Гэта быў геній, якім яго апісваюць у падручніках мэдыцыны. Адзін з самых яркіх беларускіх кампазытараў ХХ стагодзьдзя.

Пры гэтым ён ня меў ніводнага прыжыцьцёва выдадзенага ў Беларусі запісу.

Ягоная «Бел-чорна-белая» п’еса застанецца такім сама вечным сьведчаньнем пра лукашэнкаўскую эпоху-сынкопу, як Блякадная сымфонія Шастаковіча — пра нацысцкую аблогу Ленінграду. Стома нарадзіўся ў Літве, заўжды размаўляў толькі па-беларуску і правёў 11 апошніх гадоў жыцьця ў Польшчы наладчыкам музычных інструмэнтаў.

Гэта быў геній, якім яго апісваюць у падручніках мэдыцыны. Ён усё жыцьцё вучыўся. Меў філялягічную і музычную адукацыю, цікавіўся мэдыцынай, атрымаў дыплём мастацтвазнаўцы. У Кансэрваторыю паступіў, калі ўжо скончыў Інстытут замежных моў. Ведаў францускую, нямецкую, польскую, ангельскую, расейскую, літоўскую і лацінскую мовы.

Выдавец Міраслаў Адамчык, які езьдзіў з кампазытарам у адну з фальклёрных экспэдыцый у 1986 г., прыгадвае, што імі, 20-гадовымі, навучэнец «кансы» 32-гадовы Стома ўспрымаўся як дзед: «Доўгая барада і лысіна, дзівак, але які аўтарытэт! Ён заходзіў у касьцёл за Нараччу, сядаў і граў на аргане».

Сябар Стомы Ўладзіслаў Ахроменка, які жыў зь ім на адным паверсе ў кансэрваторскім інтэрнаце на Старавіленскай, усьміхаецца: «На выгляд ён быў Карабасам Барабасам». «У свой пакойчык, — прыгадвае кампазытар Зьміцер Лыбін, іншы калега Стомы па кансэрваторыі, — Мікола цягнуў даведнікі і слоўнікі на розных мовах. Той жа пакой служыў цэнтрам сучаснай музыкі, куды выпісваў з-за мяжы каштоўныя музычныя запісы, якіх па тым часе дастаць у Беларусі было немагчыма».

Стома быў з падвіленскага шляхецкага роду, чым вельмі ганарыўся, пісаўся ва ўсіх дакумэнтах палякам, марыў жыць у Вільні, але размаўляў выключна па-беларуску. Калі ў яго нехта пытаў, чаму ён карыстаецца беларускай мовай, адказваў: «Таму што беларус». У.Ахроменка згадвае: «У тыя часы ў кожнай кансэрваторскай групе быў яркі нацыяналіст. Асабліва вылучаліся Кастусь Сакалоўскі, Ларыса Сімаковіч і, вядома, Стома».

Іншае жыцьцё

Па заканчэньні кансэрваторыі ў 1991 г. Мікалай Стома зьяжджае ў Варшаву, дзе працягвае навучаньне ў Варшаўскай музычнай акадэміі. У Менск ён так і не вярнуўся.

У Варшаве кампазытар пражыў 11 год — у кастрычніку 2002 году яго ня стала. Яго сямейнае жыцьцё ня склалася: жонка і сын жылі ў Літве, Стома — пераважна ў аднапакаёўцы ў Варшаве. Меў два грамадзянствы — польскае і літоўскае.

Працаваў ён наладчыкам каштоўных інструмэнтаў у Варшаўскай і Беластоцкай музычных акадэміях, у Варшаўскай ён выкладаў па клясе фартэпіяна.

Ён заўсёды радаваўся гасьцям зь Беларусі. Калі беларускія музыкі прыяжджалі на «Польскую музычную восень» — выступаў для іх у якасьці перакладчыка. Зьміцер Лыбін бачыўся са Стомам за некалькі дзён да яго сьмерці, той быў у дэпрэсіі праз праблемы са зрокам, але па-ранейшаму шмат працаваў.

Несаюзны кампазытар

Некаторыя ягоныя творы гучаць на Беларускім радыё, некаторыя вывучаюцца ў дысэртацыях сёньняшніх навучэнцаў Беларускай акадэміі музыкі. Сам Стома так і ня стаў сябрам Беларускага саюзу кампазытараў. Кажуць, што праз адсутнасьць патрэбнай гнуткасьці, бо ніколі ня ўтойваў сваіх меркаваньняў. Затое Стома стаяў ля вытокаў Беларускага таварыства сучаснай музыкі, заснаванага ў 1990 г.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

ПЛЫВЕЦ З ТРОЦКІХ АЗЁРАЎ

Яшчэ ў брэжнеўскія часы мне пашчасьціла пазнаёміцца зь Міколам Стомам на сходках «Майстроўні», што адбываліся ў Палацы прафсаюзаў. Ужо сваім выглядам ён абарачаў на сябе ўвагу: ссутулы, худы, доўгабароды, з даўгімі нэрвічнымі пальцамі, ён заўсёды нібы крыху ўсьміхаўся. Але тады я нават не наважваўся зь ім гутарыць, бо меркаваў, што ён нашмат старэйшы. Хоць у ягоных, дарэчы, вельмі артыстычных, паводзінах не было ніякага дыстансу ад маладзейшых.

Шмат пазьней мне даводзілася бачыцца са Стомам у незалежнай ужо Літве, грамадзянінам якое ён стаў. Аднаго сьпякотнага летняга дня ён зьявіўся ў віленскай Рэдакцыі «НН» — цыбаты, бледны, але ўсё з той жа паўусьмешачкай у вачах. Тады, разгаварыўшыся як сьлед, дазналіся, на свой подзіў, што ён моцна захапляецца спортам і пры кожнай магчымасьці імкнецца на Троцкія азёры плаваць. А наагул ён бываў у Літве вельмі часта, у падвіленскім мястэчку Лендварова (цяпер Lentvaris), дзе жылі ягоныя бацькі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Сяргей Харэўскі

НЕВЯДОМЫ КАМПАЗЫТАР

«Works». Творы Мікалая Стомы.

Неймаверныя часам трапляюцца дыскі! Збор твораў заўчасна памерлага кампазытара і піяніста Мікалая Стомы прыносіць некалькі твораў, якія дэманструюць рознабаковасьць яго творчых памкненьняў і адначасова даюць адчуць глыбіню сапраўднага таленту музыкі.

Народжаны ў 1954 годзе, ён з часам набыў глыбокія веды ў розных галінах, у тым ліку ў гісторыі, атрымаў адукацыю як піяніст і кампазытар, у 1991 годзе пераехаў у Польшчу, дзе хутка набыў аўтарытэт у Варшаўскай акадэміі музыкі, чытаючы лекцыі ды выступаючы з канцэртамі. Ён быў сапраўды сучасным музыкам, пісаў як для традыцыйных інструмэнтаў, так і для сынтэзатара, ягоная музычная мова ня ведала абмежаваньняў. Пры гэтым як творца ён ня жыў замкнёна ад таго, што адбывалася навокал. І тое, што Зянон Пазьняк прысьвяціў музыку верш «Музыка Міколы Стомы», таксама шмат пра што гаворыць. Дастаткова праслухаць гэты дыск, каб нават ня дужа апантаны сучаснай акадэмічнай музыкай чалавек зразумеў, якога творцу страціла Беларусь.

Дыск складзены з адрэстаўраваных запісаў Стомы розных гадоў, зробленых у розных месцах. Адкрываецца альбом этудам для арфы — надзвычай сьветлым, калярыстычным творам, які літаральна прыадчыняе таямніцы і магчымасьці гэтага інструмэнта найперш для тых, хто раней ня чуў яго сола. «Повязі» для дзьвюх флейтаў — віртуозны твор камэрнага пляну. «Blanche-Noire-Blanche» выконвае на фартэпіяна сам аўтар. А інакш і быць не магло: гэты праграмны твор, вельмі драматычны паводле зьместу, нават змрочны, прысьвечаны сучаснай Беларусі, рэаліям жыцьця ў «самай дэмакратычнай» краіне сьвету. Шчыра кажучы, зь ліку сучасных кампазытараў нават цяжка й прыгадаць што-небудзь больш пранізьлівае. Магчыма, і ёсьць падобнага зьместу творы, ды дзе ж ты іх пачуеш?! Мо толькі ў Варшаве…

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Зьбянтэжаны СЛУХАЧ

Мікалай Стома

УСЁ ГЭТА МІСТЫЧНА

Мікалай Стома нарадзіўся 6 ліпеня 1954 г. у Дварцы (Гарадзеншчына). Яго маладосьць прайшла ў Беларусі, хаця ў студэнцкія гады ён пападарожнічаў па прасторах былога СССР. У 1976 г. атрымаў дыплём спэцыяліста ў галіне замежных моў. У 1982 г. ён пайшоў па сапраўднае пакліканьне, паступіўшы ў Менскую музычную вучэльню і працягнуўшы адукацыю ў Менскай кансэрваторыі ў 1986 г. Пад канец гэтага пэрыяду ён зрабіўся выдатным піяністам і неардынарным кампазытарам.

У 1991 г. Мікола пераехаў у Польшчу, краіну сваіх продкаў, спадзеючыся зарабіць там на дом для сваёй жонкі, якая часова засталася ў Вільні. Годам пазьней, ужо стаўшы бацькам, паступіў у Шапэнаўскую акадэмію музыкі ў Варшаве, выступаў як піяніст. Адораны дасканалым слыхам, ён зрабіўся наладчыкам фартэпіяна. Ён таксама чытаў лекцыі, выступаў з канцэртамі, даваў прыватныя ўрокі музыкі і пастаянна займаўся перакладамі, каб практыкавацца ў шасьці замежных мовах, якімі ён дасканала авалодаў раней. Валоданьне гэтымі мовамі было таксама ягоным ключом да багацьцяў літаратуры і гісторыі, якімі ён так захапляўся.

Ягоная нечаканая сьмерць 6 кастрычніка 2002 г. стала шокам для ўсіх, хто любіў гэтага сяброўскага, сьціплага, неардынарнага чалавека.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

МБ, АГ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0