Прыгожае тое, што радавала б нас, калі б было нашым, але застаецца прыгожым нават тады, калі належыць іншаму. Так піша пра прыгажосьць у сваёй найноўшай кнізе Ўмбэрта Эка..
1. Прыгажосьць правакацыі ці прыгажосьць спажываньня?
Уявім сабе спэцыяліста па гісторыі мастацтва з будучыні ці дасьледчыка, які прыбывае з касьмічнай прасторы. Яны задаюць сабе пытаньне: якая ідэя прыгажосьці дамінавала ў XX ст.? Апошнім часам мы ня робім нічога іншага ў сваёй вандроўцы па гісторыі прыгажосьці, апроч задаваньня падобных пытаньняў у дачыненьні да Старажытнай Грэцыі, Рэнэсансу, пачатку і канца XIX ст. У межах аднаго пэрыяду заўжды маглі суіснаваць, напрыклад, нэаклясычны стыль і эстэтыка ўзьнёсласьці, аднак, гледзячы «здалёк», заўсёды здаецца, што ў прыгажосьці, уласьцівай кожнаму веку, можна выявіць пэўныя супольныя рысачкі і пэўныя прынцыповыя супярэчнасьці.
Можа таксама стацца, што — зноў жа, калі глядзець «здалёк» — інтэпрэтатары будучыні вылучаць нешта самае характэрнае для XX ст. і прызнаюць, напрыклад, рацыю Марынэцьці, які казаў, што сапраўднай Нікай Самафракійскай мінулага стагодзьдзя быў прыгожы гоначны аўтамабіль, а Пікаса ці Мандрыяна, магчыма, праігнаруюць. Мы ня можам глядзець з такога далёка; можам толькі задаволіцца заўвагай, што першая палова XX ст., сама пазьней да 60-х гадоў (потым сказаць так будзе цяжэй), была тэатрам драматычнай барацьбы паміж прыгажосьцю правакацыі і прыгажосьцю спажываньня.
2. Авангардызм, ці прыгажосьць правакацыі
Прыгажосьць правакацыі прапаноўвалі розныя авангардысцкія рухі і экспэрымэнтатарскія мастацкія плыні — ад футурызму да кубізму, ад экспрэсіянізму да сюррэалізму, ад Пікаса да вялікіх майстроў абстрактнага мастацтва і ня толькі.
Авангарднае мастацтва ня ставіць праблемы прыгожага. Яно моўчкі прымае за аксіёму, што новыя творы па-мастацку «прыгожыя» і павінны прыносіць такое самае здавальненьне, зь якім сучасьнікі глядзелі на карціны Джота ці Рафаэля, але робіцца так менавіта таму, што авангардысцкая правакацыя ламае ўсялякія эстэтычныя каноны. Мастацтва ўжо ня ставіць сабе на мэце наданьне твору натуральнай прыгажосьці і зусім не зьбіраецца выклікаць супакоеную асалоду ад сузіраньня гарманічных формаў. Наадварот, яно хоча навучыць глядзець на сьвет іншымі вачамі, радавацца звароту да архаічных ці экзатычных мадэляў — сьвету сну ці фантазій разумова хворых асоб, відзежаў, выкліканых наркотыкамі, пераасэнсаваньняў матэрыі, зьмяшчэньня бытавых прадметаў у новыя, шакуючыя кантэксты (дадаізм, рэды-мэйд), імпульсаў несьвядомага.
Толькі абстракцыянісцкае мастацтва адрадзіла ідэю геамэтрычнай гармоніі, што нагадвае эстэтыку прапорцый. Бунтуючы супраць залежнасьці, ці супраць прыроды, ці супраць штодзённага жыцьця, яно прапанавала чыстыя формы — ад геамэтрыі Мандрыяна да вялікіх монахраматычных палотнаў Кляйна, Ротка і Манзоні. Кожнаму, хто наведваў выставу ці музэй у згаданы пэрыяд, напэўна, даводзілася чуць, як гледачы, стоячы перад абстракцыянісцкай карцінай, пыталіся: «Што на ёй, уласна, намалявана?» або «Хіба гэта ўвогуле мастацтва?». А затым нават гэтае «нэапіфагарыйскае» вяртаньне да эстэтыкі прапорцый і лічбаў пайшло насуперак сучаснаму ўспрыманьню, насуперак уяўленьню, якое звычайны чалавек мае аб прыгожым.
Існуе, урэшце, безьліч плыняў сучаснага мастацтва (хэпэнінгі, у якіх мастак надразае ці калечыць уласнае цела, паказ перад публікай сьвятлавых ці гукавых зьяў), дзе пад знакам мастацтва адбываюцца, хутчэй, цырымоніі з рытуальным адценьнем, што не адрозьніваюцца ад старажытных містычных абрадаў, мэтай якіх было не сузіраньне чагосьці прыгожага, а, хутчэй, рэлігійны досьвед, няхай нават гаворка ідзе пра рэлігійнасьць прымітыўную і цялесную, у якой багі не прысутнічаюць.
З другога боку, падобную прыроду маюць музычныя ўражаньні, якія велізарныя натоўпы перажываюць на дыскатэках ці рок-канцэртах, дзе сярод блісканьня сьвятламузыкі і аглушальных гукаў увасабляецца на практыцы пэўны спосаб «быцьця разам» (чаму нярэдка спадарожнічае прыняцьце ўзбуджальных рэчываў). Гэта можна нават здавацца прыгожым пабочнаму назіральніку, але ня ўдзельніку. Апошні таксама можа гаварыць пра «прыгожае перажываньне», але ў тым сэнсе, у якім гаворыць пра прыгожае плаваньне, прыгожую язду на машыне ці поўны асалоды палавы акт.
3. Прыгажосьць спажываньня
Наш госьць з будучыні не пазьбегне яшчэ аднаго цікавага адкрыцьця. У тых, хто наведвае выставы авангарднага мастацтва, хто купляе «незразумелыя» скульптуры ці ўдзельнічае ў хэпэнінгах, адзеньне і прычоскі цалкам адпавядаюць агульнапрынятым канонам моды, яны носяць джынсы ці фірмовыя транты, карыстаюцца макіяжам паводле ўзораў, што прапагандуюцца глянцавымі часопісамі, кіно, тэлебачаньнем ці прэсай. Яны арыентуюцца на ідэалы прыгажосьці, што прапануюцца сьветам камэрцыі і спажываньня, супраць якога больш як паўстагодзьдзя змагалася мастацтва авангарду. Як інтэрпрэтаваць гэтую супярэчнасьць? Не спрабуючы яе вытлумачыць, можам канстатаваць, што яна тыповая для XX ст.
Госьцю з будучыні давядзецца цяпер прыгледзецца, якую мадэль прыгожага прапануюць мас-мэдыя, і ён адкрые для сябе, што праз усё стагодзьдзе праходзіць падзел свайго роду двайной цэзурай.
Першая датычыць кантрасту паміж мадэлямі на працягу аднаго і таго ж дзесяцігодзьдзя. Напрыклад, кіно прапанавала ў адзін і той жа час вобраз «фатальнай жанчыны», увасоблены Грэтай Гарба і Рытай Гэйварт, і тыпаж «суседзкай дзяўчыны», які рэалізавалі Клёдэта Кальбэр і Дорыс Дэй.
Прапанавала — у якасьці героя вэстэрнаў — масіўнага, мужнага Джона Ўэйна і лагоднага, трохі сьпешчанага Дастына Гофмана.
У адзін і той жа час узводзіліся на п’едэстал Гары Купэр і Фрэд Астэр, прычым стройны Фрэд танчыў на экране з каржакаватым Джынам Келі.
Мода прапанавала ўсеагульнай увазе пышныя жаночыя строі (як у фільме «Рабэрта») — і адначасова андрагінічныя мадэлі Како Шанэль.
Мас-мэдыя, у духу поўнай дэмакратыі, прапануюць узоры прыгажосьці як для тых, каго прырода надзяліла арыстакратычнай прывабнасьцю, так і для грубых формаў жанчыны-рабочай: шчуплая Одры Гэпбэрн уяўляе сабой прыклад для тых, хто ня можа дасягнуць «гіпэртрафаванай фізычнасьці» Аніты Экбэрг; для тых, хто не валодае рафінаванай мужчынскай прыгажосьцю Рычарда Гіра, ёсьць пачуцьцёвае абаяньне Аль Пачына і сымпатычная пралетарскасьць Рабэрта Дэ Ніра. І нарэшце, той, хто ня можа набыць прыгажосьці аўтамабіля «Мазэрацьці», задаволіцца прыгажосьцю «Міні Морыса».
Другая цэзура расшчапляе ўсё стагодзьдзе. Калі сьцісла: ідэалы прыгажосьці, прэзэнтаваныя мас-мэдыя 1960-х, перагукаюцца з прапановамі «старэйшых» мастацкіх твораў. Такія прыгажуні, як Франчэска Бэрціні ці Рына Дэ Лігуора, былі блізкімі сваячкамі томных кабет Д’Анунцыё, а жаночыя постаці, якія зьяўляюцца ў рэкляме 1920—1930-х, нагадваюць чахлых прыгажунь мадэрнізму, ар-нуво ці ар-дэко. У рэкляме розных тавараў можна заўважыць матывы футурызму, кубізму і сюррэалізму.
У мультфільме «Ў пошуках Нэма» відаць уплыў стылю ар-нуво, у той час як урбаністыка іншых сьветаў у мультфільме «Флэш Гардон» нагадвае ўтопіі мадэрнісцкіх архітэктараў, такіх, як Антоніё Сант-Элія, і нават экстрапалюе формы ракет будучыні. Мультфільмы з Дыкам Трэйсі выражаюць паступовае прывыканьне да авангарднага мастацтва. Дастаткова паглядзець мульцікі пра Мікі Маўса з 1930-х да 1950-х, каб убачыць, як карцінка зьмяняецца ў адпаведнасьці з разьвіцьцём пануючай эстэтыкі ўспрыманьня. Але калі, з аднаго боку, поп-арт уваходзіць ва ўжытак на ўзроўні наватарскага мастацтва і правакацыі, вобразаў сьвету гандлю, прамысловасьці і мас-мэдыя, а з другога, «Бітлз» надзвычай умела абнаўляюць традыцыйныя музычныя формы, бездань паміж мастацтвам правакацыі і мастацтвам спажываньня меншае. Больш за тое, калі здаецца, што існуе яшчэ якаснае адрозьненьне паміж мастацтвам «высокім» і мастацтвам «папулярным», то ў фазе, што акрэсьліваецца як постмадэрнісцкая, высокае мастацтва прапануе новыя творы, якія парушаюць старыя фармальныя рамкі, і адначасова такія, якія, наадварот, наўмысна трымаюцца старых фармальных рамак і ўзнаўляюць традыцыі. У сваю чаргу сродкі масавай інфармацыі не навязваюць ужо ніякага стандарту, адзінага ідэалу прыгожага. Яны могуць зьвярнуцца, нават у рэклямным роліку, які пражыве тыдзень, да любых набыткаў авангардызму і адначасова вярнуць ва ўжытак мадэлі
1920-х, 1930-х, 1940-х, 1950-х, аж да паўторнага адкрыцьця нямодных дызайнаў аўтамабіляў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Зноў прапануецца іканаграфія XIX ст., казачны рэалізм, вартыя Юноны формы Мэй Уэст і анарэктычная прывабнасьць сёньняшніх мадэляў.
Чорная прыгажосьць Наомі Кэмпбэл і англасаксонская прыгажосьць Кэйт Мос; прывабнасьць традыцыйнай чачоткі, як у фільме «Кардэбалет», і футурыстычнай, зімнай архітэктуры «Лаўца андроідаў»; фатальныя жанчыны зь безьлічы тэлеперадач і рэклямных ролікаў ды дзяўчаты вады і мыла а-ля Джулія Робэртс і Кемэран Дыяз; Рэмба і Плятынэта; каротка стрыжаны Джордж Клуні і новыя кібаргі, што размалёўваюць твары ў мэталічныя колеры і ператвараюць валасы ў лес каляровых іголак ці голяць сабе галовы. Наш дасьледчык з будучыні ўжо ня зможа вылучыць эстэтычнага ідэалу, распаўсюджванага СМІ ў XX ст. і пазьней. Яму давядзецца капітуляваць перад гэтай оргіяй талерантнасьці і поўнага сынкрэтызму, абсалютнага і нястрымнага політэізму прыгажосьці.