Дэпутат-лукашэнкавец Сяргей Касьцян прапанаваў увесьці прымусовую стэрылізацыю для асацыяльных асобаў. Як Вы ставіцеся да гэтае ідэі, і ці ёсьць чалавек, якога б Вы жадалі стэрылізаваць?

Тацяна Нарэйка, маці, 34 гады:

— Я хварэю на цукровы дыябэт. Такім, як я, дактары настойліва прапануюць стэрылізацыю. Цяжарнасьць пагражае жыцьцю такіх жанчын. У шпіталі, дзе я ляжала, жанчыны малілі дактароў не перавязваць ім трубы пад наркозам, бо хадзілі чуткі, што так робяць. Я здолела выжыць і нарадзіць дзіця. Чалавек, які прапануе стэрылізацыю, відаць, мае кулю ў галаве. Ці імпатэнт.

Сьвятлана Нячай, літаратарка, 32 гады:

— Такога чалавека няма. Я адмоўна стаўлюся да самой ідэі гвалтоўнай стэрылізацыі. Хто гэта будзе вызначаць, дзе ніжэйшыя слаі грамадзтва, а дзе вышэйшыя і якую задачу той ці іншы чалавек выконвае сваім жыцьцём?

Надзея Аўсіевіч, кіраўніца пінскай ГА «Калегіюм»:

— Я і падумаць пра гэта не магу. А па якіх крытэрах адбіраць? А хто будзе прымаць рашэньне? Дурата нейкая.

Ігар Варашкевіч, музыка з «Крамы»:

— Чалавек, якога я б ахвотна стэрылізаваў, існуе. Але я не скажу, хто гэта.

Павал Урбановіч, 25 гадоў, этнасацыяпсыхоляг:

— Такога чалавека няма. Гэтая прапанова — звычайны фашызм. Мальтузіянства.

Ігар, прадае аліву:

— Першым трэба было б кастрыраваць тату дэпутата.

Алег Гулак, праваабаронца:

— На маю думку, няма сэнсу ўвогуле ацэньваць словы дэпутата Касьцяна з пункту гледжаньня абароны правоў чалавека. Такія ідэі сёньня могуць прыйсьці толькі ў вельмі спэцыфічную галаву. Апошні раз я сустракаў такія выказваньні ў дзеячаў нацысцкае Нямеччыны. Цікава, як адрэагавала на гэта прэса, дзяржаўныя СМІ? Яны паспрабавалі хіхікнуць наконт гэтага — і ўсё. Відавочна, што разбудаваныя дзяржаўныя СМІ ня могуць крытыкаваць афіцыйнай пазыцыі афіцыйных дэпутатаў, якая б яна ні была. А выказваньне такое дзікае, што гэта якраз падстава для памфлету, публіцыстычных зьдзекаў.

Вацлаў Арэшка, культуроляг:

— Самога дэпутата. Такія прапановы ўжо гучалі, гэта адсылае нас да фашыстоўскіх часоў.

Уладзіслаў Завальнюк, рыма-каталіцкі сьвятар:

— Гэта вельмі прыкрае слова. Па-другое, трэба выхоўваць людзей, іначай усё гэта будзе вайной зь ветракамі. Замест таго, каб паставіць ачышчальныя збудаваньні ўздоўж усёй ракі, мы ставім іх у самым нізе. А на працягу ўсёй ракі працягваем пляваць у яе...

Аляксандар Шымбалёў, праваслаўны сьвятар:

— Нікога! Па-першае, усякі чалавек можа пакаяцца, перамяніць сябе. У тым ліку п’яніцы і бамжы. Па-другое, кожны чалавек стварае сваё жыцьцё з дапамогай сваёй волі. Бог даў кожнаму свабодную волю. І калі мы пачнём некага стэрылізаваць, то парушым волю, якую даў Бог.

Апытвалі Сьвятлана Курс, Зьміцер Дзядзенка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0