Ліпскага «Бацька. Пісьмы сына» працягнуць радаводныя дасьледаваньні, распачатыя ў кнігах «Я: праўдзівы аповед пра мой і твой радавод», «Бацькі і дзеці».

Для аматараў гісторыі падрыхтавана выданьне «Бітва пад Монтэ-Касына» (на аснове няскончанай працы Пятра Сыча, дапісанай Вінцэнтам Жук-Грышкевічам). Для больш вузкага кола чытачоў прызначаная манаграфія эстэтыка Міколы Крукоўскага «Бляск і трагедыя ідэалу».

Жыцьцяпіс Палуты

Галоўны рэдактар «Тэхналёгіі» Зьміцер Санько сярод навінак вылучае дзьве найбольш значныя: «Назвы населеных пунктаў Беларусі. Гарадзенская вобласьць» (першая кніга гэтай сэрыі пералічвала паселішчы Меншчыны) і першы жыцьцяпіс Палуты Бадуновай, які выйдзе ў сэрыі «Нашы славутыя землякі», — «Пуцявінамі змаганьня і пакутаў» аўтарства гомельскай дасьледчыцы Валянціны Лебедзевай.

Дасьледаваньне Вячаслава Насевіча «Традыцыйная беларуская вёска ў эўрапейскай пэрспэктыве» мае шанец адразу ж зрабіцца рарытэтам: наклад сягае толькі 1000 асобнікаў. Гэта ўнікальная праца: на прыкладзе вёскі Корань, што на Лагойшчыне, аўтар дасьледаваў гісторыю беларускай вёскі наагул — ад XІV да XX ст.

«Жаночыя п’есы» Кавалёва

Выдавецтва Ігара Логвінава спэцыялізуецца на публікацыі літаратурнага авангарду. Ня здрадзіла сабе выдавецтва і гэтым разам: тут рыхтуюцца паэтычныя зборнікі Вікі Трэнас «Цуд канфіскаванага дзяцінства» і Вальжыны Морт «Я тоненькая, як твае вейкі» (з паэмай «Гопнікі»). Разам з прадстаўнікамі «Бум-Бам-Літу» друкуюцца ў Логвінава й «нэаклясыкі» пакаленьня «Тутэйшых». 5 верасьня мае ўбачыць сьвет кніга п’ес Сяргея Кавалёва «Навука каханьня». За ёю рыхтуецца кніга «пятрогліфаў і філялягемаў» Пятра Васючэнкі «Адлюстраваньні першатвору». У больш далёкіх плянах выдавецтва — гістарычная проза Ўладзімера Арлова, кніга лімэрыкаў Андрэя Хадановіча, зборнік вершаў Леры Сом.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0