Імпрэза з доўгай назвай «Cёмае першынство краіны сярод клюбных камандаў і камандаў калектываў» адбылася, па традыцыі, у нацыянальным Палацы шахмат і шашак.

У параўнаньні зь мінулым годам удзельнікаў паменела: ці то сёлета час быў выбраны няўдала (6—10 траўня, разгар сьвятаў), ці то ўзносы аказаліся завялікімі (амаль 500 тыс. рублёў для каманды), ці то спрацавала нежаданьне функцыянэраў Беларускай фэдэрацыі шахмат рэклямаваць свае карысныя ініцыятывы. Лепшага пакідала жадаць ня толькі асьвятленьне турніру ў СМІ, але і стаўленьне да гледачоў. Тыя, хто прыйшоў на афіцыйнае закрыцьцё да заплянаванага часу — чатырох гадзінаў дня, — былі прыемна агаломшаны паведамленьнем вахтаркі: «А шахматысты ўжо разьбегліся».

Так ці іначай, тузін клюбаў зь Берасьця, Віцебску, Горадні, Менску, Пінску прадэманстравалі сваю моц urbi et orbi. Практычна ўсе гульцы — і першаразраднікі, і міжнародныя гросмайстры — біліся да апошняй пешкі.

Ад пачатку выявілася, што прэтэндаваць на выхад у Эўрапейскую лігу будуць леташнія лідэры — «Вясьнянка» і «Вэктар». Інтрыгі дадаваў хіба выступ каманды Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, кіраўнікам якога ўдалося «пераманіць» зь «Вясьнянкі» міжнароднага майстра Юр’я Ціханава. Тым ня менш, насьпех сабранай камандзе РЦАПу цяжка было канкураваць з загартаванымі клюбамі. І «Вясьнянка», і «Вэктар» толькі між сабой зрабілі нічыю, а ўсе астатнія шэсьць матчаў выйгралі, набраўшы па 13 камандных пунктаў. «Вясьнянка» захавала чэмпіёнскі тытул, «Вэктар» задаволіўся срэбрам. Не дапамог камандзе бізнэсоўца Пятра Герасімовіча ні вышэйшы сярэдні рэйтынг ЭЛА, ні запрашэньне з Украіны гросмайстра Спартака Высочына (ЭЛА 2583). Дарэчы, легіянэры, гуляючы на першых дошках, прынесьлі «Вэктару» ня дужа многа балаў. «Лепей было даць падзарабіць нашым знакамітым «гросам» або майстрам, — бурчэлі назіральнікі, — а то вунь Фёдараў, чэмпіён Беларусі, гуляе ў расейскім чэмпіянаце за самарскі клюб «Юнілайн» на шостай дошцы».

Турнір стаўся добрай школай для маладых кандыдатаў з 11-й менскай спартшколы, а таксама для прадстаўніц прыгожага полу, хоць іхнія каманды (адпаведна «Юнацтва» і «Надзея») і апынуліся ў хвасьце табліцы.

Пад штандарам «Вясьнянкі» выступілі браты Жыгалкі, Ігар Люцко, Яўген Мачалаў, Міхаіл Гінзбург, Уладзь Куцанкоў. Лідэр каманды Андрэй Жыгалка з бляскам набраў шэсьць балаў у сямі гульнях. Героем спаборніцтва трэба лічыць таксама 64-гадовага міжнароднага майстра Ўладзімера Літвінава. Ён вызначыўся яшчэ на Ўсесаюзнай шахматнай спартакіядзе 1963 году, калі беларусы заваявалі бронзавы мэдаль. Сёлета сп.Літвінаў быў запасным, аднак, чатыры разы сеўшы за дошку, унёс у агульную скарбонку 3,5 бала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0