Адзіны кандыдат мусіць стаць сьцягам беларускай рэвалюцыі.

Праўда, на вялікі жаль, большасьць дэмакратаў мяркуе, што гэты самы кандыдат возьмецца ды сам зробіць рэвалюцыю. Але рэвалюцыю мусім рабіць мы ўсе РАЗАМ з тым самым адзіным!

Сотні тысяч людзей месяц правялі на ўкранскім Майдане. А ў іх, напэўна, таксама былі дзясяткі прычын, каб застацца дома і вырашаць асабістыя праблемы. Але яны пайшлі на галоўную плошчу Кіева дзеля дасягненьня аднае, але самае галоўнае мэты — скінуць дыктатуру. Украінцы не чакалі, што за іх усё зробіць Юшчанка. Яны зрабілі будучага прэзыдэнта сваім сьцягам і ня кінулі гэты сьцяг у цяжкі момант. За што і атрымалі ганаровую перамогу.

Таму калі мы, беларусы, усё ж хочам людзьмі звацца, таксама мусім усьвядоміць, што ня варта чакаць, што гэта за нас зробяць іншыя.

А сьцяг беларускай рэвалюцыі ў выглядзе адзінага кандыдата абавязкова будзе. Хто стане адзіным? На гэтае пытаньне дасьць адказ Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але перш, чым вылучыць адзінага кандыдата, Кангрэс абавязкова павінен улічыць вынікі галасаваньня рэгіянальных сходаў. На гэтым місія Сходу скончыцца. Далей справа будзе за ўсімі намі.

Яшчэ ёсьць час на тое, каб расплянаваць сваю дзейнасьць з улікам прэзыдэнцкай кампаніі і асабіста сваёй ролі ў ёй! Неабходна зразумець кожнаму сваю асабістую важнасьць у гэтым працэсе і тое, у якой краіне мы хочам жыць. Ад гэтага залежыць яшчэ тое, што мы будзем расказваць нашым нашчадкам і што кожны з нас зробіць асабіста дзеля іхняй будучыні і свабоды!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0