На стале — пітная вада і шклянкі. Гэта, а яшчэ падтрымка сяброў — адзінае, што дадае моцы чатыром хлопцам з Жодзіна, якія 25 траўня распачалі бестэрміновую галадоўку. Патрабаваньне адно: мець магчымасьць атрымаць гарантаваную дзяржавай адукацыю. Жодзінцы вымагаюць ад уладаў аднавіць на навучаньні ўсіх тых, каго закранула хваля адукацыйных рэпрэсіяў за апошнія восем месяцаў. На сьцяне ў пакоі, дзе знаходзяцца галадоўнікі, сем прозьвішчаў адлічаных землякоў. Хлопцы скончаць галадоўку тады, калі будуць дакладна ведаць, што ім дадуць магчымасьць скончыць навучаньне. Паводле ацэнак праваабаронцаў, усяго за апошнія чатыры гады ў краіне з палітычных матываў пацярпелі больш за 1 200 чалавек. Кагосьці арыштоўвалі, іншыя страцілі працу, былі выгнаныя з вучэльняў. Аднаго за ўдзел у дэманстрацыі, іншага — за надпіс «Спыніць русіфікацыю» на сьцяне, хтосьці проста здаваўся адміністрацыі «занадта вольным».

Апошняй кропляй сталася выключэньне Сержука Мурашкі з 10-й клясы Жодзінскага палітэхнікуму за тыдзень да канца навучальнага году. Нават калі хлопцу ўдасца ўладзіцца ў нейкую школу, адразу пасьля яе заканчэньня яго забяруць у войска. Бацькі Сержука падалі заяву на парушэньне заканадаўства ў Жодзінскую пракуратуру, але якія шанцы? Зварот, які моладзь накіравала 12 траўня ў Жодзінскі гарвыканкам і Міністэрства адукацыі, плёну ня даў. «На падыходзе» новыя ахвяры. Актывісткам незарэгістраванага «Маладога Фронту» Натальлі Максімавай і Вользе Галубец пагражаюць выключэньнем з гімназіі. «Годзе!» — вырашылі хлопцы. Далучаюцца да галадоўнікаў і тыя, каго асабіста рэпрэсіі не зачапілі – Аляксандар Вінаградаў трымае галадоўку з салідарнасьці.

Ці можна нечага дамагчыся галадоўкай? «Махатма Гандзі галадаў і дабіўся, — кажа Зьміцер Чарткоў. — Мы проста адстойваем свае канстытуцыйныя правы».

Ня выключана, што акцыя можа ператварыцца ў агульнанацыянальную. Няма ніводнага ўнівэрсытэцкага гораду, дзе б не было пацярпелых. Некалькі выгнаных студэнтаў зь Менску ўжо выказалі намер далучыцца да акцыі, тая самая інфармацыя прыйшла з Барысава. На момант здачы нумару было невядома, ці падтрымаюць пратэст іншыя моладзевыя рухі. Ад гэтага будзе залежаць маштаб акцыі.

Пакуль галадоўку трымаюць у прыватнай кватэры. «Есьці хочацца… У мамы дома бульба смажаная і селядзец…» — кажа Сяржук Мурашка, наймалодшы. Але прага ведаў і волі мацней за голад: «Хай наш крык прарвецца праз завесу хлусьні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0