Эксклюзіўнае інтэрвію Вярхоўнага прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу па замежнай палітыцы і бясьпецы Хаўера Саляны.
— Сп.Саляна, ці закраналася беларуская тэма на саміце ЭЗ—Расея ў Маскве?
— Эўрапейскі Зьвяз вельмі заклапочаны сытуацыяй у Беларусі, якая не паказвае адзнак паляпшэньня. Натуральна, што мы абмяркоўваем сытуацыю, падзяляючы заклапочанасьць таксама з нашымі партнэрамі ў рэгіёне, уключна з Расеяй.
На саміце ў Маскве 10 траўня ЭЗ і Расея выказалі прыхільнасьць да супрацоўніцтва, поруч зь іншымі пытаньнямі, у рашэньні праблем на аснове актуальных для абодвух бакоў каштоўнасьцяў. У гэтым рэчышчы дэмакратызацыя Беларусі мае для ЭЗ вялікае значэньне, і яна будзе заставацца ў парадку дня яго партнэрства з Масквой.
— На пасяджэньні Камісіі ААН па правах чалавека і сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у Люксэмбургу прагучала жорсткая крытыка ў адрас «новага суседа» Эўразьвязу, якім год таму стала Беларусь. Якое ваша стаўленьне да бурнай рэакцыі на гэта ў адрас ЭЗ з боку міністра замежных спраў Беларусі?
— Заклапочанасьць Эўразьвязу сытуацыяй у Беларусі не зьяўляецца нечым новым. Наша занепакоенасьць вынікае з аб’ектыўнага становішча спраў у краіне і мае ў сваёй аснове агульныя эўрапейскія каштоўнасьці дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону. Мы будзем і надалей выказваць нашу заклапочанасьць.
— Калі ЭЗ зьбіраецца адкрыць у Менску свае прадстаўніцтва і інфармацыйны цэнтар?
— Пытаньне пра адкрыцьцё прадстаўніцтва Дэлегацыі Эўрапейскай камісіі [у Менску] было вылучана ў якасьці прыярытэтнага, і цяпер дэталі прапрацоўваюцца Эўрапейскай камісіяй. Пакуль я не магу назваць дакладныя часавыя рамкі.
— Наколькі магчымая ў найбліжэйшы час Ваша сустрэча з афіцыйным прадстаўніком вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі?
— Пры цяперашніх абставінах я не пляную сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам Беларусі.
— Як вядома, ЭЗ распрацаваў новыя праграмы, у якіх прадугледжана і падтрымка разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ ў Беларусі. Мяркуецца, што праграмы пачнуць працаваць з 2007 году. Аднак у Беларусі ў 2005—2006 г. могуць адбыцца важныя палітычныя кампаніі, пасьля якіх і дапамагаць ня будзе каму. Ці ўлічваюць у Брусэлі такую пэрспэктыву?
— Баюся, што тут мае месца пэўнае недастатковае разуменьне. Эўразьвяз ужо падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасьць. Новыя інструмэнты дапамогі зьявяцца ў 2007 г. і змогуць пашырыць выкарыстаньне такой дапамогі з боку ЭС. Аднак было б няслушна сьцьвярджаць, што Эўразьвяз пакуль не праяўляе актыўнасьці ў гэтай сфэры.
Я ў поўнай меры паінфармаваны наконт прэзыдэнцкіх выбараў 2006. Нядаўна я сустракаўся ў Вільні зь лідэрамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, і мы абмяркоўвалі маючыя адбыцца выбары. Важна ўсьведамляць, што ЭЗ ня можа аказаць актыўную падтрымку якому-небудзь канкрэтнаму кандыдату ці палітычнай групоўцы. Мы можам спрыяць умацаваньню грамадзянскай супольнасьці, а таксама забясьпечыць ёй магчымасьці для ператварэньня ў больш дзейсную грамадзкую сілу.
Эўрапейскі Зьвяз можа і будзе працягваць аказваць падтрымку дэмакратычнаму працэсу. Сутнасьць і мэта названага працэсу заключаюцца ў тым, каб беларускі народ абраў такога кіраўніка, які быў бы рэальна падтрыманы і выбраны большасьцю.
— Дзякуй за адказы.
Раман Якаўлеўскі, міжнародны партал «Wider Europe», www.w-europe.org