Посьпех рэфэрэндуму па далучэньні Эвэнкіі да Краснаярскага краю падахвоціў Маскву на ліквідацыю іншых аўтаномій малых народаў.

Адыгею плянавалі злучыць з Краснадарскім краем. Але дружны пратэст адыгаў, кіраўніцтва аўтаноміі і роднасных чаркескіх народаў прымусіў Маскву адступіць. Ліквідацыя аўтаномій — шлях да поўнае асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў Расеі. Пра Адыгею і чаркесаў пішуць Сяржук Богдан і Мансур Хуадуко з Майкопу.

Далучэньне Адыгеі да Краснадарскага краю стаяла чацьвертым пунктам у плянах Крамля па ліквідацыі расейскіх аўтаноміяў. Пачатак аншлюсам быў пакладзены злучэньнем Пермскай вобласьці і Комі-Пермяцкай аўтаномнай акругі. Рэфэрэндум тамака прайшоў у 2003 г., і ён толькі задакумэнтаваў фактычнае выміраньне народу комі, што ўжо адбылося.

17 красавіка прайшоў рэфэрэндум па далучэньні Таймыру і Эвэнкіі да Краснаярскага краю. Нарэшце, Масква даціснула кіраўніцтва Каракскае аўтаномнае акругі, якая ўліецца ў склад Камчаткі. Губэрнатар Камчаткі Міхаіл Машкаўцаў не хаваў радасьці: нарэшце «выправяцца наступствы параду сувэрэнітэтаў».

Якім бы падпарадкаваным ні было адыгейскае ці каракскае кіраўніцтва, але пакуль ёсьць аўтаномія — ёсьць дзяржаўнасьць у малога народу, землі якога расейцы калянізавалі за мінулыя стагодзьдзі. Няма аўтаноміі — няма праблемы. Няма юрыдычнае падставы калісьці дамагчыся незалежнасьці. Гэта лёгіка Масквы.

Карэннае насельніцтва бачыць у гэтым частку плянаў поўнае асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў у Расеі. Масква бязь цяжкасьцяў пераадольвае супраціў малалікіх народаў Поўначы. Цяжэй аказалася зьнішчыць дзяржаўнасьць Адыгеі, што мае трывалую нацыянальную сьвядомасьць. Нягледзячы на дамінаваньне расейцаў у Адыгеі (яны складаюць 70% жыхароў), чаркесы-адыгейцы з падтрымкай кіраўніцтва рэспублікі паўсталі супраць намераў аб’яднаньня.

Цяжкі выбар прэзыдэнта Саўмэна

На прэзыдэнта Хазрэта Саўмэна з аднаго боку ціснуць Краснадар і Масква. З другога — арганізацыі трохмільённай чаркескай дыяспары і магутны нацыянальны рух «Адыгэ хасэ» зь яго баявым досьведам Абхаскай вайны.

Месяц таму пачаў дзейнічаць Камітэт абароны канстытуцыі Адыгеі.

«Адыгэ хасэ» адыгрываў важную ролю ў стварэньні Рэспублікі Адыгеі ў пачатку 1990-х. Ён інсьпіраваў у свой час стварэньне Канфэдэрацыі горскіх народаў Каўказу. Апошнім часам «Адыгэ Хасэ» крыху прыцішылася, але варта было Маскве й Краснадару пачаць інтэграцыйныя захады, як яе кіраўніцтва зноў замільгала на мясцовым ТБ.

Краснадар і Масква маюць свае аргумэнты. Яны тлумачаць пляны пазбаўленьня нацыянальнай аўтаноміі адыгейцаў эканамічнымі прычынамі. Маўляў, Адыгея — датацыйны рэгіён, таму мае патрэбу ў інвэстыцыях. Хазрэт Саўмэн пярэчыць: у Адыгеі — найхутчэйшы эканамічны рост на ўсім расейскім поўдні, а зьбяднелыя кубанскія казакі езьдзяць на заробкі ў Адыгею.

Сам Саўмэн, які доўгі час лічыўся самым багатым расейскім губэрнатарам, з багацьцем 380 млн даляраў, заробленым на распрацоўцы радовішчаў золата, не зацікаўлены ў падзеньні адыгскай дзяржаўнасьці. Кіраўнік Адыгеі называе пляны зьмены межаў «гістарычным рэгрэсам і палітычнай памылкай».

Расейскі генацыд

Калісьці чаркесы зьяўляліся адным з самых шматлікіх этнасаў Каўказу. У 1830 г. яны налічвалі больш за мільён чалавек. Так было, пакуль Расейская імпэрыя не пачала экспансію на поўдзень. Гэта каталізавала працэс стварэньня чаркескае дзяржаўнасьці. Але недаўгавечная дзяржава адыгаў праіснавала восем гадоў у 1856—1864 г. Сьмелае змаганьне чаркесаў прыцягнула да сябе ўвагу многіх эўрапейцаў, у тым ліку й нашых суродзічаў, што ў 1850—1860-я гады вырушылі змагацца з Расейскай імпэрыяй на Каўказ. Вядомы імёны дзясяткаў беларусаў і палякаў, што бралі ўдзел у вайне на баку чаркесаў. Была нават падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж прыхільнікамі аднаўленьня Рэчы Паспалітай і чаркескім урадам.

Расея перамагла. Чаркесы («адыгі» — гэта саманазоў) былі падзеленыя на 12 плямёнаў. Гэта й выкарыстала Масква. Чаркесы супраціўлялся ня менш гераічна за чачэнцаў Шаміля. Уся Кубань і чарнаморскае ўзьбярэжжа былі арэнай баёў. Апошнім месцам супраціву чаркескіх патрыётаў стала ўрочышча Гбаада, сёньня курорт «Красная паляна», дзе адбыўся апошні бой 21 траўня 1864 г. Потым пачаліся зачысткі. Расейскія войскі выціснулі чаркесаў з кубанскіх раўнін, палілі аулы, выразаючы жыхароў і выціскаючы ацалелых у Турцыю. Большасьць падчас перасяленьня загінула.

Цяпер дзень 21 траўня лічыцца Днём памяці чаркескага народу.

Бальшавіцкі пастскрыптум

Бальшавікі падзялілі землі чаркескіх плямёнаў на некалькі адміністрацыйных утварэньняў. Цяпер бжэдугі, чэмгуі, натухаеўцы, габукаеўцы, тэміргоеўцы жывуць на абшарах Рэспублікі Адыгеі; кабардзінцы, бэсьленеўцы, абадзэхі — у Кабардына-Балкарыі; абазіны — у Карачаева-Чаркесіі (карачаеўцы й балкарцы — цюркамоўныя народы); невялікія паселішчы шапсугаў, жанэўцаў захаваліся на ўзьбярэжжы ля Сочы й Туапсэ, але большасьць іх вынішчылі ў ХІХ ст. Убыхі ўжо нідзе не жывуць — яны былі вынішчаныя ў Каўкаскую вайну да апошняга чалавека.

Савецкая ўлада славіла свае заслугі перад «малымі народамі», якім, маўляў, дала пісьменнасьць на аснове кірыліцы. Ня згадвала, што папярэдне забараніла неўпадабаную гістарычную пісьменнасьць.

Цяпер усе чаркескія народы дэкляруюць сваю падтрымку Адыгеі. Ідэі аб’яднаньня чаркесаў гучалі заўжды — за Саветамі шэптам, пасьля гучна з боку нацыянальнага руху «Адыгэ Хасэ». Праўда, афіцыйныя ўлады ніколі ўсур’ёз над тым не разважалі, а стратэгія чаркескіх нацыяналістаў пакуль палягае ва ўмацаваньні самастойнасьці тых адміністрацыйных адзінак, што ўжо існуюць.

Пачалі з мовы

Пры канцы савецкага часу на прыгожай і чыстай чаркескай мове ў Адыгеі гаварылі толькі старыя. На адыгскай мове не вучылі ў школах, ні тым больш ва ўнівэрсытэтах. Аднак у 1990-х чаркескамоўных паболела. Амаль не засталося комплексаў у карыстаньні чаркескай мовай. Наадварот, сярод гарадзкой моладзі стала прэстыжна размаўляць па-свойму. Некаторыя нават камплексуюць, што непадобныя на «праўдзівых адыгаў» — занадта русыя.

У 1992 г. Адыгейская аўтаномная вобласьць выйшла з Краснадарскага краю і стала сувэрэннай рэспублікай у складзе Расеі. Нацыянальная самасьвядомасьць пачала мацнець. Зьяўленьне дзяржаўна замацаванай сымболікі (сьцяга, герба ды гімну), прыняцьце ў якасьці дзяржаўнай мовы чаркеска-адыгскае мовы — усё гэта прывяло да таго, што сёньняшнія падлеткі валодаюць роднай мовай вольна.

За часы Рэспублікі адыгская мова стала абавязковым прадметам нават у тэхнічных вучэльнях. «Нацыяналізаваўся» й Адыгейскі дзяржунівэрсытэт. І такое адраджэньне адбылося, нягледзячы на тое, што чаркеская мова належыць да самых складаных моў сьвету — выключна багатая на граматычныя выключэньні, а таксама зь вялізнай колькасьцю гукаў (54 зычныя, 3 галосныя).

Праўда, да перамогі ў моўным адраджэньні яшчэ далёка. Культура застаецца маларазьвітаю, на чаркескай мове друкуюцца толькі адна газэта і альманах. Кнігі найбольш прывозяць з кабардынскага Нальчыку — такой сабе чаркескай Вільні. Тэлебачаньне Адыгеі маламоцнае і амаль выключна расейскамоўнае.

Танцы і Звод гонару

Асноваю беларускага адраджэньня было заўжды змаганьне за мову. Для чаркесаў такую ж ролю адыгралі музыка й танцы.

Танцы мелі рэлігійнае значэньне. Напрыклад, рытуал пакланеньня сонцу натхніў адыгскі танец удж-хъурай — узяўшыся за рукі ў коле, мужчыны і жанчыны спрабуюць зьвярнуцца да сьвяціла. Чаркескі танец нясе таксама сацыяльную і гістарычную інфармацыю. Выдатна захаваліся й традыцыйныя сьпевы, у якіх нават ёсьць згадкі пра Вялікае Княства Літоўскае і войны Івана Жахлівага…

Да нацыянальных музычных гуртоў стаўленьне трапяткое. Падчас канцэртаў залі заўжды забітыя пад завязку.

Важную ролю ў фармаваньні чаркескага этнасу адыгрывае і вера. Цяпер чаркесы — мусульмане-суніты, але да XIX ст. яны былі паганцамі. Некаторыя чаркескія інтэлектуалы лічаць сваёй рэлігіяй нацыянальны звод гонару — «адыгэ хабзэ». Таму іншыя рэлігіі заўсёды мелі праблемы з пашырэньнем сярод адыгаў. Ідэі супраціўленьня чаркескія нацыяналісты зьвязваюць, хутчэй, ня з Богам, а са сваёй нацыянальнай ідэяй адыгагъэ (адыгствам). Галоўнае — забясьпечыць выхаваньне дзяцей у гэтым духу, і тады яны абавязкова вернуцца да ідэі свабоды Бацькаўшчыны.

Большай часткай чаркесы пасьля СССР — нерэлігійныя людзі. Калі ў якім селішчы назіраецца ўсплёск рэлігійнасьці, значыць, папрацавалі чачэнцы (прыбываюць уцекачы з Ічкерыі) ці чаркесы — рэпатрыянты з краін Усходу.

Рэпатрыяцыя чаркесаў

На мільённую дыяспару ў актывістаў чаркескага нацыянальнага руху вельмі вялікія спадзяваньні, прычым ня толькі ў матэрыяльным, але і ў чалавечым пляне. Адной з мэтаў, што вызначылі сабе чаркескія нацыяналісты, зьяўляецца забесьпячэньне вяртаньня ўсіх ахвотных на радзіму. Яны дасягнулі немалых посьпехаў у гэтым напрамку — ужо цяпер толькі ў Адыгеі налічваецца пад дзьве тысячы рэпатрыянтаў з Турцыі, Сырыі, Эгіпту, апошнім часам з Ізраілю. Найвялікшай праблемай для іх зьяўляецца працаўладкаваньне. Хто больш спрытны, пачынае бізнэс, але замінае жорсткая моўная палітыка Расеі — бязь веданьня расейскай мовы зачыняюцца ўсе шляхі.

Адыгея збудавала для рэпатрыянтаў цагляны аул, але хатаў там на ўсіх бракуе. Аднак чаркескія інтэлігенты цешацца наяўнасьцю кантынгенту «вяртанцаў». Плынь рэпатрыяцыі забясьпечвае патэнцыйныя кадры для чаркескага адраджэньня. Чаго, дарэчы, так і не адбываецца ў Беларусі.

Гартаваньне агнём

Чаркескі рух выклікае занепакоенасьць Масквы, бо тамтэйшыя нацыяналісты паказалі сваю гатоўнасьць да радыкальных захадаў, баронячы братнюю Абхазію. «Абхазы ваявалі ня з Грузіяй. Абхазы ваявалі за ўласны сувэрэнітэт», — абураюцца чаркесы.

Абхазы — блізкія сваякі чаркесаў. Праўда, пасьля Каўкаскае вайны разарваўся ланцужок гаворак, ад абазінцаў да шапсугаў і далей на поўдзень праз убыхаў да абхазаў. Было выбітае адное зьвяно — убыхі. Дарэчы, гады тры таму з Турэччыны на радзіму быў прыехаў апошні, стары й бязьдзетны ўбых. Гэтаму факту абхаскі пісьменьнік Баграт Шынкуба прысьвяціў раман «Апошні з тых, хто пайшлі».

Абхаскі канфлікт часам спрашчаюць да супрацьстаяньня Расеі і Грузіі, але праблема глыбейшая. Існавала яшчэ адна арганізацыя, што ставіла на мэце стварэньне незалежных дзяржаваў як на грунце расейскіх, так і грузінскіх аўтаномій, — Канфэдэрацыя горскіх народаў Каўказу. Менавіта ў шэрагах аддзелаў Канфэдэрацыі чаркескія добраахвотнікі разам з Басаевым рушылі ў Абхазію. «Адыгэ Хасэ» таксама чынна падтрымліваў Абхазію ад пачатку вайны.

Сёньня Канфэдэрацыі горскіх народаў ужо няма, Масква неўзабаве спыніла ўсякую падтрымку аддзелаў Канфэдэрацыі і здолела разьбіць арганізацыю. Аднак замест яе паўсталі міжнародныя чаркескія, чачэнскія, дагестанскія арганізацыі.

Забытыя Эўропай

Бачачы супраціў адыгаў, Крэмль пачаў манэўраваць. Намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка Пуціна ў Паўднёвай фэдэральнай акрузе Аляксандар Пачынок абвесьціў: «Сувэрэнітэту суб’ектаў фэдэрацыі на поўдні Расеі нічога не пагражае. Плянаў па аб’яднаньні рэгіёнаў на поўдні Расеі не было й няма».

Напружанасьць ў Адыгеі стала спадаць. «Чаркесы адстаялі яшчэ адзін кавалачак сваёй свабоды. Гэтым разам без крыві», — кажа выкладчыца Адыгейскага ўнівэрсытэту.

Ліквідацыя аўтаномій — гэта ня толькі пытаньне адміністрацыйнага ладу, але й маралі. Карэнныя народы аўтаномій складаюць, часам, невялікія долі насельніцтва. Так сталася ў выніку асыміляцыі, спойваньня, а то й адкрытага генацыду. Пратэстуючы супраць ліквідацыі аўтаноміі, адыгі нагадваюць пра лёс убыхаў і шапсугаў. З 200 000 чаркесаў-шапсугаў на пачатку ХІХ ст. да перапісу 1897 г. засталося 1938 чалавек.

Адыгаў турбуе, што курс на ліквідацыю аўтаномій застаецца па-за ўвагай эўрапейскіх праваабаронцаў. Новы курс Крамля пазбаўляе малыя народы Расеі надзеі на захаваньне сваёй нацыянальнай адметнасьці. Лёс гэтых народаў — гэта й лёс самой Расеі, яе нацыянальнага або імпэрскага разьвіцьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0