Дэбютная стужка ўкраінскага рэжысэра Ігара Страмбіцкага «Падарожныя» была адзначана «Залатой пальмай» як найлепшая кароткамэтражка.

Піша Андрэй Расінскі.

Сёлетні Канскі фэст быў моцным і прадстаўнічым. Фільмы публіцы дэманстравалі жывыя клясыкі — Лярс фон Трыер, Гас Ван Сэнт, Джым Джармуш, Вім Вэндэрс.

Старшыня журы Эмір Кустурыца падкрэсьліваў, што карціны будуць адзначацца па эстэтычных крытэрах, а не палітычных — як адбылося летась са скандальнаю стужкаю Майкла Мура. Расейскія камэнтатары выказвалі сумневы адносна “непалітычнасьці” Канаў, але іх кліпава-рэклямныя “Начныя варты” і “Турэцкія гамбіты” не былі тут нікому цікавыя і нават не фігуравалі ў сьпісах.

А вось украінская карціна “Падарожныя” ў конкурс трапіла. “Мы проста хацелі заявіць фільм на якісьці фэстываль, — кажа Ігар Страмбіцкі, выпускнік тэатральнага інстытуту імя Карпенкі-Карага. — Калі б яго ўзялі, былі шанцы, што інстытут надрукуе фільмакопію за свой кошт”. “Выбралі Канскі напаўжартам, — дадае сцэнарыстка Натальля Кананчук, — бо там сканчаўся тэрмін падачы заявак”.

Дзесяціхвілінная чорна-белая стужка “Падарожныя”, дыплёмная праца 31-гадовага рэжысэра, здымалася два з паловай гады. І.Страмбіцкі распачаў здымаць яшчэ на пятым курсе. Бракавала грошай — хаця стужка каштавала ўсяго каля 3 тыс. даляраў — і да апошняга часу была толькі відэакопія карціны.

Н.Кананчук зазначае, што расказваць пра фільм складана: там няма ніводнага героя, ніводнай сюжэтнай лініі і нібыта нічога не адбываецца. Страмбіцкі больш дакладны: “Фільм пра дзяцінства, якое не вяртаецца, пра мроі, якія не зьдзяйсьняюцца, і пра тое, што вар’яцтва можа быць і шчасьцем, і горам”.

“Падарожныя” — дакумэнтальны фільм, а адным з герояў стаў сьляпы з дому састарэлых актораў, які чытае верш пра каханьне. Фільм хоць і сумны, але аптымістычны: “Не зважаючы на ўсё, жыцьцё прыгожае. Усё, што з намі ёсьць, усё, што з намі адбываецца ад нараджэньня да сьмерці, так і мае быць. Трэба на ўсё глядзець аптымістычна і з гэтым жыць”.

На цырымоніі ўручэньня Ігар Страмбіцкі падзякаваў фэстывалю па-ўкраінску. Перакладчык не зразумеў і папрасіў перайсьці на расейскую мову. “Я ўкраінец”, — абурыўся рэжысэр.

Кароткамэтражныя ўкраінскія фільмы, у адрозьненьне ад вялікага кіно, пасьпяхова зьяўляюцца на розных фэстывалях (Клермон-Фэран, Бэрлін), але ўпершыню ўкраінскі фільм адзначаны ў Канах. Самі ўкраінцы калі й выказваюць аптымізм, то асьцярожны. Так, бюракратычнае і “нерухомае” Міністэрства культуры рэжысэру не дапамагала, падтрымку даў прыватны канал “1+1”. Сяргей Букоўскі, рэжысэр, пэдагог І.Страмбіцкага, выказвае заклапочанасьць: “Што ён рабіць будзе пасьля Канскага фэстывалю?”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0