Улады атакуюць Саюз палякаў у Беларусі. СПБ абуранае «паклёпніцкім» фільмам БТ: «гэта распальваньне варожасьці». Дыпляматычны мардабой між Менскам і Варшавай набірае абароты. Старшыня СПБ Анжаліка Борыс: «Іншага зьезду ня будзе. Будзем зьвяртацца да Эўразьвязу». Камэнтар Пётры Рудкоўскага: «Падзеі ў Горадні даказваюць, што «аранжавая рэвалюцыя» ў Беларусі ня толькі магчымая, але ў нейкім сэнсе ўжо адбываецца».

Сорам і горыч, трывогу і вусьціш выклікаюць паводзіны беларускіх уладаў апошніх дзён і тыдняў у дачыненьні да Польскай дзяржавы і польскае меншасьці ў Беларусі. «Хачу папярэдзіць, не палічыце за пагрозу, пасольства Польшчы. Ня думайце, што палякі ў Беларусі — гэта не грамадзяне Беларусі! Гэта нашы грамадзяне. Мы іх у крыўду не дамо, і мазгі пудрыць вы ім таксама ня будзеце!» — грымеў беларускі прэзыдэнт 19 красавіка, прамаўляючы ў парлямэнце.

І вось на мінулым тыдні Міністэрства юстыцыі прыняло пастанову, згодна зь якой сакавіцкі зьезд Саюзу палякаў Беларусі прызнаецца несапраўдным. Прычыны — парушэньне статуту, наяўнасьць асоб, што не зьяўляліся дэлегатамі, і «недэмакратычнасьць».

Што да пазыцыі беларускіх уладаў, то, як той казаў, «шкода паперы й атраманту», каб над ёю разводзіцца. Таму абмяжуемся толькі такой зацемкай: беларускія ўлады павялі б сябе больш лягічна, калі б абвінавацілі палякаў у тым, што на зьезьдзе было «замала таталітарнасьці», бо закід «недэмакратычнасьці» на фоне фальсыфікацый і маніпуляцый, учыненых самой беларускай уладай, дый не на мясцовым, а на дзяржаўным узроўні, выглядае папросту камічна… трагікамічна!

А вось пазыцыя пэўнай групы палякаў, чальцоў і актывістаў СПБ, заслугоўвае пэўнага камэнтару. Рэдакцыя штотыднёвіка «Głos znad Niemna» выпусьціла на мінулым тыдні «numer specjalny», у якім зьмясьціла сярод іншага «Адкрыты ліст да польскіх уладаў і палякаў сьвету», падпісаны Яўгеніюшам Скрабоцкім, галоўным рэдактарам часопісу «Magazyn Polski», Анджэем Дубікоўскім, галоўным рэдактарам «Głosu znad Niemna», і ягонай намесьніцай Тацянай Залескай.

Нават няўзброеным вокам відаць, што асноўнай мэтай згаданага ліста дый наагул «спэцыяльнага выпуску» ёсьць перад усім дыскрэдытацыя спадарыні Анжалікі Борыс, выбранай на сакавіцкім зьезьдзе старшынёй Саюзу палякаў. Вэрдыкт аўтараў звароту досыць катэгарычны: «Саюз палякаў на Беларусі ня могуць прадстаўляць такія асобы, як Анжаліка Борыс, у дачыненьні да якой пракуратура Горадні 14 сакавіка распачала крымінальную справу, і Юзаф Пажэцкі, які ўжо некалькі год мае забарону на ўезд на тэрыторыю Польшчы, а таксама грэбліва й непрыстойна паводзіць сябе ў дачыненьні да работнікаў СПБ, асабліва жанчын». Што ж, грэблівыя паводзіны ў дачыненьні да жанчын — сапраўды брыдкая рыса, толькі вось бянтэжыць тое, што і сам Дубікоўскі паводзіць сябе ў дачыненьні да новай старшыні-жанчыны не сказаць каб далікатна…

Але рэч тут ня толькі ў недалікатнасьці. Спадар Дубікоўскі разам са сваімі хаўрусьнікамі ўпарта працягвае адстойваць палітычную лінію папярэдняга старшыні Саюзу палякаў доктара Тадэвуша Кручкоўскага. Шмат гаварылася й пісалася пра шматлікія парушэньні Кручкоўскім статуту арганізацыі, пра яго аўтарытарызм ды іншыя брыдкія ў этычным пляне рэчы, а галоўныя польскія газэты часам акрэсьлівалі «эпоху Кручкоўскага» як эпоху маразму і недзеяздольнасьці.

«Эпоха Кручкоўскага» характарызавалася адсутнасьцю культурнай канцэпцыі, якая б утварала «ідэйны хрыбет» польскай супольнасьці ў Беларусі. Ну бо што прадстаўляла сабой польскасьць у выданьні Кручкоўскага? Палітычны разьлік плюс адмова ад удзелу ў будаваньні грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Шчыры ці фікцыйны нацыяналізм плюс беларусафобія. Ляяльнасьць у дачыненьні да рэжыму плюс пагарда да беларускай культуры. Патрыятызм у палітычным пляне плюс партыкулярызм у культурным — вось «анатомія» (псэўда-)польскасьці Кручкоўскага.

Магчыма, канцэпцыя першага старшыні СПБ Тадэвуша Гавіна — цеснае супрацоўніцтва зь беларускай апазыцыяй — не была бездакорнай. Празьмерная палітызацыя Саюзу палякаў ня надта ўпісваецца ў яго першапачатковую сутнасьць — быцьцё грамадзка-культурнай арганізацыяй. Можна сказаць, спасылка была правільнай, а выснова не зусім.

Гавін правільна зразумеў, што польская меншасьць, хочучы захаваць сваю самабытнасьць і права на разьвіцьцё сваёй культуры, мусіць уключыцца ў будаваньне грамадзянскай супольнасьці ў краіне, мусіць падтрымаць дэмакратычныя парывы беларускага грамадзтва і курс на дэсаветызацыю ды эўрапеізацыю Беларусі. Але варта было Саюзу, як грамадзкай арганізацыі, захаваць «здаровую дыстанцыю» ад палітычных працэсаў, тым больш што на ніве культуры і асьветы работы было і ёсьць сьціжма. Але Кручкоўскі адмовіўся ня толькі ад супрацоўніцтва з палітычнай апазыцыяй, але і ад супрацоўніцтва ў сфэры культуры. Паверыў, што найбольш масавую арганізацыю ў Беларусі можна ізаляваць ад шырэйшага культурнага кантэксту, а больш за тое — пачаў ужываць рыторыку «зьнешняга ворага» (цікава, адкуль запазычаную), дзе ворагам аказаўся беларускі адраджэнскі рух!

І няма нічога дзіўнага ў тым, што такая пазыцыя была нэгатыўна ўспрынятая ня толькі беларускімі дэмакратычнымі сіламі, але й польскімі грамадзянамі. Аўтары згаданага спэцвыпуску «Gіosu znad Niemna» наракаюць на польскія мас-мэдыя, што тыя быццам бы робяць «штучны падзел на так званых прыхільнікаў Кручкоўскага, Борыс, а можа, Гавіна». Вось жа ніякага «штучнага падзелу» польскія мас-мэдыя ня робяць, яны канстатуюць толькі наяўнасьць натуральнага падзелу, які кожнаму арыентаванаму на эўрапейскія каштоўнасьці кідаецца ў вочы: ёсьць опцыя прыстасаванцаў і ёсьць незалежная плынь, пэрспэктыўная і жыцьцяздольная ў культурным пляне. Тое, што стаўка робіцца і будзе рабіцца на гэтую другую опцыю, ясна як божы дзень.

З вострай крытыкай дзеяньняў беларускіх уладаў выступіла Міністэрства замежных спраў Польшчы і маршалак Сэнату. Міністар замежных спраў Адам Ротфэльд папярэдзіў, што «асобы, адказныя за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, адчуюць вынікі». Гэта вельмі моцныя словы, але на польскіх інтэрнэт-форумах можна раз-пораз спаткаць крытычныя галасы палякаў, якія крытыкуюць свае ўлады «за бязьдзейнасьць» і нерашучасьць. Мяркуючы па гэтых выказваньнях, можна зрабіць выснову, што значная частка польскай грамадзкасьці настроена на яшчэ больш рашучыя захады Польшчы супраць амаральнай палітыкі беларускага рэжыму.

І на каго гэта разьлічваюць — цікава было б ведаць — аўтары звароту да «польскіх ўладаў і палякаў сьвету»? Хто з палякаў у Польшчы ці ў сьвеце мог бы паспачуваць групе тых беларускіх палякаў, якія энэргічна дыскрэдытуюць новаабранае кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі, і шукаюць падтрымкі ў рэжыме, ізаляваным ад цывілізаванага сьвету і маючым савецкі радавод? Спадар Дубікоўскі са сваімі суаўтарамі разьлічваюць хіба што на спагаду Анджэя Лепэра. Іншых спачувальнікаў, здаецца, няма…

Ёсьць, безумоўна, падставы для «сораму і горычы» з прычыны чарговых дзеяньняў беларускіх уладаў. Але няма ніякіх падстаў для роспачы. «Контрарэвалюцыя», якую зацята вядуць беларускія ўлады, зьяўляецца выдатным доказам таго, што «аранжавая рэвалюцыя» ў Беларусі ня толькі магчымая, але што яна ў нейкім сэнсе ўжо адбываецца. Незалежна ад таго, які будзе блізкі фінал гэтай кампаніі супраць цяперашняга кіраўніцтва Саюзу палякаў, няма сумневу, што ўнутры гэтай арганізацыі аранжавая рэвалюцыя сталася фактам. Самая масавая арганізацыя ў Беларусі зрабіла стаўку на адраджэньне польскае культуры ў эўрапейскім, а не ў савецкім варыянце.

Сымбалічна, што наступ на Саюз палякаў адбыўся амаль у самую гадавіну (10 год!) наступу на беларускую нацыянальную культуру. Так, менавіта 10 год таму, 14 траўня 1995 году, быў праведзены рэфэрэндум, папярэджаны бруднай прапагандай тыпу «Дзяцей хлусьні», які быў прыдуманы дзеля расправы зь беларускім адраджэнскім рухам. Была вернута савецкая сымболіка, якая не нясе ў сабе акрэсьленага культурнага ці гістарычнага зьместу, здольная сымбалізаваць адно толькі колішнюю немату і немач, кампэнсаваную хворай экзальтацыяй ад усьведамленьня прыналежнасьці да Вялікай Дзяржавы. А ў сёлетні травень улады захацелі, каб такі ж сьцяг залунаў над беларускімі палякамі. Не над іхнімі будынкамі — бо і нашто? — але каб залунаў у іхніх галовах. Але савецкая прышчэпка не прынялася.

Дух Салідарнасьці, які ажыўляў польскі народ падчас барацьбы за свабоду ў «эпоху ярузаліту» (так называлі палякі пэрыяд панаваньня Ярузэльскага, галоўнага змагара з колішняй «Салідарнасьцю» і аднаго з душыцеляў чэскага паўстаньня 1968 году), зьявіўся цяпер у сэрцах беларускіх палякаў. Рэакцыйны рэжым у канчатковым пляне бясьсільны перад ім, гэтым Духам. Мабыць, Слуга Божы Ян Павал ІІ, найвялікшы змагар за чалавечую салідарнасьць, і сапраўды наведаў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0