Пакаленьне тых, каму сёньня пяты дзясятак, ня выканала сваёй гістарычнай місіі.

Мы беларусы — людзі балота,

Дзеці стаячай вады,

Мы беларусы — ціхія людзі,

Дзеці нябачнай бяды.

Ян Капалло. «Дзеці і чэрці»

«Тут спыніўся час», — кажуць тыя, хто адсутнічаў у Беларусі 15 год. «Мы вельмі задаволены жыцьцём і асабліва прэзыдэнтам», — цьвердзяць пэнсіянэры. «Куды б зьбегчы ад такога маразму?» — думае большасьць маладых людзей і шукае спосабы застацца за мяжой. Некаторыя ня думаюць, а дзейнічаюць. 19-гадовая дзяўчына зайшла пазычыць грошай да суседкі-пэнсіянэркі і, не атрымаўшы іх, стукнула старую па галаве, ад чаго тая памерла. Два маладыя бэйбусы, што залезьлі ў хату аднавясковак, паквапіліся на дзьве пэнсіі (амаль паўмільёна!), а забраўшы грошы, забілі гаспадынь ды падпалілі хату. Выпадковасьць? Але такіх «выпадковасьцяў» становіцца ўсё больш у «ціхім балоце» нашых вёсак і малых гарадоў.

Маладыя паўстаюць супраць старых. Работы — няма, бацькі самі беспрацоўныя або ледзь зводзяць канцы з канцамі, зваліць за мяжу ці проста зьехаць зь мястэчка няма грошай, а тут пад бокам жывуць старыя нямоглыя «багацеі»: пэнсіі за 200 тысяч — гэта ж 100 пляшак «чарніла»! Вось яна, спакуса для нью-Раскольнікавых…

Сёньняшняе беларускае грамадзтва можна падзяліць на тры вялікія пласты. Першы — невыпраўна-савецкія людзі: старэйшае пакаленьне і прадстаўнікі цяперашняй улады (незалежна ад узросту) на чале з Лукашэнкам. Другі — «сапсаваныя» савецкія людзі: пераважна сярэдняе пакаленьне, хто вырас і сфармаваўся ў савецкі час, але добра сербануў перабудовы, нацыяналізму ды іншага вальнадумства ў пачатку 1990-х. І трэці — маладыя, хто ведае пра Саветы з аповедаў старэйшых таварышаў ды школьных падручнікаў.

Галоўная ж праблема ў тым, што першыя — «невыпраўныя» — за апошнія дзесяць гадоў манапалізавалі ня толькі ўладу, але і сыстэму грамадзкай камунікацыі, што заблякавала патэнцыял разьвіцьця іншых сацыяльных груп. Прычым самы вялікі канфлікт, калі ня поўнае неразуменьне, існуе паміж пакаленьнем, загартаваным у індустрыяльным чэраве савецкай імпэрыі, ды зусім маладымі беларусамі, «расьпешчанымі» кампутарамі ды салодкімі марамі спажывецкага грамадзтва. Ім толькі паказалі «цукерку», але не далі магчымасьці ўзяць і замест «аўтабану лібэральных гонак» загналі ў калгаснае стойла. Вядома, рана ці позна гэта прывядзе да выбуху. Ёсьць, аднак, спосаб адцягнуць гэты момант — пастаянна выціскаць найбольш думаючых і актыўных за межы краіны, а на тых «нармальных», хто ня можа стрымаць злосьць і зайздрасьць да старых «багацеяў», ёсьць крымінальны кодэкс і месцы на нарах. Відаць, такі шлях таксама ня самы лепшы, а ўрэшце проста тупіковы, бо зьдзяйсьняе «натуральны адбор наадварот».

Праз 10—15 год сёньняшняя моладзь стане апорай краіны, але можа здарыцца, што абаперціся ня будзе на каго. Кар’ерысты-падпявалы з БРСМ, вызваленыя з «зоны» забойцы пэнсіянэрак ды былыя двоечнікі-алігафрэны з алькагольных сем’яў — цудоўная кампанія для «прарыву ў XXI стагодзьдзе» праз «крэмніевую» даліну! Відаць, гэта ўжо даходзіць і да ўладаў, бо інакш як разумець захады па ўскладненьні выезду за мяжу маладых і малых беларусаў?

Тым ня менш, галоўны вэктар сацыяльнай палітыкі скіраваны на тое, каб пэнсіянэры і далей станавіліся спонсарамі сваіх дзяцей і ўнукаў, здаровых, але беспрацоўных ці зарабляючых амаль як беспрацоўныя. Гэта наўпрост вядзе ня толькі да сьветапогляднага, але і да матэрыяльнага супрацьстаяньня пакаленьняў, якое часам прымае крымінальныя формы. Маладыя — хочуць ды ня могуць, старыя — ня хочуць, але пакуль могуць уплываць на ўладу і сытуацыю.

Праўда, жыцьцё старых — гэта яшчэ 5—10 год, за якімі можа настаць поўны разрыў эпох і разбурэньне ідэйных, эканамічных і палітычных асноў сёньняшняй сыстэмы. Тое, што гэта будзе непазьбежна, гарантуе прыклад нашых суседзяў і лёгіка агульнаэўрапейскага разьвіцьця.

А што ж сярэдняе пакаленьне, спытаеце вы? Уся бяда ў тым, што маё пакаленьне, каму сёньня пяты дзясятак, ня выканала сваёй гістарычнай місіі. Мы так і ня сталі тым мастком паміж савецкім часам, дзе прайшла першая палова нашага жыцьця, і дэмакратычным, ці, дакладней, постіндустрыяльным грамадзтвам, у якім сёньня жыве Эўропа ды іншыя лідэры сьвету. Спачатку мы былі вельмі занятыя татальнай крытыкай, потым «раскопкамі» савецкай мінуўшчыны, каб думаць пра сёньняшні час ці недалёкую будучыню. Як старэйшае пакаленьне назаўсёды засталося «кантужанае» вайной, так нашае — камунізмам. Фактычна большая частка нашай энэргіі пайшла на разбурэньне камуністычнай спадчыны, на спробу ачысьціць сябе ад яе «ружовых плям». Часам гэта быў марны занятак, але ў ім была і нейкая асалода. Беларус вельмі доўга цярпеў ды пакутаваў і ці ня стаў ад таго крыху мазахістам, які любіць пакапацца ў сваіх вантробах і лішні раз адчуць боль. Прынамсі, мазахісцкія настроі пачатку мінулага стагодзьдзя прысутнічаюць сёньня ня толькі ў паэзіі ці публіцыстыцы, але нават і ў палітыцы.

Будзе несправядліва не сказаць пра нацыятворчы працэс, якому многія мае равесьнікі аддалі нямала сіл. Вынік, праўда, неадназначны і напэўна пакідае жадаць лепшага. Слабым апраўданьнем зьяўляецца тое, што на ніве эканамічных і асабліва палітычных пераўтварэньняў зрухі яшчэ меншыя. Відаць, гэтыя працэсы моцна ўзаемазьвязаныя, але першасны сярод іх (тут я згаджуся з марксістамі) — эканоміка. Пусты страўнік і голая кішэнь — найлепшыя агітатары і настаўнікі. Пакуль жа адна палова нашых суграмадзян атрымлівае дастаткова грошай, каб не галадаць, а другая — дастаткова, каб ня выйсці на плошчу, — рэвалюцыі ня будзе. Будзе ціхая вайна ды нарастаючая нянавісьць «маладых-гарачых» да «старых пердуноў», «якія не даюць нармальна жыць», а таксама афіцыйнае замоўчваньне сапраўдных сацыяльных канфліктаў. Замест таго зноў будуць падсоўваць тэледэбаты на тэму «Каму трэба беларускае кіно?».

У такой сытуацыі вельмі важна не паддавацца сыстэме, не апускацца да яе ўзроўню, не дэградаваць разам зь ёй ні маральна, ні разумова. Калі, напрыклад, пасьлязаўтра б монстар абрынуўся, ці знайшлося б у нас дастаткова цікавых ідэй і людзей, гатовых падняцца над узроўнем БТ, «СБ» ці Лукашэнкавага пляну «адраджэньня калгаснай вёскі»? Галоўная задача, на маю думку, — інтэлектуальнае самаразьвіцьцё, а таксама прафэсійная і кадравая падрыхтоўка да постаўтарытарнай эпохі. Напэўна, мае сэнс стварыць банк ідэй і праектаў у розных сфэрах дзейнасьці — ня толькі эканомікі, але і пэнсійнай сістэмы, адукацыі, аховы здароўя, экалёгіі, інфармацыйных тэхналёгій. Інакш на зьмену сёньняшнім коснаязыкім «камэнтатарам» прыйдуць такія ж убогія, але «нашы людзі», і вынік такога адраджэньня і дэмакратызацыі будзе ня лепшы, чым вынік папярэдняга. Гісторыя, літаратура і мастацтва — гэта добра і заўсёды будзе запатрабавана, але гэтага ўжо мала. Беларуская незалежная думка мусіць браць за свой аб’ект і іншыя сфэры.

На жаль, спрыяльных умоў для таго няма, аднак іншых ужо і ня будзе. Трэба карыстацца тым, што ёсьць. Працаваць і праз трэці сэктар, і празь мясцовую ўладу (у сацыяльна-актуальных пытаньнях дзе-нідзе гэта магчыма), і празь нефармальныя кантакты. 12 год, якія, на думку многіх, мы страцілі, насамрэч былі адтэрміноўкай, якую дала нам гісторыя перад стартам у новы час. І хай кожны азірнецца назад — што страціў, а што набыў ён за гэты пэрыяд, кім быў, а кім стаў сёньня? Ці гатовы мы яшчэ раз пачаць спачатку, ці лепш пакінуць гэтую місію маладзейшым? Ці зможам мы, «страчанае пакаленьне 1990-х», сказаць яшчэ сваё слова ў сучаснай беларускай гісторыі і зьдзейсьніць нарэшце тое, на што былі пакліканы лёсам?

Эпоха фальстартаў і «завочнага навучаньня» прайшла…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0