5 кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасьць газэты «Неделя», якая пасьпела да гэтага часу выпусціць усяго адзін нумар.

Гэта ўжо 11-е выданьне, выпуск якога прыпыніла міністэрства з пачатку выбарчай кампаніі. Сукупны разавы наклад гэтых газэт — больш за 100 тысяч ас.

У 2004 г. міністэрства прыпыняла дзейнасьць 17 недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У якасьці нагодаў для гэткіх жорсткіх захадаў у загадах міністра Ўладзімера Русакевіча называюцца нязначныя парушэньні, факт якіх шмат у якіх выпадках нічым не пацьверджаны. Але нават калі гэтыя парушэньні і мелі месца, яны маглі б быць лёгка зьліквідаваныя. Аднак міністэрства цынічна папярэджвала рэдакцыі пра парушэньне закону ў той жа дзень, калі выдавала загады аб прыпыненьні выхаду газэт.

Беларуская асацыяцыя журналістаў:

— выказвае пратэст у сувязі з прыпыненьнем дзейнасьці недзяржаўных друкаваных выданьняў;

— рэзка адмоўна ацэньвае дзейнасьць міністра інфармацыі У.Русакевіча. З моманту прызначэньня яго на пасаду (жнівень 2003 г.) колькасьць зарэгістраваных пэрыядычных друкаваных СМІ ў краіне штомесяц зьмяншаецца ў сярэднім на 20 выданьняў;

— нагадвае службовым асобам міністэрства, што іх дзейнасьць знаходзіцца ў полі пільнай грамадзкай увагі і атрымлівае належную маральную і прававую ацэнку;

— патрабуе ад кампэтэнтных органаў Беларусі тэрмінова спыніць разгорнутую Мінінфармацыі кампанію перасьледу незалежных СМІ;

— выказвае падтрымку рэдакцыйным калектывам прыпыненых выданьняў;

— заклікае чытачоў «часова забароненых» газэт выказваць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца.

Выбар, якую газэту чытаць, кожны павінен рабіць сам, а не міністэрскія чыноўнікі, якія прысвоілі сабе права вырашаць гэта за ўсіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0