28 чэрвеня

Фінькевіча ў Шклоў

Адміністрацыя магілёўскай камэндатуры, дзе адбывае пакараньне Артур Фінькевіч, вырашыла пакуль не выносіць хлопцу чарговага папярэджаньня. Яго меліся вынесьці за інцыдэнт, які адбыўся 25 чэрвеня, калі хлопец пасьля адбою выйшаў у суседні пакой па валідол. Фінькевіча пакаралі дадатковымі працамі па прыборцы тэрыторыі. Калі б папярэджаньне было вынесенае, яно аказалася б чацьвертым, і Артур мог адправіцца адбываць пакараньне ў калёнію. Цяпер Артур працуе ў вёсцы Рэчкі (Шклоўскага раёну) на будоўлях агракамбінату «Зара».

Дашкевічу адмовілі

Зьміцер Дашкевіч паведаміў сваім сябрам у лісьце, што яму адмовілі ў датэрміновым вызваленьні. Камісія па ўмоўна‑датэрміновым вызваленьні адмовіла вязьню за «шэраг спагнаньняў за парушэньні рэжыму дня і формы адзеньня». Адначасова палітвязьня выклікалі на допыт па справе Івана Шылы.

2 ліпеня

Затрымалі ў Будславе

У Будславе, дзе праходзіла штогадовая пілігрымка, за збор подпісаў былі затрыманыя 14 актывістаў Кампаніі за зьмену закону пра свабоду сумленьня. Затрыманыя мясцовай міліцыяй ды супрацоўнікамі КДБ па Менску і Менскай вобласьці актывісты правялі каля трох гадзінаў у Будслаўскім РУУС. Міліцыянты сканфіскавалі каля 500 асобнікаў «Весьніка» Кампаніі ў абарону права на свабоду сумленьня. На аднаго з каардынатараў Кампаніі Сяргея Луканіна быў складзены пратакол.

Азарка вывесіла

Насту Азарка затрымалі а 23‑й гадзіне пасьля таго, як яна паспрабавала вывесіць бел‑чырвона‑белы сьцяг побач зь Нясьвіскім райвыканкамам. Яе пратрымалі ў пастарунку ноч і адпусьцілі а 12‑й. Быў складзены пратакол аб адміністратыўным парушэньні.

3 ліпеня

Затрыманьні моладзі БНФ

А 15‑й гадзіне быў затрыманы лідэр моладзі Партыі БНФ Алесь Каліта, які спрабаваў дапамагчы вырвацца зь міліцэйскага атачэньня актывістцы Насьце Александровіч.

Затрымалі абаронцаў Горадні

Актывістаў руху ў абарону гістарычнай спадчыны Горадні затрымалі на вул. Савецкай. Сярод затрыманых былі Алесь Залеўскі, Франак Вячорка, Вікторыя Волкава, Сяргей Кулік, Аляксандар Мілінец, Віталь Ізотаў, Мікола Жукоўскі. За распаўсюд улётак затрымалі Алену Дыяніну. Моладзь трымала расьцяжку і дзіцячыя цацкі: рыдлёўкі ды экскаватар. Рыхтаваўся пэрформанс. Ад 30 чэрвеня ў Горадні ладзіцца летнік «Гарадзенская фартэцыя». Яго ўдзельнікі займаюцца распаўсюдам інфармацыі пра ход рэканструкцыі Старога гораду, дзяжураць побач з будынкамі, заплянаванымі пад знос.

Хадэкаў трасуць

На кватэры сябраў ініцыятывы «Беларускія хрысьціянскія дэмакраты» па вуліцы Пушкіна ў сталіцы адбыўся ператрус. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі заявілі, што забяруць з сабой для праверкі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. У кватэры таксама былі блянкі для збору подпісаў за зьмену Закону аб рэлігіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0