50 радкоў рэдактара

Цяпер, калі Беларусь здранцьвела ў гіпсе хлусьні, яны спрабуюць рухацца. Учынак жодзінскіх хлопцаў — гэта размова пра свабоду на новай мове. Уражвае іхная гатоўнасьць ахвяраваць сабой.

Пакаленьне-2000 — гэты тыя, хто хадзіў у беларускія школы да 1995 году, каму 15 гадоў споўнілася ў часы грамадзянскага непадпарадкаваньня, пад знакам якога прайшла першая палова кіраваньня Лукашэнкі. Ня толькі ў палітыцы — у кожнай сфэры дзейнасьці адкрываюцца новыя імёны. У нумары “НН”, які вы трымаеце ў руках, гэта Ўсевалад Сьцебурака.

КУЛЬТУРА ДАЛЯРА. Як гэта Матвяйчук пускае “Эўрабачаньне” на экраны? Дацкі настаўнік музыкі сьпявае лепш за нашых патэнтаваных “зорак”. Галоўны крытэр адбору якіх — пустацеласьць. І кіраванасьць прадусарамі. Вось розьніца між фактычна сацыялістычным мастацтвам Даніі і фактычна капіталістычнай культурай Беларусі. “Культурай хамства і даляра” называў такую Купала.

Беларусь на “Эўрабачаньні” нібыта не дала ніводнага балу за ўкраінскі рэвалюцыйны гімн. Гэта вынятак, бо скрозь сусяды галасавалі за сусядоў — нават тыя, што нядаўна ваявалі. Узьнікаюць вялікія падазрэньні, ці не было ў Беларусі заблякаванае галасаваньне за рэвалюцыйную песьню. Гэта пацьвярджаецца тэлефанаваньнямі ў Рэдакцыю людзей, якія спрабавалі прагаласаваць за Ўкраіну. Аднак мы не змаглі знайсьці доказаў фальсыфікацыі.

АБАРАНІЦЬ “НАРОДНУЮ ВОЛЮ”. Ці ёсьць віна “Народнай волі” ў тым, што газэта надрукавала сьпісы падпісантаў маніфэсту руху «Воля народу» зь “мёртвымі душамі”? Гэтае пытаньне актыўна абмяркоўвае незалежная прэса. Гэта маральнае пытаньне. Выкарыстаньне казусу для расправы з газэтай адкінула б краіну яшчэ далей ад нармальнасьці.

ПЕРАМОГА НАД «ДЗЯДУХАЙ». Беларусь атрымала ў спадчыну ад СССР многія зьявы, якія ёсьць сапраўднымі злачынствамі супраць чалавечае годнасьці. Напрыклад, турэмная сыстэма. Або іншы арганізаваны зьдзек зь людзей — дзедаўшчына ў войску. Рэліктавыя дзікасьці здаюцца вечнымі, але іх, аказваецца, лёгка перамагчы, калі толькі на тое ёсьць воля. На прыкладзе аднае вайсковае часткі пра гэта апавядае Сямён Печанко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0