Жодзінскае «Тарпэда» захавала за сабой першае месца, адкінуўшы «Дарыду» на шостае. Паводле антрапамэтрычных даных маладыя жданоўскія футбалісты яўна саступаюць фактурным белазаўцам.

Рэпартаж Алега Раяўца.

Галоўны матч туру футбольнага чэмпіянату праходзіў у Кунцаўшчыне. На тамтэйшым стадыёне праводзіць хатнія паядынкі ждановіцкая «Дарыда». Каманда толькі трэці сэзон праводзіць у вышэйшай лізе: пазалетась яна была трынаццатай, у 2004 г. заняла 11-е месца. Сёлета пасьля чатырох тураў «Дарыда» ішла трэцяй, маючы «нуль» у графе паражэньняў і адзін прапушчаны мяч. Візыт у суботу ў Кунцаўшчыну лідэра чэмпіянату жодзінскага «Тарпэда» адкінуў «Дарыду» на шостае месца.

Выдаткі матчаў у выходныя

Найперш дам параду для «няконных» (безаўтамабільных) аматараў футболу, якія выбіраюцца на матч з далёкіх мікрараёнаў сталіцы. На матчы лепей выяжджаць за гадзіну, а то і паўтары. Транспарт ходзіць гады ў рады, некаторыя маршруты адменены. Я, напрыклад, ехаў з Курасоўшчыны толькі з адной пересадкай, але дарога заняла хвілін пяцьдзясят пяць. Хоць падарожжа цікавае — гэта ня з трактарнага заводу цягнуцца. Зялёныя пагоркі, пад Сухаравам амаль у нейкае рэдкалесьсе трапілі, потым зноў мікрараён зь дзевяціпавярховікамі-блізьнятамі. З гістарычных адметнасьцяў толькі шыкоўны царкоўны будынак з брукаванкай і агароджай перад галоўным уваходам ды крыжамі на шыбах. Прыналежнасьць да рэлігійнай дэмінацыі так і засталася для мяне загадкай.

Знайсьці стадыён было няцяжка. Арыентаваўся на фанацкія дудкі ды барабаны, што віталі адкрыцьцё гульні. Гэта былі некалькі дзясяткаў заўзятараў «Тарпэда». Яны віталі сваіх улюбёнцаў велізарнымі сіне-чырвонымі сьцягамі, ну амаль як на стадыёне «Ноў камп» у Барсэлёне, ды шматлікімі вершаванкамі.

Утульная арэна

Чытаючы прэсу, я падазраваў, што стадыён у Кунцаўшчыне сымпатычны. Але пабачанае пераўзышло чаканьні. Так, гэта вельмі ўтульная арэна на тры тысячы гледачоў з новымі, яшчэ чыстымі крэсламі. Па пэрымэтры стадыёну, адразу за глядацкімі трыбунамі, растуць бярозы. Уяўляю, што тут будзе праз два тыдні — калі «Дарыда» згуляе з «Гомелем», а вясна забуяе ўсімі фарбамі. Увосень ад хараства залатой восені вакол стадыёну ня будзе як вачэй адарваць. Прынамсі, будзе чым заняць сябе, нават калі гульня будзе малацікавай.

Адзіная праблема дарыдаўскага стадыёну — лёжа прэсы. Мала таго што разьмешчана на ўсходняй трыбуне — у ясны дзень сонца б’е проста ў вочы, — да таго ж разьлічана толькі на трох прадстаўнікоў журналісцкай прафэсіі. Адно з крэслаў займае судзьдзя-інфарматар з усімі прычындаламі. Добра, што стадыён у суботу быў запоўнены толькі напалову: вольных месцаў хапала. А калі на арэне будзе аншляг? У гэтым пляне VIP-лёжа выглядала куды больш паважна — і месцаў болей, і, здаецца, ад дажджу лепей абароніць. У суботу, напэўна, большасьць спартовых заўзятараў аддалі перавагу хакейнаму паўфіналу Канада—Расея. Таму знайсьці вольнае месца на заходняй трыбуне не ўяўляла цяжкасьцяў.

«Дарыда», ты — мая надзея

Як і водзіцца ў нацыянальным першынстве, пачатак гульні быў сумным. Ці то каманды прыглядаліся адна да другой, ці грэліся на вясновым сонейку. Пад вечар моцна пацяплела, ад цеплыні не выратоўвала нават засень заходняй трыбуны.

«Дарыда» адразу села ў глыбокую абарону, нягледзячы на заклікі свайго 30-гадовага галкіпэра Сяргея Шалая: «Не сядаем нізка!» Шумныя жодзінскія заўзятары адразу адрэагавалі: «Хлопцы, сядаем нізка!» Шалай сварыўся на сваіх. У параўнаньні больш выгадна глядзеўся кіпэр «Тарпэда» Ўладзімер Селькін, які як мог падбадзёрваў сваіх Санькаў і Дзёняў.

Маладым футбалістам «Дарыды» было цяжка цягацца з вопытнымі гасьцямі. Па антрапамэтрычных даных жданоўскія хлопцы яўна саступаюць фактурным прадстаўнікам «Тарпэда».

У першым тайме выхаванцы Людаса Румбуціса яшчэ даволі пасьпяхова супрацьстаялі набегам Жодзіна, дзе выдзяляліся Сяргей Ірха, Сяргей Зяневіч, Ігар Трухаў ды Віталь Радзівонаў. Раз-пораз «Дарыда» агрызалася контратакамі ці банальным вынасам мяча далей ад варот. Пяць разоў за гульню мяч вылятаў за межы трыбун. У перапынку я спэцыяльна пайшоў паглядзець, куды ж дзяваўся скураны сябра футбалістаў. Аказалася, што за заходняй трыбунай вялікі пустыр — пясок са сьлядамі нядаўніх дажджоў. Відаць, нешта з часам там пабудуюць.

Але ўтрымаць нічыю да перапынку ня здолелі, прапусьціўшы на апошняй хвіліне першага тайму выпад Віталя Радзівонава.

Каманды разышліся па разьдзявальнях — падапечныя Юр’я Малеева з прыўзьнятым настроем, «Дарыда» павесіўшы нос. Гледачы скіраваліся ў краму з старажытнай беларускай назвай «Каапэратар». Тых, хто застаўся на трыбунах, забаўлялі камандная песьня на беларускай мове («Дарыда», ты — мая надзея, «Дарыда» — сэрца маладзее») ды дыктар-інфарматар, які апэратыўна паведамляў пра вынікі астатніх гульняў туру. А калі абвясьціў, што на чэмпіянаце сьвету па хакеі Расея саступае Канадзе зь лікам 0:4, стадыён шчасьліва загуў. Цікава, адкуль бяруцца сацыялягічныя выкладкі, што беларусы як адзін выступаюць за саюз з «усходняй сястрой»?

Менскі кацёл

Прэсінг «Тарпэда» на вароты ў другім тайме працягнуўся. Хоць «Дарыда» час ад часу пагражала варотам жодзінцаў, прымусіўшы Селькіна зрабіць пару сэйваў. Празь пяць хвілін пасьля пачатку тайму міліцыя некуды зьвяла за заходнюю трыбуну жодзінскіх заўзятараў. Шкода хлопцаў. Не, ніхто іх на згаданым пустыры не расстрэльваў. Відаць, толькі праверылі дакумэнты і правялі растлумачальную гутарку. Але якраз у гэты час «Тарпэда» забіла другі гол. У правы ніжні кут паклаў мяч Уладзімер Мароз.

Заўзятары «Дарыды», а такіх на стадыёне была большасьць, засумавалі. Аблягчыў сум толькі выхад на поле форварда жданоўцаў Фёдара Лукашэнкі — найстарэйшаму гульцу каманды дасталася неслабая порцыя аплядысмэнтаў. Што б ні казалі, на менскіх ускраінах яшчэ з павагай ставяцца да гэтага прозьвішча.

Потым галкіпэр «Тарпэда» засумаваў і імкнуўся знайсьці сабе занятак. Колькі разоў падыходзіў да бутэлькі з вадой, выходзіў за межы штрафной, падбадзёрваючы аднаклюбнікаў: «Хлопцы, пацярпіце, зусім крыху часу засталося». Нават спрабаваў павіснуць на перакладзіне. Але заўзятар з трыбуны быў суворы: «Не ламай інвэнтару!»

Хвіліне на 77-й «Тарпэда» паставіла фінальную кропку — 0:3. З-за межаў штрафной пацэліў па варотах самы выніковы футбаліст клюбу — Ігар Трухаў. Некалькі дзясяткаў балельшчыкаў падняліся і з сумным відам падаліся да выхаду.

«Тарпэда» захавала за сабой першае месца, адкінуўшы «Дарыду» на шостае.

Зьмены ў «Дынама»

У наступную пятніцу хлопцаў з «Дарыды» чакае няпросты экзамэн — матч на галоўнай арэне краіны з чэмпіёнам краіны, менскім «Дынама». Праўда, сталічны клюб пачаў сэзон не найлепшым чынам і займае цяпер восьмае месца. У панядзелак «Дынама» страсянулі чарговыя кадравыя перастаноўкі. Прэзыдэнт клюбу Юры Чыж адправіў у адстаўку галоўнага трэнэра Юр’я Шуканава, які прывёў каманду да залатых мэдалёў і кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. На ягонае месца прызначаны Аляксандар Башмакоў, што дагэтуль працаваў з «Тарпэда-СКА». Башмакоў ужо пяты трэнэр за апошнія два з паловай гады ў «Дынама».

А ў нядзелю нас чакае галоўная падзея вясны. На стадыёне «Дынама» — фінал Кубку Беларусі (пачатак у 18.30). Трэнэр моладзевай зборнай Юры Пунтус, што ўзначальвае МТЗ-РІПА, супраць свайго былога клюбу — барысаўскага БАТЭ. У мінулую суботу на «Трактары» прайшла «генэральная рэпэтыцыя». Каманды сустракаліся ў рамках чарговага туру чэмпіянату. Барысаўскія футбалісты перамаглі зь лікам 1:0.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0