Сто гадоў таму Якуб Колас трапіў у турму за ўдзел у нелегальным сходзе настаўнікаў, а цяпер для Ўладзімера Коласа «маёўка» стала крокам на шляху да прэзыдэнцкіх выбараў-2006. У апошнюю суботу траўня ягоную кандыдатуру прапанаваў ІІІ Усебеларускі сход інтэлігенцыі.

Крытыка Франкенштайнаў

Улічыўшы досьвед зьезду сацыял-дэмакратаў і віцебскай абласной канфэрэнцыі па вылучэньні адзінага кандыдата, арганізатары мерапрыемства вывезьлі ўдзельнікаў за Радашкавічы, на памежжа Маладэчанскага і Вялейскага раёнаў. За паўтары гадзіны паставілі лавы, паміж дрэваў нацягнулі вялізныя белыя й чырвоныя расьцяжкі-палотнішчы — ідэя Артура Клінава. На заднім пляне тахкаў дызэль, даючы сілкаваньне мікрафону.

Агулам сабралося сто дэлегатаў з усіх рэгіёнаў. Проці абяцаньняў сямідзесяці дэлегатаў ад кожнай вобласьці — няшмат.

Прысутнічалі на лясным сходзе прадстаўнікі замежжа — дэлегаты Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі з Польшчы Марак Келяноўскі ды Павал Брашкоўскі і дырэктар грузінскага аналітычнага цэнтру «Сусьветная лябараторыя» Сасо Цыскарышвілі. Палітыкаў было трое — Людміла Гразнова, Валер Фралоў, Аляксей Кароль. Затое прысутнічала шмат літаратараў — Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Содаль, Франц Сіўко, Максім Клімковіч, Лера Сом — ды мастакоў — Рыгор Сітніца, Георгі Ліхтаровіч, Алесь Цыркуноў. Не было рокераў, былі лічаныя інтэлектуалы маладзейшага пакаленьня.

У сваёй прамове Ўладзімер Колас згадаў легенду пра створаную Франкенштайнам пачвару. З таленавітым, але бессаромным навукоўцам, які спарадзіў на сьвет жудасную істоту, ён параўнаў тых, «хто прывёў дыктатара да ўлады». Зрабіў дырэктар Ліцэю і некалькі выпадаў на адрас палітыкаў-калегаў — маўляў, за прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду не павінен цягнуцца шлейф параз у папярэдніх кампаніях. Ён таксама заклікаў не спакушацца на харызматычнага лідэра: маўляў, Данка, прыйшоўшы да ўлады, ператвараецца ў хітрага Урфіна Джуса, які хаваецца за сьпінамі драўляных салдатаў. Асобную ўвагу старшыня Рады інтэлігенцыі зьвярнуў на распаўсюджаныя аблуды. Мітамі назваў сьцьверджаньні пра сьціпласьць і баязьлівасьць беларусаў («Ці ня самі мы распаўсюджваем показкі пра цьвік і вяроўку?»). Аблудай — перакананьне ў заведамай несумленнасьці палітыкі.

Даішнікі-эколягі

Прыблізна праз гадзіну пасьля пачатку сходу на паляне зьявіліся супрацоўнікі ДПС, чамусьці з апэратарам. Даішнікі палічылі транспарт удзельнікаў сходу… няправільна прыпаркаваным ды папрасілі адагнаць машыны з маладой травы на дарогу. Ад апэратара ж адракліся: журналіст, мы яго ня ведаем. Цікаўным удалося падслухаць, як старшы ў групе папрасіў па тэлефоне выслаць на дапамогу машыну з АМАНам…

Сход працягваўся. Намесьніца галоўнага рэдактара «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна адзначыла, што неабходна распрацоўваць стратэгію хуткай перамогі: «Ідуць гаворкі пра радыёстанцыі й гэтак далей. Калі мы разьлічваем змагацца яшчэ дзесяць гадоў, то можна так казаць». У адказ дасталося самой «Народнай волі». Яе раскрытыкавалі за надрукаваны якраз у суботнім нумары артыкул пісьменьніка Васіля Якавенкі з абвінавачаньнямі старшыні Рады інтэлігенцыі ў нецярплівасьці да іншадумства ў арганізацыі.

Колькі людзей у Коласа

Адчувалася крытычнае стаўленьне да старшыні Рады інтэлігенцыі і ў асобных выступах дэлегатаў і гасьцей сходу.

Сацыял-дэмакрат А.Кароль скарыстаў трыбуну для агучваньня «тэзісаў Казуліна, якія зьяўляюцца і пазыцыяй партыі», ды «наехаў» на Лябедзьку, які назваў экс-рэктара БДУ беларускім Януковічам. Сп.Кароль прапанаваў не пазьней чым у лістападзе правесьці шырокае сацыялягічнае апытаньне, каб вызначыць найбольш папулярнага лідэра, па выніках апытаньня арганізаваць круглы стол для выпрацоўкі выбарчай стратэгіі і толькі пасьля гэтага пры канцы 2005 году правесьці Кангрэс.

Слуцкая настаўніца Зінаіда Цімошык заклікала Коласа й прысутных быць рэалістамі. Яна адзначыла, што для перамогі кандыдат у прэзыдэнты павінен мець у кожным раёне ня менш за 40—50 актывістаў, гатовых ісьць за ім да канца: «Ці ёсьць столькі людзей у Коласа? Такой сілы сёньня ні ў кога няма! Дэлегаты сходу самі зьяўляюцца сябрамі розных партый і, значыць, будуць уключаны ў іншыя кампаніі».

Яе падтрымаў генэрал Фралоў, які прапанаваў уключацца ў адзіны працэс па вылучэньні кандыдата: «Трэба ўжо выбраць аднаго (хай, можа, і ня самага лепшага) і працаваць на яго». Сам жа Фралоў з камандай аднадумцаў (А.Вайтовіч, А.Ярашук, У.Парфяновіч) рыхтуецца арганізаваць рэфэрэндум па зьменах у Выбарчым кодэксе.

На яшчэ адзін момант падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў зьвярнуў увагу рэпатрыянт Алесь Абрамовіч з Барысава: «Улады глухія да нашых патрабаваньняў, таму трэба выкарыстоўваць вулічны ціск. Трэба быць гатовымі вывесьці 10, 20, 50 тысяч людзей на Кастрычніцкую плошчу падчас прэзыдэнцкіх выбараў».

Зрэшты, пакуль што такая ваяўнічасьць застаецца толькі на словах. За рэзалюцыю сходу дэлегаты вырашылі не галасаваць, каб ня даць падставы для рэпрэсій. Генадзь Бураўкін, які вёў сход, папрасіў згодных з рэзалюцыяй паставіць пад ёй подпіс. У рэзалюцыю ўлучылі забавязаньне для Коласа правесьці абавязковыя перамовы зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0