Іслам Карымаў — прадстаўнік адыходзячага пакаленьня савецкіх васалаў, якія неспадзявана для сябе, нярэдка нават насуперак уласнай волі, атрымалі свабоду.

Хоць Карымаў — адзін з самых даўніх постсавецкіх правадыроў, ён па-ранейшаму застаецца самым таямнічым зь іх.

Даўным-даўно, калі Ўзбэкістан толькі зрабіўся незалежнай дзяржавай, у тамтэйшым парлямэнце яшчэ знаходзіліся дэпутаты, якія асьмельваліся кідаць прэзыдэнту Карымаву ў твар абвінавачаньні ў тыраніі. «Я не адчуваю сябе дыктатарам, але калі дысцыпліна і парадак для вас — дыктатура, дык можаце называць мяне так, — сказаў падчас адной з такіх дыскусій прэзыдэнт. — Дэмакратыя — гэта ня мітынгі, а калі людзі ведаюць, што ім можна, а чаго не. Я без ваганьняў ахвярую жыцьцямі ста, калі гэта забясьпечыць мір і бясьпеку мільёнам». Тры тыдні таму салдаты Карымава расстралялі апазыцыйны мітынг у Андыжане, забіўшы амаль тысячу дэманстрантаў. Піша Войцех Ягельскі.

З заводу на савецкі Алімп

Хоць 67-гадовы Іслам Карымаў любіць хваліцца, што не сканчаў савецкіх партшкол, ён клясычны прадстаўнік палітычнай эліты, што вырасла на руінах СССР. Выхаваная ў традыцыях фэадальнай залежнасьці, гэтая эліта скажона разумела сутнасьць свабоды і ўлады. Уладу яна звычайна трактавала як матэрыяльныя даброты, а свабоду — як магчымасьць неабмежавана імі карыстацца.

Перш чым стаць прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы, Карымаў старанна прайшоў праз усе прыступкі па лесьвіцы імпэрскай улады. Праца на заводзе, вячэрняя адукацыя, павышэньне да інжынэра, кар’ера чыноўніка, пазьней — правінцыйнага партыйнага дзеяча, павышэньне да міністра фінансаў рэспублікі, старшыні дзяржпляну і ўрэшце першага сакратара кампартыі.

На палітычны Алімп яго вынесла гарбачоўская перабудова.

Ва Ўзбэкістане, ператвораным камісарамі і сакратарамі ў адну вялікую плянтацыю бавоўны, праўленьне Гарбачова да сёньня згадваюць зь нянавісьцю. Імпэрскія намесьнікі з Ташкенту заўсёды ашуквалі сваіх прынцыпалаў з Масквы, якія патрабавалі ўсё больш і больш бавоўны. Такім чынам яны ратавалі сялян ад катаржнай працы на плянтацыях, а пры нагодзе, складаючы справаздачы, набівалі кішэню крамлёўскімі рублямі. Гарбачоў, які не пераносіў Азіі, бачачы ў ёй асяродак кансэрватыму, пастанавіў узорна пакараць узбэкаў і напужаць усіх астатніх, каму недаспадобы былі яго прагрэсіўныя рэформы.

Насланыя Гарбачовым рэвізоры ўчынілі ў Ташкенце сапраўдны пагром. Два мясцовыя кіраўнікі былі расстраляныя, шмат хто трапіў у турму, рэшту разагналі на ўсе чатыры бакі. Шукаючы новага загадчыка ўзбэцкай бавоўнавай плянтацыі, Гарбачоў выбраў Карымава — маладога правінцыяла і аўтсайдэра, ня ўцягнутага ў кланавыя звады. Да таго ж эканаміста. Карымаў, аднак, ніколі не адчуваў сябе абавязаным Гарбачову. І здрадзіў яму пры першай зручнай нагодзе.

Паступова ён вяртаў ва ўладу чыноўнікаў, звольненых Гарбачовым за карупцыю і крадзяжы. Так ён заваяваў іх удзячнасьць і палітычную падтрымку, а непакорлівасьць Крамлю дадавала яму сымпатый з боку насельніцтва. Калі ў жніўні 1991 г. путчысты ў Крамлі зрабілі спробу зрынуць Гарбачова, Карымаў ня выступіў у яго абарону. Ён асьцярожна ўстрымаўся ад яўнай падтрымкі путчу, але не адмовіў сабе ў параўнаньні Гарбачова і яго рэформаў з будаўніком, які пачынае ўзводзіць дом не з падмурку, а з даху.

Путч ня ўдаўся, і, ратуючыся ад гневу Гарбачова, Карымаў абвясьціў незалежнасьць Узбэкістану. Іншыя правінцыі імпэрыі ўжо даўно паабвяшчалі сябе незалежнымі дзяржавамі, а яшчэ празь некалькі месяцаў прэзыдэнты Расеі, Украіны і Беларусі афіцыйна распусьцілі Савецкі Саюз.

З камуністаў у дэмакраты

Як прэзыдэнт незалежнай дзяржавы, Карымаў загадаў камуністычнай партыі перайменавацца ў народна-дэмакратычную, а сам распачаў бязьлітасную вайну супраць усіх, хто яму пагражаў, і нават тых, хто зь ім пагаджаўся.

У студзені 1992 году ён упершыню загадаў страляць у студэнтаў, якія выйшлі на вуліцы Ташкенту, патрабуючы яго адстаўкі. Бязьлітасна разагнаў толькі-толькі ўзьніклыя дэмакратычныя партыі, а іх лідэраў пасадзіў ці выгнаў з краіны. Правёў таксама жорсткую чыстку ў сваім апараце, выдаліўшы адтуль усіх канкурэнтаў за ўладу.

«У моманты гістарычных пераломаў часам неабходны моцны лідэр і суровая ўлада. Часам аўтарытарнае праўленьне неабходнае», — казаў некалькі гадоў таму Карымаў, гаворачы пра Тамэрлана, зь якім ён любіць сябе параўноўваць. Тамэрлана і легенду аб ім Карымаў выбраў сымбалем незалежнай узбэцкай дзяржавы, а таксама сваім палітычным настаўнікам. Карымаў гаварыў, што падзяляе яго палітычны дэвіз: «Моцная ўлада — гэта моцная дзяржава». Прыгадваў, што толькі дзякуючы жорсткаму праўленьню Тамэрлана магла паўстаць вялікая дзяржава, якая пад кіраўніцтвам яго наступнікаў ператварылася ў слынны асяродак навукі і мастацтва.

Яго падданыя ахвотна яму верылі, тым больш што пад бокам былі Аўганістан і Таджыкістан, якія загразалі ў хаосе грамадзянскіх войнаў. Карымаў абяцаў, што ва Ўзбэкістане такога не дапусьціць. Пры ўмове, аднак, што ніхто ня будзе мяшацца ў яго палітыку.

«Мантэск’ё памыляўся, гаворачы, што ўлада дзеліцца натрае, — пераконваў старшыня Олій Мажлісу Эркін Халілаў. — Улада заўсёды толькі адна. Таму што можа быць толькі адзін правадыр».

Рэгіянальны лідэр

Пад кіраўніцтвам Карымава 22-мільённы Ўзбэкістан, самая населеная краіна Цэнтральнай Азіі, зрабіўся рэгіянальным лідэрам і жандарам. У 1992 г. Карымаў паслаў сваё войска ў Таджыкістан, каб падтрымаць тамтэйшых камуністаў у вайне супраць таджыцкіх маджахедаў. Камуністы выйгралі, а Карымаў з таго часу пачаў лічыць таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмонава сваім васалам, называючы яго «старшынём калгасу». Ён шантажаваў яго ўзбэцкай меншасьцю ў таджыцкай частцы Фэрганскай даліны і інсьпіраваў мяцяжы, як толькі таджыцкі лідэр рабіўся занадта незалежным.

Карымаў пасварыўся з усімі суседзямі. Засьцерагаючыся ад ваеннага хаосу з Аўганістану, ён доўгія гады падтрымліваў тамтэйшага правадыра генэрала Дустума, узбэка па нацыянальнасьці. Выкарыстоўваў яго ўдзельнае княства як буфэрную зону так імпэтна, што ледзьве не прывёў да распаду Аўганістану.

З Туркмэніяй сварыўся наконт пакладаў прыроднага газу і золата, да кіргізаў меў прэтэнзіі за тое, што давалі прытулак узбэцкім дысыдэнтам. Казаскага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева не выносіў, у сваю чаргу, таму, што той не саступаў яму ў барацьбе за статус лідэра рэгіёну, ды з зайздрасьцю глядзеў на найбагацейшыя паклады казахстанскай нафты — багацьця, якім прырода абдзяліла ўзбэкаў. Карымаў таксама лічыў ляяльных Маскве казахаў інструмэнтам Расеі для змаганьня за ўплыў у рэгіёне, які ён пасьпеў запісаць ва ўласную вотчыну.

Бачачы ў Расеі канкурэнта, ён ахвотна заключыў саюз з амэрыканцамі, калі тыя пасьля 11 верасьня 2001 г. пастанавілі атакаваць Аўганістан у адказ на тэрарыстычныя акты ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Карымаў палічыў, што ўзамен за палітычную падтрымку і ваенныя базы амэрыканцы абароняць яго ад Расеі і перастануць прыпамінаць яму дыктатарскае праўленьне.

Брутальную дыктатуру, якую ўсталяваў ва Ўзбэкістане Карымаў, ён абгрунтоўваў неабходнасьцю барацьбы з ісламскімі фанатыкамі, якія марылі ператварыць узбэцкую дзяржаву ў халіфат, што жыў бы па законах шарыяту.

У сапраўднасьці расправа з дэмакратамі і канкурэнтамі ва ўласным апараце, а таксама забарона на апазыцыйную дзейнасьць прывялі да таго, што адзінымі актыўнымі праціўнікамі Карымава сталі ісламскія тэрарысты, якія з 1999 г. амаль штогод ажыцьцяўляюць узрывы бомбаў і ўзброеныя набегі. Да 2001 году ўзбэцкія маджахеды ўкрываліся ў аўганскіх талібаў. Цяпер Карымаў падазрае, што яны знаходзяць прытулак у варожых яму таджыкаў, кіргізаў і казахаў.

Рэпрэсіі супраць ісламскіх паўстанцаў павялічваюць колькасьць непрыхільнікаў Карымава. Гэта, у сваю чаргу, падштурхоў-вае яго да яшчэ большага гвалту. Перасьлед апазыцыі, зьнявольваньне палітычных праціўнікаў у турмах і катаваньне іх пазбаўляюць Карымава прыхільнасьці Захаду.

Крытыка з боку Захаду, зь якой сутыкнуўся Карымаў (яшчэ нават перад расправай у Андыжане), прывяла да таго, што ён зноў павярнуўся ў бок Расеі. Так, ён выйшаў з рэгіянальнага блёку ГУУАМ, утворанага недаверлівымі да Расеі, а таму празаходнімі Грузіяй, Украінай, Малдовай і Азэрбайджанам, адправіў у адстаўку праамэрыканскага міністра замежных спраў Садыка Сафаева, пра якога пачалі ўжо казаць, што ён мог бы выдатна падысьці на ролю правадыра «баваўнянай рэвалюцыі» ў Ташкенце.

«Карымаў хацеў быць найлепшым сябрам Амэрыкі, — іранізуе расейскі палітоляг Канстанцін Затулін. — Але ўрэшце ён пераканаўся, што такое сяброўства не гарантуе ні ўлады, ні бясьпекі».

Майстар маніпуляцыі

Карымаў ня зьменіцца і ні перад чым ня спыніцца, каб утрымаць уладу. Кантроль за ўсімі і ўсім уяўляецца яму адзіным спосабам прадоўжыць спакойна кіраваць. Менавіта таму ён ператварыў краіну ў паліцэйскую дзяржаву. Таму таксама пазьбягаў, як мог, рынкавых рэформаў у эканоміцы, якія пазбаўлялі яго кантролю над гаспадаркай.

Будучы сам пазбаўлены кланавага палітычнага апірышча, Карымаў па-майстэрску маніпуляваў прагнымі да ўлады кланамі з Фэрганы, Ташкенту ці Самарканду. Сама меней год, аднак, па Ўзбэкістане ходзяць чуткі, што здароўе Карымава пахіснулася, а яго паплечнікі распачалі зацятую барацьбу за постпрэзыдэнцкую спадчыну. У якасьці галоўных канкурэнтаў часьцей за ўсё называюць міністра ўнутраных спраў Закіра Алматава і шэфа спэцслужбаў Рустама Інаятава.

Іх ведамствы з самага пачатку служылі асновай рэжыму Карымава. Алматаў праклаў Карымаву дарогу да ўлады, а на пачатку 1990-х гадоў вынішчыў усялякую апазыцыю. Ён і яго міністэрства набылі такую вагу, што Карымаў вырашыў стварыць яму процівагу, узмацніўшы спэцслужбы.

Чытаючы Кіплінга

Ён не расказвае пра сябе, пра яго, па сутнасьці, нічога не вядома, ён не жартуе, нават не ўсьміхаецца. Увогуле выказваецца рэдка. Ён гадаваўся ў інтэрнаце — бацькі памерлі, калі быў дзіцем. Можа, якраз там ён выхаваў у сабе інстынкт выжываньня, якому да сёньня так зайздросьцяць яго калегі па цэху.

Да ўсяго ён дайшоў сам, сваёй галавой, але перш за ўсё — цяжкай працай, а таксама бязьлітаснасьцю ў дачыненьні як да іншых, так і да сябе.

Шмат хто з узбэкаў лічыць, што жыцьцё пад уладай дэспатычнага ўладара — у цэлым, не занадта высокая цана за пачуцьцё бясьпекі і мір. Яны вераць, а можа, далі сябе пераканаць, што менш жорсткі кіраўнік адразу будзе зрынуты канкурэнтамі, а краіна загразьне ў хаосе.

Карымаў заўсёды любіў павучаць заходніх лібэралаў, чытаючы ім Кіплінга: «Усход ёсьць Усход, а Захад ёсьць Захад, і двум гэтым сьветам ніколі не сысьціся». Яшчэ ён часта кажа, што як за часамі камунізму ўзбэкі не да канца адпавядалі камуністычным ідэалам, так сёньня, у эпоху дэмакратыі, яны не заўсёды прымаюць дэмакратычныя ўзоры.

P.S. Збэшчаны на Захадзе за крывавае падаўленьне мяцяжу ў Андыжане, Іслам Карымаў выправіўся празь некалькі дзён у падарожжа ў Кітай — першую афіцыйную паездку пасьля разьні. Кітайцы ня будуць тлуміць яму галаву правамі чалавека. «Апошнія падзеі ва Ўзбэкістане зьяўляюцца ўнутранай справай гэтай дзяржавы, якая можа разьлічваць на нашу падтрымку ў барацьбе з экстрэмізмам, тэрарызмам і сэпаратызмам», — заявіў у аўторак прэс-сакратар кітайскага МЗС. Разьню ў Андыжане параўноўваюць з крывавым падаўленьнем студэнцкіх дэманстрацый па плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне ў чэрвені 1989 г., калі загінула пад тысячу чалавек.

Паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0