Чуткі пра выбух на ЧАЭС — трывожны сымптом для ўладаў. Яны сьведчаць пра недавер ня толькі да дзяржаўных СМІ, але і да самой дзяржавы.

Піша Віталь Тарас.

Касірка ў чыгуначнай касе, памыліўшыся пры падліку грошай, якія трэба заплаціць за білеты, апраўдваецца: «Прабачце, у мяне з раніцы з галавы не ідзе гэты Чарнобыль… Вы ж ведаеце пра выбух на АЭС, на чацьвёртым блёку?» — пытаецца яна ў пасажыркі.

Тая пачынае супакойваць касірку: вы, мабыць, зблыталі з аварыяй на электрападстанцыі ў Маскве. Чацьвёрты блёк даўно не працуе — там жа ж саркафаг! «Не! — стаіць на сваім касірка. — Пра аварыю ў Маскве ўвесь сьвет ведае. А выбух у Чарнобылі здарыўся на некалькі дзён раней, адтуль радыяцыя зноў дайшла да Беларусі. Пра гэта па радыё паведамлялі (мая суседка чула), але цяпер маўчаць».

Усе спробы давесьці, што ўзровень радыяцыі ў Менску ў апошнія дні ніколькі не зьмяніўся, што вецер у тыя дні быў паўночна-заходні, таму ў любым выпадку радыяцыйны выкід да Беларусі не дайшоў бы, посьпеху ня маюць. Касірка недаверліва паціскае плячыма — ну, дай божа, каб так было, як вы кажаце…

Падобныя размовы можна было пачуць на мінулым тыдні ці не на кожным кроку. І ніякія разумныя доказы на людзей ня дзейнічалі. Па-першае, многія памятаюць, як было з тым Чарнобылем. Спачатку маўчаньне, потым — хлусьлівыя паведамленьні пра «блізкі да нормы» ўзровень радыяцыі. Спрактыкаваныя савецкія грамадзяне і раней не адчувалі вялікага даверу да афіцыйнай інфармацыі, а ў першыя дні пасьля Чарнобыльскай катастрофы чэрпалі яе выключна з замежных радыёгаласоў ды… пагалосак. Выявілася, што афіцыйным беларускім СМІ, якія хваляцца агромністымі, як на сёньняшні дзень, накладамі й шырынёй ахопу аўдыторыі, давяраюць, прынамсі, ня больш, чым колішнім газэце «Правда» і ЦТ. І нават заявы першай асобы ў дзяржаве аб тым, што чарнобыльская тэма даўно сталася другараднай, беларускіх грамадзян, відавочна, не пераконваюць.

Усё гатова да катастрофы

Але справа ня толькі ў гэтым. Уразіла гатоўнасьць грамадзтва да катастрофы. Абывацель зь лёгкасьцю верыць у магчымасьць самага страшнага з таго, што толькі можа здарыцца (нічога страшнейшага за Чарнобыль сучаснае пакаленьне беларусаў ня зьведала). І гэтая вера жыве на тле штодзённай прапаганды, якая ўбівае ў галовы людзям, што яны жывуць у самай спакойнай, самай стабільнай, самай лепшай калі ня ў сьвеце, дык у Эўропе краіне. Краіне, дзе няма вайны, няма тэрарызму, дзе няма й ня можа быць ня толькі тэхнагенных катастроф, але й прыродных катаклізмаў, бо кіраўніцтву дзяржавы падуладныя нават колькасьць ападкаў і тэмпэратура паветра.

Чуткі пра выбух на ЧАЭС — трывожны сымптом для ўладаў. Гэтыя чуткі сьведчаць пра недавер ня толькі да дзяржаўных СМІ, але і да самой дзяржавы. Кажучы словамі клясыка, «нядобра нешта ў Дацкім каралеўстве».

Некалі ўся краіна Саветаў жыла выключна чуткамі. Пра тое, што генсек хворы й хутка памрэ, пра эпідэмію яшчуру, пра павышэньне цэн, пра тое, што хутка ня будзе запалак, солі, масла і г.д. Часьцей за ўсё чуткі аказваліся значна бліжэйшымі да праўды, чымся паведамленьні дзяржкамстату або агенцтва ТАСС. І нават калі чуткі ня спраўджваліся, ім на зьмену прыходзілі іншыя — больш трывожныя. І яны ўрэшце станавіліся рэальнасьцю. Бо галоўнае ў пагалосках — ня тое, ці заснаваныя яны на рэальных фактах (часьцей за ўсё, вядома, яны маюць толькі ўскоснае дачыненьне да рэчаіснасьці), а скіраванасьць гэтых пагалосак. Яны амаль ніколі не бываюць аптымістычнымі. Бо, хутчэй за ўсё, за чуткамі ды пагалоскамі хаваюцца трывожныя чаканьні ці здагадкі.

Сьвет бяз правілаў

Ад пазбаўленых інфармацыі людзей цяжка чакаць нейкіх лягічных высноў ці адэкватных паводзінаў. Яны жывуць у як бы падвойным сьвеце — сьвеце афіцыйнай прапаганды, дзякуючы якой усе ведаюць, шту ўлады хочуць чуць ад грамадзян пра сябе, і сьвеце, аб якім вядома толькі тое, што ў ім усё няпэўна. А больш пра яго невядома нічога. Лёгіка разьвіцьця падзей падаецца незразумелай і адвольнай. Бо ўчора было так, а сёньня загадам начальства ўсё стала іначай. Таму паведамленьне непісьменнай суседкі ўспрымаецца ледзь не як ісьціна ў апошняй інстанцыі. І чым болей неверагоднае гэтае паведамленьне, тым больш вартае даверу. Цікава, што маладое пакаленьне ня менш падуладнае эпідэміі чутак, чым старэйшае. Дастаткова ўспомніць пагалоску пра маньяка, які нібыта ўшпільвае няшчасным людзям нейкую заразу шпрыцам проста на дыскатэках…

Сьвет успрымаецца як чарга ніяк не зьвязаных паміж сабой атракцыёнаў, як гульня бяз правілаў. Учора заражаная радыяцыяй зона лічылася небясьпечнай для жыцьця, сёньня, паводле ўказу, яна абвяшчаецца чыстай, а вада, прадукты харчаваньня, грыбы, ягады, рыба й дзічына — прыдатнымі для ўжытку. Учора дэмакратыя палягала ў праве выбару найбольш годнага кандыдата ў кіраўнікі, сёньня яна азначае права паўтараць, што яму няма замены.

Вядома, чуткі адпавядаюць чалавечай прыродзе. Няма такога грамадзтва або карпарацыі, дзе б не цыркулявалі, напрыклад, пагалоскі пра начальства — хто пойдзе на павышэньне, каго звольняць, хто каму прыйдзе на зьмену. Ці — яшчэ цікавей — хто з кім сьпіць.

Але ж грамадзтва, якое пэрыядычна рыхтуецца да чарговага апакаліпсісу — выбуху, патопу, эпідэміі, вайны ці яшчэ якой трасцы, — трэба прызнаць не зусім нармальным псыхічна. І гаворка тут не ідзе пра рэальныя небясьпекі — СНІД, тэрарызм, тэхнагенныя ці прыродныя катастрофы. Грамадзтва, ведаючы пра пагрозы, імкнецца даведацца аб іх як мага больш і распаўсюдзіць гэтыя веды ў максымальнай ступені. Гэта дапамагае калі ня вырашыць саму праблему, дык зьменшыць патэнцыйную колькасьць ахвяраў. Так элемэнтарныя веды ў галіне асабістай бясьпекі ўратавалі не адно жыцьцё падчас землятрусу ў Паўднёвай Азіі. А ўсялякага роду прадказальнікі, ненармальныя прапаведнікі, варажбіткі і да т.п., якіх хапае паўсюль, у тым ліку й на Захадзе, успрымаюцца разам зь іх прадказаньнямі й казанямі як нешта маргінальнае, нявартае сур’ёзнай увагі.

Асноўны інстынкт

У сытуацыі, калі ніводная з рэальных праблем — тычыцца яна будучыні нацыі, грамадзкага ды сацыяльна-эканамічнага ладу ці міжнародных стасункаў — не абмяркоўваецца адкрыта ў СМІ, а замест гэтага прапануюцца псэўдадыскусіі на тэму «асобныя недахопы», менавіта чуткі панавалі й будуць панаваць у якасьці галоўнага сродку масавай інфармацыі. Закладнікамі гэтай сытуацыі, як ні парадаксальна, становяцца і ўлады, якія прыдумалі забарону на нэгатыўную інфармцыю, каб абараніць сябе ад крытыкі. Бо што б улады ні рабілі, у тым ліку нават і пазытыўнага, адказ заўсёды будзе непрадказальны, як у сытуацыі з «чорнай скрыняй». Сытуацыю будуць ацэньваць не на аснове аб’ектыўнай інфармацыі, а на аснове стэрэатыпаў, сфармаваных у масах. Улада разьлічвае, канечне, што гэтыя стэрэатыпы працуюць на яе карысьць. Але ж яна й сама пазбаўленая рознабаковай інфармацыі, а значыць, дзейнічае, фактычна, як абывацель, які рэагуе не на сапраўдны стан рэчаў, а на тое, што кажуць іншыя. Гэта значыць, яна пачынае сама верыць у тыя стэрэатыпы, якія стварыла, і пры гэтым дзейнічаць навобмацак, нібы ў цемры. Грамадзтва ў цэлым, ад нізу да верху, ператвараецца ў нейкую цёмную, косную масу, якая падпарадкоўваецца ня ведам, не цывілізаваным правілам, а інстынктам.

Няведаньне як хвароба

Здавалася б, у эпоху лічбавай сувязі, нанатэхналёгій і Інтэрнэту такі спосаб праўленьня, які лічыцца дыктатурай, а насамрэч зьяўляецца ахлякратыяй (уладай натоўпу), немагчымы. Аднак апошнія гадоў дзесяць прадэманстравалі, што начальства й натоўп могуць утвараць свайго роду сымбіёз, самадастатковы арганізм, небясьпечны для будучыні нацыі. Ці ёсьць выйсьце з такога становішча? Думаецца, ёсьць. Некалі ў Эўропе ўспыхвалі бунты супраць прышчэпак падчас эпідэмій воспы. Ужо ў нашы дні грамадзтва не хацела нічога ведаць пра СНІД і асабліва пра хворых на яго. Але ж, як і трыста гадоў таму, спатрэбілася цярплівая тлумачальная праца лекараў, а галоўнае — сьвядомая наступальная асьветніцкая палітыка, скіраваная на ліквідацыю няведаньня. Няведаньне ў наш час — таксама свайго роду хвароба, якую трэба лячыць самымі радыкальнымі мэтадамі.

Змагацца, натуральна, трэба ня з чуткамі. Яны — усяго толькі сымптом хваробы. Змагацца трэба з апатыяй і нежаданьнем хворых ведаць аб тым, на што яны хварэюць і як трэба лячыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0