Калі Джон Ленан у сваёй «Imagine» абяцаў непазьбежнае зьнікненьне краін, рэлігій і полаў, ён не хацеў сказаць, што на Зямлi не застанецца зусім ніякай мовы.

Хто б тады змог ацаніць бяздоннае багацьце тэкстаў «Beatles»? У цэлым у апошнія дзесяцігодзьдзі чалавецтва разьвіваецца паводле геніяльнага пляну лівэрпульскага пакутніка. Аднак час ад часу на шляху трыюмфальнага шэсьця англасаксонскай цывілізацыі ўзьнікаюць нечаканыя ачагі супраціву.

Паводле ўсіх раскладаў пераможцам конкурсу па прыватызацыі найбуйнейшага польскага металюргічнага камбінату «Huta Częstochowa», які дагэтуль належаў дзяржаве, мусіла стаць транснацыянальная (дакладней, брытана-індыйская) «Mittal Steel». Вядома, ангельскі клёк моцна вытхнуўся за апошняе стагодзьдзе і яго трэба час ад часу ўзбуджаць камасутрамі, але, так ці інакш, Брытанская імпэрыя мабілізавала свае найлепшыя сілы.

«Mittal Steel» прапанавала найлепшую цану, але яна ўжо і так праглынула ладны кавалак польскага металюргічнага пірага. Існуе рэальная пагроза манапалізацыі рынку. «Лакшмі Мітал» ужо кантралюе 50% коксахімічнай галіны Польшчы і адну за адной скупляе шлёнскія шахты. Зрэшты, самы багаты індус плянэты — адначасова і самы багаты англічанін (Абрамовіч адпачывае), і нават казах; яго слава і багацьце даўно засланілі Тадж-Махал і іншыя скарбы Агры.

Але польскі ўрад, уключна з Квасьнеўскім, ясна даў зразумець, што незадаволены вынікамі конкурсу. Заўпарціліся прафсаюзы, ня даўшы «Mittal» своечасова здаць у Міністэрства дзяржмаёмасьці поўны пакет патрэбных дакумэнтаў. Такім чынам, прыярытэтнае права на набыцьцё чанстахоўскай гуты пакуль пераходзіць да маладой амбіцыйнай украінскай карпарацыі «Індыстрыяльны саюз Данбасу» з штаб-кватэрай у Данецку, якой крыху больш за 10 гадоў і якая ў апошнія гады сур’ёзна палюе на былую дзяржмаёмасьць у Цэнтральнай Эўропе.

Ужо сама назва ватагі сармацкіх імпэрыялістаў не пакідае аніякага сумневу ў іх агрэсіўна-рэтраградзкіх памкненьнях. Кожны шчыры беларускі інтэлектуал ад калыскі ведае, што сьвет навокал даўно ўступіў у постіндустрыяльную фазу. Аж тут такая нахабна-цынічная дэклярацыя ўласнага невуцтва ды цемрашальства!

Зрэшты, ў гэтай сэнсацыйнай гісторыі ўсё выглядае знакавым, гіпэртрафаваным. Чанстахова — нацыянальны санктуарый Маці Божай, самае культавае месца польскага каталіцызму. Тым больш нечаканай, незапраграмаванай падаецца пазыцыя палякаў. Можа, яны яшчэ перадумаюць? Аддаць каталіцкую сьвятыню на рабунак нашчадкам Багуна і Тараса Бульбы! Ад часоў падступнай Гадзяцкай змовы (1659), якая ледзь была не ўтварыла Рэч Паспалітую трох палітычных народаў — Польшчы, Літвы і Ўкраіны, — над звыклай пабудовай мэнтальнага Сусьвету не навісала такая жахлівая пагроза. Ніхто ня мог западозрыць прагрэсіўную і лагодную Польшчу, што ціха дажывала свой век у надзейных руках «лявіцы», што яна раптам выкіне такі выбрык.

Апошнія 250 гадоў у Варшаве паслухмяна-даверліва выконвалі ўсе заходнія рэкамэндацыі, чаго б гэта ні каштавала. Гадоў 10 таму Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славакія стварылі былі т.зв. Вышаградзкую групу, але структуры цэнтральнаэўрапейскай салідарнасьці зь яе ня выйшла. Пачуўшы звон эўра, былыя падданыя Ягелёнаў — кожны паасобку — спакусіліся мяккімі брусэльскімі фатэлямі і няхілымі акладамі эўракамісараў. Праўда, іх плацяць ня кожнаму цэнтральнаэўрапейцу, але і рашэньні аб лёсе нацый прымаюць ня ўсе.

Наш жлобінскі БМЗ назірае за ўсёй гэтай барацьбой з нацыянальна-алімпійскім спакоем. На бэйсык-інгліш гавораць і думаюць мільярды людцоў, і то якіх, а ляхаў з хахламі разам і 100 мільёнаў не назьбіраецца. то хіба беларусаў у тую варонку зацягне? Вядома калі б славянскі спажывец ня быў у такой ступені псыхалягічна залежны ад усялякіх Бэкхемаў... ды што пра нябесныя мігдалы марыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0