«Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць»

Заключнае слова Паўла Севярынца ў судзе 31 траўня

Шаноўны судзьдзя, спадар пракурор! Шаноўныя абаронцы, шаноўныя прысяжныя!

На пачатку я хацеў бы яшчэ раз пацьвердзіць сваю прынцыповую пазыцыю: у гэтым пасяджэньні я ўдзельнічаю выключна дзеля таго, каб гэтая справа магла быць перагледжаная пры новым, дэмакратычным ладзе, калі ў нас зьявіцца сапраўды незалежны і справядлівы суд. Дзеля гэтага я лічу патрэбным дакумэнтаваць усе акалічнасьці гэтага працэсу.

Што да сутнасьці справы, дык судовы разбор чарговы раз пераканаў мяне: ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей, якія 18—19 кастрычніка сабраліся ў цэнтры Менску, каб выказаць пратэст супраць т.зв. “выбараў” і рэфэрэндуму, НЕ БЫЛО. Такім чынам, мы маем справу зь відавочнай палітычнай замовай, выкліканай набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. і боязьзю ўлады перад падзеямі накшталт украінскай, сэрбскай або грузінскай аксамітных рэвалюцый.

Калі ў судзе разглядаюць любую справу, дык у першую чаргу стараюцца высьветліць адказ на пытаньне, чаму так здарылася. Матывы. Прычыны. Чаму тысячы абураных людзей 18—19 кастрычніка выйшлі на Кастрычніцкую плошчу? Дзіўна, але суд пазьбягаў адказу на гэтае ключавое пытаньне, як агню. Пракурор адразу заяўляў пратэсты, а судзьдзя адхіляў пытаньні, якія б удакладнялі прычыны выхаду людзей на вуліцу і іхніх далейшых дзеяньняў. Бо разумелі, што адказы на гэтыя пытаньні выкрылі б злачыннасьць улады.

Хачу яшчэ раз заявіць: 18—19 кастрычніка на плошчу выйшлі грамадзяне Беларусі, абураныя масавымі парушэньнямі закону і фальсыфікацыямі, зафіксаванымі ў час т.зв. выбарчай кампаніі і рэфэрэндуму. Менавіта як сьведка і ўдзельнік гэтае кампаніі на вуліцы быў і я сам. Ва ўсім сьвеце вядома, зь якім найгрубейшым ламаньнем права адбывалася ў Беларусі галасаваньне 17 кастрычніка. Гэта засьведчыла рэзалюцыя АБСЭ. Паводле сацыялягічных апытаньняў, большасьць беларусаў дагэтуль ня вераць у афіцыйна абвешчаныя вынікі. Людзі не прымаюць хлусьні. Людзі хацелі і хочуць ведаць праўду!

Артыкул, паводле якога нас зь Мікалаем Статкевічам судзяць, гучыць так: “арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх”. Дык што, 18—19 кастрычніка 2004 г. на плошчы сабралася некалькі тысяч хуліганаў, дэбашыраў і іншых антысацыяльных элемэнтаў? Давайце праверым: у матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць характарыстыкі, дадзеныя дзясяткам затрыманых удзельнікаў (затрыманых — значыць, па ідэі, асабліва актыўных). Характарыстыкі складаліся ўчастковымі, намесьнікам старшыні райадзьдзелу па месцы жыхарства. Міліцыяй! Чытаем — цудоўныя характарыстыкі. Прыстойныя, інтэлігентныя, добрыя, зычлівыя людзі, у добрых адносінах з суседзямі, несудзімыя, непітушчыя, не заўважаныя ні ў скандалах, ні ў дэбошах… Я бачыў, як выхавана, стрымана і прыстойна гэтыя людзі паводзілі сябе на вуліцы, нягледзячы на свае абурэньні і правакацыі ўладаў. І я сьцвярджаю: 18—19 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы была эліта беларускай нацыі. Гэтыя людзі не пабаяліся разьвітацца з хатнім камфортам, не пабаяліся рэпрэсій, таму што ня могуць трываць таго, чаго трываць не павінен і справядлівы суд. Людзей вяло тое, што вядзе справядлівы суд, — жаданьне ведаць праўду. Мне ня сорамна за тое, што я быў сярод гэтых людзей і што рабіў у гэты дзень. Спадар пракурор у сваім выступе казаў пра маё “частковае прызнаньне віны”. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Заяўляю яшчэ раз: я не прызнаю абвінавачваньня, прад’яўленага мне, у поўным аб’ёме. Хто парушыў закон 18—19 кастрычніка, дык гэта ўлады.

Пачнём з паводзінаў міліцыі.

Замест таго каб дапамагчы людзям вырашыць іх праблемы, забясьпечыць ахову, скантактаваць сабраных на плошчы з прадстаўнікамі ўлады, вызначыць лідэраў і ўступіць зь імі ў перамовы аб парадку далейшых дзеяньняў, супрацоўнікі міліцыі або бязьдзейнічалі, або правакавалі людзей.

Так, 18 кастрычніка на самой плошчы ніводзін прадстаўнік улады не падышоў пацікавіцца, што адбываецца, не прапанаваў дапамагчы, не забясьпечыў праходу людзей. Тысячы абураных людзей у самы ажыўлены час, у самым шматлюдным месцы сталіцы Беларусі — а міліцыя стаіць па дварох К.Маркса, у аўтобусах, з адной мэтай — каб, калі што, адстаяць прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю. Улада фактычна сказала людзям: ваша думка нікога не цікавіць! Але беларусы — ня быдла. Яны патрабуюць адказу, патрабуюць праўды — і натуральна, што яны пайшлі цераз праспэкт да рэзыдэнцыі. І я пайшоў разам зь імі, каб задаць пытаньне таму, хто трымае ў сваіх руках усю ўладу ў краіне і нясе адказнасьць за ўсё, што творыцца ў Беларусі.

Што ў гэты момант робяць супрацоўнікі ДАІ? Згодна з паказаньнямі сьведкаў, перамаўляюцца па рацыі, замест таго каб рэгуляваць рух транспарту. Затым, у той самы момант, калі людзі падышлі да тэатру Я.Купалы, міліцэйскае начальства выстройвае адзіны ланцужок зь некалькіх супрацоўнікаў патрульна-паставое службы перад шматтысячным рухам людзей. Не зьвяртаюцца да грамадзян, да лідэраў, каб прапанаваць сваю дапамогу ў перадачы пэтыцыі ў адміністрацыю, не ўступаюць у перамовы, а падстаўляюць ланцужок насустрач вялікаму руху людзей. Навошта? Каб справакаваць сутыкненьне? Было дастаткова аднаго закліку: “Даві”, “Ламі”, “Прарывай”, — і міліцыянты былі б проста затаптаныя. Але, яшчэ раз паўтаруся, да гонару тых тысяч людзей, што ішлі да рэзыдэнцыі, ніводзін такога закліку ня кінуў. Бо нам не патрэбна кіргіская рэвалюцыя, нам патрэбен украінскі варыянт, без крыві, бяз гвалту. І людзі гэта разумеюць. Людзей білі, затрымлівалі, кідалі на асфальт — але яны проста разьвярнуліся і пайшлі ў іншы бок.

У гэты момант затрымалі і мяне зь некалькімі ўдзельнікамі, каб празь дзесяць хвілін выпусьціць. Чаму? Бо быў загад “сёньня не затрымліваць”. Удумайцеся! Калі парушаны закон, затрымлівайце — і ў суд. Калі не — адпускайце і ніякіх судоў. Не! 18 кастрычніка ў Менску шмат міжнародных прадстаўнікоў і журналістаў. 18-га — дзень дэмакратыі. 18-га стараемся захоўваць закон. А ўжо 19-га, калі міжнародныя прадстаўнікі зьехалі, мы зноў жывём у той краіне, дзе жылі апошнія 10 гадоў. Двайныя стандарты — здаецца, так гэта называюць на БТ?

У тыя 10—15 хвілін, якія я быў затрыманы, людзі выходзяць на праезную частку праспэкту. Але ў абвінаваўчым заключэньні гучыць ізноў: “Севярынец павёў за сабою народ на праспэкт”. Фальсыфікацыя! Не ўзялі нават клопату ўзгадніць зь відэаздымкай.

Далей. Мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Чаму б сп.Навумаву, спн.Ярмошынай, сп.Лукашэнку ня выйсьці ды не растлумачыць сваю пазыцыю пяці тысячам грамадзян? Паўсюль журналісты, міжнародныя прадстаўнікі. Улада баіцца, бо праўда ёй не патрэбна, а міліцыя зноўку адсутнічае — трэба ж паказаць міжнароднай супольнасьці, што ў нас не паліцэйская дзяржава.

Нарэшце, людзі ідуць да КДБ. І вось цуд — дзень дэмакратыі працягваецца — да маніфэстантаў выходзіць кіраўнік КДБ Л.Ерын! Слухайце, можа, я што-небудзь блытаю? Да групы хуліганаў, якая груба парушае грамадзкі парадак, выходзіць шэф КДБ і запрашае асабліва буйных да сябе ў кабінэт папіць гарбаты і адказаць на пытаньні?!.

Ужо а дзясятай вечара, калі купка моладзі засталася стаяць на Кастрычніцкай плошчы, я сам падыходзіў да 30—50 супрацоўнікаў у цывільным, якія казалі, што загаду браць не было. Дзень дэмакратыі, бачыце, яшчэ ня скончыўся. Закон, не закон, а загаду браць не было!

Але вось ужо назаўтра, 19 кастрычніка, міліцыя загад атрымала. З самага пачатку збору людзей на Кастрычніцкай плошчы гучыць папярэджаньне разыходзіцца, час на разыходжаньне — 10 хвілін, інакш будзе прыменена фізычная сіла. Гэта хіба законныя патрабаваньні міліцыі? Не, незаконныя, бо паводле Канстытуцыі грамадзяне Беларусі маюць права на свабоду сходаў, выказваньня сваёй думкі.

Людзі ідуць па ходніках. Перад прыступкамі падземнага пераходу гучыць папярэджаньне: акуратней, акуратней… Ад міліцыі? Не. Ад тых людзей, каго цяпер судзяць за парушэньне грамадзкага парадку. Пры зборы людзей гучыць прамова: ніводнай шыбы не павінна разьбіцца, ні кроплі крыві не пральецца, нашы перамены будуць аксамітнымі. Хто гэта кажа? Прадстаўнікі ўлады? Міліцыі? КДБ? Не, тыя людзі, каму спадар пракурор патрабуе даць тры гады “хіміі” па крымінальным артыкуле за хуліганства! Паўтараю, мне самому даводзілася ў пэўныя моманты браць на сябе абавязкі міліцыі.

19 кастрычніка людзі зьбіраюцца перайсьці з аднаго ходніка на няцотным баку праспэкту на другі бок. Прыпыняюцца, чакаючы зялёнага сьвятла на пераходзе. І што робяць два аўтобусы з АМАПам, якія рухаюцца ўздоўж калёны? Прыпаркоўваюцца на самай “зебры”, перакрываючы пешаходны пераход. Тыповая правакацыя. Вось чаму, як сказаў пракурор, людзі пераходзілі часткова па пераходзе, часткова па-за ім. Дарэчы, як паказала яшчэ адна сьведка, спн.Панкевіч, 18 кастрычніка той жа аўтобус з АМАПам 10 хвілін не даваў ёй праехаць па вуліцы К.Маркса. А вось на відэастужцы і коратка стрыжаныя, з тыповай выпраўкай, у скураных куртках, з бутэлькамі піва ў руках лезуць у тэлекамэры. Правакатары, якіх дэманстранты спрабавалі прыбраць зь пярэдніх шэрагаў і якія потым спакойна адыдуць за кардон міліцыянтаў.

І вось — затрыманьне. Мірныя людзі, якія скандавалі палітычныя патрабаваньні, спыняюцца за 15 мэтраў ад амапаўскіх шэрагаў. Дзень дэмакратыі скончыўся, гучыць загад — і вось ірвуць падлеткаў, жанчын, цягнуць па асфальце, закідваюць у аўтобус… А потым — даганяюць аднаго зь лідэраў апазыцыі, А.Лябедзьку, і жорстка зьбіваюць яго на вачах у ягоных сяброў, трымаючы шкляныя дзьверы рэстарану. Зноў тыповая правакацыя.

А потым затрыманыя ўдзельнікі атрымліваюць па 10—15 сутак, якія адбываюць у прыніжальных умовах у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку для бамжоў і алькаголікаў на Акрэсьціна. Спадарства, а куды вы дзенеце 10 сутак Статкевіча?! Мае 15 сутак? Гэта што, разьмінка перад некалькімі гадамі “хіміі”? Двойчы за адно і тое ж? Гэта закон?

А што, законна было адмяняць прыпынак “Кастрычніцкая плошча” 18—19-га? Колькі тысяч людзей пацярпелі праз тое, што нейкі баец нябачнага фронту, баючыся вялікага збору людзей, адмяніў для ўсяго транспарту гэты прыпынак?

А што, законна штодня для праезду прэзыдэнцкага картэжу перакрываць праспэкты Машэрава або Скарыны? Хто-небудзь калі-небудзь быў прыцягнуты да адказнасьці за аўтамабільныя заторы?

А што, законна кожны вечар па БТ хлусіць пра адмарозкаў, студэнтаў-недавучак, п’яных дэманстрантаў?

Законна сядзяць Марыніч, Леванеўскі, Васільеў, Клімаў, Статкевіч?

Законна выключаць з унівэрсытэтаў і нават школ удзельнікаў такіх акцыяў — так, што 11 маладых людзей галадаюць па ўсёй Беларусі?

Законна, што людзі да гэтага часу не атрымалі адказу на сваё пытаньне: што ж адбылося 17 кастрычніка 2004 г.?

Такім чынам, яшчэ раз прааналізуем:

— грубае парушэньне грамадскага парадку? — НЯМА!

— непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі? — мяне асабіста не папярэджвалі; законных патрабаваньняў не было;

— перашкода працы транспарту? — сьведка Суліма, начальнік аналітычнага аддзелу службы арганізацыі руху КУП “Мінсктранс”, паказала, цытую: “18, 19, 20 кастрычніка 2004 г. затрымак руху ў пэрыяд з 18.00 да 19.30, якія зрываюць рух па маршруце і прыводзяць да страты транспартнай працы, не было”;

— перашкода працы крамаў? — пракурор адмовіўся ад гэтай часткі абвінавачваньня;

— несанкцыянаванае шэсьце? — 15 сутак за гэта ўжо было;

— што ж тады? Пераход разам з усімі праспэкту Скарыны? — 120-ты артыкул АК, 0,5 мінімалкі.

Тады чаму пракурор патрабуе тры гады “хіміі” (два паводле амністыі)? Бо ў 2006 годзе выбары і трэба пазбавіць мяне і Статкевіча магчымасьці ўдзельнічаць у іх.

Справа палітычная, і гэтую справу будуць вывучаць, як у свой час вывучалі справы Дзімітрава, Дрэйфуса або Прытыцкага, і будуць сьмяяцца зь юрыста І клясы Пазьняка і казаць: “Хоць бы прозьвішча ня ганьбіў!”

Ужо некалькі разоў я казаў, што ня мог прымаць удзелу ў арганізацыі збору людзей, паколькі да 18 кастрычніка быў у Віцебску. Але зараз з усёй адказнасьцю магу заявіць, што ведаю, хто арганізаваў 18—19 кастрычніка. Іх арганізаваў той, хто вынайшаў гэты рэфэрэндум 17 кастрычніка. Іх арганізаваў той, хто ажыцьцяўляў фальсыфікацыі. Іх арганізаваў той, хто даў лічбы, пасьля абвяшчэньня якіх уся краіна скаланулася ад хлусьні.

Але хлусьня ня вечная. Праўда пераможа, бо ёсьць на сьвеце Бог і Ён усё бачыць. Справядлівасьць і закон у Беларусі будуць адноўленыя. Без крыві. Без хлусьні. Бяз гвалту.

А сёньня я магу толькі згадаць словы з Эвангельля: “Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць” (Мацьвея 7:2).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0