Ці праўда, што цэны на легкавікі рэзка падскочаць пасьля 1 ліпеня? Якая дынаміка цэнаў на патрыманыя аўтамабілі існуе?

Рэпартаж Алеся Кудрыцкага з аўтарынку.

Гаспадар зялёнага «Ровэру» салодка сьпіць на пярэднім сядзеньні, падклаўшы рукі пад галаву. «Мае гады — маё багацьце…» — ліецца прытарна-саладжавы сьпеў з дынамікаў. Тут, на аўтарынку ў Малінаўцы — радовішчы старых патрыманых легкавікоў, — гэтыя радкі гучаць як зьдзек. Гэты адносна малады сноб-«Ровэр» выпуску 1998 г. яшчэ можа дазволіць сабе раскошу каштаваць 6 тыс. даляраў, але з кожным месяцам ягоная цана імкліва менее, бо завод «Ровэр» на мяжы закрыцьця. Але гэта адзіны вынятак на рынку.

Шашлык на рынку ў Малінаўцы каштуе 3 450 руб. Столькі ж у сярэднім тут просяць за «Опэль Астру» 1994 году выпуску — вядома, не рублёў, а даляраў. Таго, хто чакае ўбачыць тут барахолку старых танных машын, чакае жорсткае расчараваньне. «Чатыры тысячы чатырыста…» — са стогнам выціскае зь сябе хударлявы маладзён і ідзе далей шукаць недарагое шчасьце на чатырох колах.

Знайсьці ў Малінаўцы аўто цаной да дзьвюх з паловай тысяч даляраў амаль немагчыма — трапляюцца толькі адзінкавыя экзэмпляры, такія, як гэты белы «Фольксваген Джэта» 1989 г. за 1650 даляраў, чысьценька вымыты, але фарбаваны-перафарбаваны, дый салён, здаецца, вось-вось пачне сыпацца на часткі. Пад капот зазіраць неяк нават ня хочацца…

Машыны — ня дранікі, па дзесяць штук за гадзіну не прадасі. Пакуль пакупнікоў няма, гандляры забаўляюцца, як могуць — травяць анэкдоты, сьнедаюць, гуляюць у карты, карыстаючыся замест стала адчыненым багажнікам легкавіка-ўнівэрсала. «Аб’яву пра аўтамабіль разьмясьціць не жадаеце?» — ходзяць сярод шэрагаў легкавікоў кур’еры спэцыялізаваных выданьняў, прапануючы прадаўцам запоўніць блянкі. Адзін з прадаўцоў набывае ў бабулькі семкі, зь цяжкасьцю знаходзячы дробныя «зайчыкі» ў стосе даляраў, выцягнутых з кішэні.

Тавар прэзэнтаваны найлепшым чынам. На аўтамабілях — ні пылінкі. Мыцьцё кузава ды праціраньне фараў — найбольш пашыраны занятак на рынку. Налепкі зь нямецкімі назвамі ды літарай «D» прынцыпова не здымаюць. «Адзін гаспадар, толькі што зь Нямеччыны, гаражнае захоўваньне», — нішто так ня лашчыць вуха патэнцыйнага пакупніка, як такая характарыстыка.

Але прыглядацца трэба ўважліва. «У вас запчасткі падаюць!» — кажа кабета ў акулярах гаспадару ёмістага сямейнага ўнівэрсала «Міцубісі Спэйсваган» (1991 г., $6500). «Ні фіга сабе!» — зьбянтэжана падымае прадавец зь зямлі кавалак абшыўкі. «А ў крэдыт прадасьце?» — выкарыстоўвае зручны момант кабетка, думаючы, мабыць, зьбіць цану. «А калі грошы будуць?» — «Праз паўгоду выплацім». «Не, ня пойдзе», — адмахваецца прадавец. «Ну й няхай стаіць, за паўгоду ўся разваліцца», — кідае кабета ды крочыць далей.

Па некаторых гандлёвых радах ідзеш, як па аўтасалёне. Вось «Мазда-6», на выгляд зусім новая. 18 тысяч. «Мусі-пусі, міленькі мой…» — мурлыкае сьпявачка з магнітолы спартовага жоўтага «Пэжо». 9 450 даляраў. «Гарантыю даю, аніводнага сколу», — кажа гаспадар вялізнага срэбнага «Мэрсэдэса», на якім нават не пазначана цана. Кідаецца ў вочы прыгожы «Нісан» з шыльдай «2000» на лабавіку. Няўжо такі танны? Але гэта хітрык, каб прыцягнуць увагу, — каля лічбы маленькімі літарамі напісана «см3». Гэта аб’ём рухавіка, а цана — у два з паловай разы большая.

Спроба адшукаць танны «народны аўтамабіль» правальваецца — у гэты дзень няма аніводнага «Фольксвагена Гольфа» другой мадэлі, спрэс больш новая і дарагая трэцяя мадэль. «Зірнуць жадаеш? — падбягае малады хлопец у белай куртцы да такога ж белага «Гольфа-3». — Вельмі добрая машына, — гаворыць прадавец, які прадстаўляецца Барысам. — Во, глядзі якая акуратная. Яе мая сястра вадзіла, ёй на замову зь Нямеччыны прыгналі». Хто яго ведае, можа, і праўду кажа: каробка перадач аўтаматычная, жанчыны такія любяць. «Вось і сэрвісная кніжка ёсьць, з усімі адзнакамі. Дзе тут на рынку яшчэ такое ўбачыш?» Цана — 3 700 даляраў. Як параўнаць з астатнімі «Гальфамі», дык і нядорага. «А скінуць крыху можна?» «За 3 450 аддам, — кажа Барыс. — Толькі доўга не хадзі, бо ў мяне пакупнік на прымеце ёсьць. Тыдні два — і ф’юіць…» «А праўда, што будуць на легкавікі мыты падымаць?» «Праўда, праўда», — ахвотна ківае галавой прадавец. «І наколькі падаражэюць?» — «Машыны накшталт гэтай — даляраў на 300—400 у сярэднім».

Інфармацыю пра пляны адносна павышэньня пошлін на ўвоз легкавікоў з-за мяжы фізычнымі асобамі ўжо пацьвердзіў Дзяржаўны мытны камітэт, праўда, пра пэўныя тэрміны ды дакладныя памеры новых мытных ставак афіцыйных зьвестак яшчэ не было. Паводле неафіцыйных зьвестак, гэта адбудзецца ўлетку, хутчэй за ўсё, 1 ліпеня. І тое, што адначасова абяцаюць на 5—15% зьменшыць мыты на ўвоз аўтамабіляў для юрыдычных асоб, мала суцяшае: веры ў тое, што ў аўтасалёнах легкавікі будуць каштаваць таньней, чым у прыватнікаў, вельмі мала.

Таму, хто ўсё-такі вырашыць не ашчаджаць грошы яшчэ год-другі, а набыць таннае аўто, пакуль не падскочылі цэны, варта лішні раз зазірнуць на рынак аўтазапчастак: частыя візыты ў гэты музэй аўтадэталяў вам гарантаваныя.

Не пашкодзіць набыць і газэту з аўтааб’явамі. На старонцы каляровых фота адразу сустракаеш выявы «старых сяброў» з Малінаўкі. Вось ён, бела-чорны «Смарт» за 6 250 даляраў (можна таргавацца) ды спартовы кабрыялет «БМВ», на якім нават цана не стаіць.

У цэлым у газэце значна больш магчымасьцяў адшукаць нешта ў межах дзьвюх з паловай тысяч у.а., дый тое за кошт большага аб’ёму прапаноў. Тым больш што, улічваючы ўзрост тых легкавікоў (12—15 год), набываць іх — сабе даражэй. А цэнавая катэгорыя ў тры з паловай — пяць тысяч даляраў і ў газэце вядзе рэй, як і на аўтарынку.

З Малінаўкі ад’яжджаеш з пахіснутымі ўяўленьнямі пра ўласную заможнасьць ды зь невыноснай спакусай набыць не легкавік, а чырвоны скутэр коштам два з паловай мільёны рублёў, які прэзэнтуюць ля выхаду з рынку. Але не для нашага клімату такі від транспарту.

На лужайцы ля кальцавой дарогі пасьвіцца конь. Вось гэта транспарт — паліва цалкам экалягічнае ды недарагое, правоў ня трэба, ні размытненьня табе, ні эўра за кубічныя сантымэтры. Хіба што з паркоўкай у горадзе можа быць праблема…

Мытныя стаўкі на аўтамабілі для прыватных асоб

Цяперашняя сыстэма

Узрост аўтамабіля (гады) Стаўка за 1 см3 рабочага аб’ёму рухавіка (эўра)

да 3 год уключна 0,6

больш за 3, але ня больш за 10 (аб’ём рухавіка да 2 500 см3) 0,35

больш за 3, але ня больш за 10 (аб’ём рухавіка 2 500 см3 і больш) 0,6

больш за 10, але ня больш за 14 0,6

14 і больш 2

Сыстэма, якая можа быць уведзена з 1 ліпеня

Узрост аўтамабіля (гады) Стаўка (эўра) за 1 см3 рабочага аб’ёму рухавіка

да 3 уключна 0,75

больш за 3, але ня больш за 7 0,4

больш за 7, але ня больш за 10 ад 0,4 да 0,6 (у залежнасьці ад аб’ёму рухавіка)

больш за 10, але ня больш за 14 1

больш за 14 2

Паводле зьвестак газэты «Автобизнес-weekly»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0