Дэцэнтралізацыя ўлады

Швэдзкі урад прыняў рашэньне пра далейшую геаграфічную дэцэнтралізацыю ўлады. Нацыянальнае тэлебачаньне ўжо працуе ў паўночным Умэо. На працягу наступнага году яшчэ 16 дзяржаўных устаноў пераедуць у правінцыйныя цэнтры на поўдні і поўначы краіны. Робіцца гэта ў адпаведнасьці з прынцыпамі дэмакратыі (права народу на ўдзел ва ўладзе). Лічыцца, што ў час росквіту Інтэрнэту няма патрэбы канцэнтрацыі ўсіх службоўцаў у адным месцы. Адначасова лічыцца, што пераезд павялічыць колькасьць працоўных месцаў у глыбінцы і надасьць вагі тутэйшым гарадам.

Андрэй Катлярчук, уласны карэспандэнт «НН» у Стакгольме

У Эстоніі выбары праз Інтэрнэт

Эстонцы змогуць галасаваць падчас наступных выбараў праз Інтэрнэт, не выходзячы з хаты. Пастанову пра тое прыняў парлямэнт краіны. Калі ў Таліне падчас восеньскіх мясцовых выбараў сыстэма спрацуе беззаганна, дык яна будзе выкарыстаная ў часе парлямэнцкіх выбараў — 2007.

Каб прагаласаваць, выбаршчыку неабходна будзе мець пасьведчаньне асобы з электроннай мікрасхемай, адмысловы сканэр і злучэньне з «сусьветным павуціньнем». Сваю асобу выбаршчык пацьвердзіць, працягнушы пасьведчаньне праз сканэр. Паводле папярэдняга рашэньня, галасаваньне праз Інтэрнэт будзе адбывацца паміж шостым і чацьвёртым днямі перад звычайнымі выбарамі. Калі нехта, прагаласаваўшы праз Інтэрнэт, пасьля прыйдзе на выбарчы ўчастак і прагаласуе традыцыйным чынам, дык у такім разе будзе ўлічвацца толькі гэты другі голас. Такім чынам улады мяркуюць засьцерагчыся ад небясьпекі таго, што нехта прымусіць выбаршчыка прагаласаваць дома за пэўнага кандыдата.

Ад часоў аднаўленьня незалежнасьці эстонцы зрабілі стаўку на разьвіцьцё звышновых тэхналёгій. Штогод на гэтыя мэты зь дзяржбюджэту выдаткоўваецца больш за 1% сродкаў. Сёньня доступ да Інтэрнэту лічыцца ў Эстоніі адным з асноўных правоў усіх грамадзянаў. Створана сетка бясплатных пунктаў доступу, у тым ліку ў гарадзкіх бібліятэках. У сетцы ўрад ладзіць грамадзкае абмеркаваньне праектаў пастаноў, а грамадзяне могуць прапаноўваць свае праекты пастаноў ды законаў ураду й парлямэнту. Пры дапамозе Інтэрнэту можна падаваць усе прашэньні й афіцыйныя дакумэнты. Сам урад працуе выключна з электроннымі дакумэнтамі, а пасяджэньні Кабінэту міністраў адбываюцца перад экранамі кампутараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0