Гутарка з айцом Аляксандрам Надсанам

"НН": Пачаткі кожнага чалавека ў яго дзяцінстве, у тым ліку там фармуецца сьвядомасьць прыналежнасьці да свайго народу. Ці маглі б Вы крыху расказаць пра сваё дзяцінства?

Аляксандар Надсан: Я нарадзіўся ў Гарадзеі - невялікім мястэчку зь мяшаным насельніцтвам. Мае бацькі былі настаўнікамі, але ўсе мае сябры былі звычайныя вясковыя дзеці, таму паміж сабою мы размаўлялі па-беларуску, хоць у школе гаварылі на іншай мове. Памятаю, як аднойчы, калі быў яшчэ малы, бацька папрасіў мяне ў публічных месцах гаварыць зь ім па-польску, каб не зрабіць яму прыкрасьці, бо яму зьвярталі на гэта ўвагу. Мы былі малыя і не задумваліся, хто мы такія. Першы раз паўстала гэтае пытаньне толькі ў першай клясе гімназіі ў Баранавічах. Прыйшоў клясны настаўнік, каб запісаць нас, і трэба было адказаць на пытаньне пра нацыянальнасьць. Для нас гэта было натуральна, што мы беларусы, ніякага геройства, каб гэта сказаць, не было.

"НН": Калі Вы ўсьвядомілі па-сапраўднаму, што Вы беларус?

АН: Недзе перад пачаткам вайны, пасьля некалькіх прыкрых сутыкненьняў, калі мне было гадоў 10-12. Ужо тады мы адчувалі, што мы не палякі. Калі ж пачалася вайна ў 1939 г., для нас тады ўжо не было ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Між іншым, калі прыйшлі камуністы, першы год навучаньня ў школе быў толькі на беларускай мове, расейскай мовы нават як прадмету не было. Але ў наступным годзе раптам у беларускую школу прысылаюць дырэктарку з Масквы, якая па-беларуску слова ня ведала. Мы паміж сабою гаварылі па-беларуску, дык яна нам забараніла гаварыць так, на што мы ўсе ўзбурыліся: якім правам, гэта ж беларуская школа. Мы былі ўжо вялікія, нешта разумелі і сказалі ёй, што савецкая канстытуцыя дае ўсім права вучыцца на сваёй мове і мы будзем скардзіцца. Яна спалохалася і апраўдвалася, што хацела, каб мы лепш навучыліся расейскай мовы. Магчыма, што яе сапраўды маглі б за гэта пакараць, бо калі бальшавікі прыйшлі, то хацелі паказаць, што ўсе народы ў Савецкім Саюзе роўныя.

"НН": Што мела найбольшы ўплыў на Вашу сьвядомасьць?

АН: Як ні дзіўна, але першы год савецкай школы даў найбольш. Гэта было нешта новае, што ўсё па-беларуску. Дагэтуль жа школа была польская, мы толькі на перапынках гаварылі па-беларуску. Таксама розныя маленькія эпізоды, маленькія здарэньні мелі свой уплыў. Наша настаўніца беларускай мовы Людміла Жураўлёва яшчэ да вайны скончыла беларускую гімназію ў Наваградку, а потым у польскай пачатковай школе была настаўніцай. Калі рабіліся сьвяты песьні, дык пераважна былі польскія песьні, а яна асьмелілася і зрабіла інсцэніроўку, дзе была таксама наша песьня. Усе адразу пачалі пляскаць. Яна потым атрымала збучку за гэта ад дырэктара школы, які быў паляк.

"НН": Якая была Ваша дарога да рэлігіі, да Бога?

АН: У польскай школе была навука "рэлігія", але нейкага асаблівага ўражаньня яна не зрабіла, паколькі для нас гэта было нецікава. Гэта было нешта цяжкае, што трэба было адбыць як найхутчэй, каб пасьля забыцца. Ужо пасьля вайны прыйшло разуменьне, калі сутыкнуўся зь Сіповічам. Сьвятар - гэта заўсёды было нешта далёкае, а тут сустрэўся з маладым сьвятаром, ды яшчэ й сваім. Ён зрабіў вялікае ўражаньне на мяне. Але не адразу прыйшло разуменьне, прайшло некалькі гадоў, перш чым пачаў задумвацца над гэтым, чытаць, зьявілася патрэба малітвы.

"НН": Ці спадзяваліся Вы, калі апынуліся на Захадзе, што вернецеся ў Беларусь?

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Алесь Трафіменка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0