У дачыненьні да кіраўнічкі берасьцейскай філіі Саюзу палякаў Беларусі Аліны Ярашэвіч 22 красавіка распачата крымінальная справа. Яе вінавацяць у махлярстве: нібыта яна брала грошы ад бацькоў, чые дзеці накіроўваліся на адпачынак у Польшчу. Паведаміць пра гэта прэс-служба УУС аблвыканкаму вырашыла толькі на пачатку чэрвеня. Да пачатку чэрвеня СПБ так і ня здолеў знайсьці друкарні для выданьня газэты «Głos znad Niemna».

Рамуальда Ўлана, заснавальніка «Новой газеты Сморгони», 11 траўня затрымалі й даставілі ў Смургонскі РАУС; у СІЗА ён прабыў да 13 траўня. У студзені ён быў асуджаны на год пазбаўленьня волі за ДТЗ — наезд на вэлясыпэдыста. Паводле Закону аб амністыі яго тэрмін пакараньня скасаваны. 10 траўня Ўлан вярнуўся ў Смургоні й быў затрыманы міліцыянтамі па падазрэньні, што ўхіляецца ад адбыцьця пакараньня. Толькі ўмяшаньне адваката дазволіла яму выйсьці на волю.

З журналістамі газэты «Народная воля» Марынай Коктыш і Віталем Гарбузавым у рэдакцыі выданьня 27 траўня правёў гутаркі старшы інспэктар аддзелу па масавых мерапрыемствах ГУУС Менгарвыканкаму Сяргей Сявец. Міліцыянт цікавіўся артыкуламі пра рух «Абаронцы Айчыны».

За дзейнасьць ад імя незарэгістраванага руху «Воля народу» 27 траўня пракуратура Гарадзенскага раёну папярэдзіла Франца Аўдзея.

31 траўня ў Менску затрыманы Аляксандар Скрабец, брат экс-дэпутата Сяргея Скрабца, аднак у той самы дзень выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Журналістку газэты «Неделя» Кацярыну Ткачэнку 31 траўня выклікалі ў Савецкае РУУС Менску для тлумачэньняў з нагоды артыкулу «Нашы палякі», надрукаванага ўвосень. У артыкуле крытыкавалася дзейнасьць былога старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага.

Да галадоўшчыкаў у Жодзіне 31 траўня выклікалі хуткую дапамогу: пагоршаў стан Сержука Марчыка і Яўгена Валкаўца. У Сержука — астма, у яго выяўлены зьмены ў бронхах. У Яўгена — тахікардыя. На 10-ты дзень у сувязі з пагаршэньнем здароўя спыніў галадоўку Павал Каранюхін. У Жодзіне 3 чэрвеня адбылося адкрытае пасяджэньне камісіі ў справах непаўналетніх, куды выклікалі бацьку галадоўшчыка Сяргея Мурашкі. Сяржук Марчык 3 чэрвеня спыніў галадоўку. 5 чэрвеня галадоўку спынілі ўсе астатнія.

У Калінкавічах з 1 чэрвеня пасьля некалькіх месяцаў трансьляцыі па кабэльным тэлебачаньні спынены перадачы ўкраінскага тэлеканалу «Інтэр-плюс».

Студэнтцы-завочніцы факультэту журналістыкі БДУ Алёне Андрэевай кіраўніцтва факультэта 1 чэрвеня заявіла пра пагрозу адлічэньня: Андрэева была ініцыятаркай кампаніі за аднаўленьне адлічанай з факультэту Вольгі Класкоўскай, журналісткі «Народнай волі». 2 чэрвеня дэкан не прыняў у Андрэевай і Ганны Кавалёвай заліку па прадмеце «Сацыяльна-палітычная праблематыка СМІ», бо палічыў іх «маральна не гатовымі» да здачы.

1 чэрвеня ў міліцыю выклікалі старшыню віцебскай філіі «Маладога фронту» Яніса Чучмана, дзе на яго склалі пратакол за вывешваньне 5 траўня расьцяжкі «Свабоду палітвязьням!». Падставай для складаньня пратаколу стаў артыкул у недзяржаўнай газэце «Віцебскі кур’ер». Суд над Янісам за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі прызначаны на 21 чэрвеня.

Палітзьняволены Валер Леванеўскі 1 чэрвеня абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць парушэньня ягоных законных правоў.

У Воранаве 1 чэрвеня адбылася сустрэча начальніка аддзелу грамадзкiх арганiзацый Камiтэту ў справах рэлiгiй i нацыянальных меншасьцяў Юр’я Ўральскага з кіраўніцтвам мясцовай філіі Саюзу палякаў і актывістаў польскіх суполак: прадстаўнік улады намаўляў не прызнаваць вынікаў VI зьезду арганізацыі. Польскія актывісты ўціску ўладаў не паддаліся. Раней такі ж сход улады праводзілі ў Смургонях.

Гаспадарчы суд Менску 2 чэрвеня пачаў разгляд справы Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў «Рада» супраць падатковай інспэкцыі: падаткавікі налічылі арганізацыі 125 млн руб. штрафу за гранты паводле праграмаў TACIS і UNICEF і ўжо апісалі абсталяваньне. Судовыя спрэчкі адкладзены да часу, пакуль да справы ня будуць далучаны неабходныя дакумэнты.

Бялыніцкі райвыканкам 2 чэрвеня зьняў з афіцыйнага ўліку мясцовыя структуры грамадзкіх аб’яднаньняў «Маладая грамада» і Саюз палякаў Беларусі.

Пракуратура Партызанскага раёну Менску 2 чэрвеня адклікала сваю заяву ў Мінюст пра зьняцьце з рэгістрацыі суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Менскім заводзе аўтаматычных ліній: высьветлілася, што патрабаваньне, каб у суполцы было ня менш за 10% работнікаў прадпрыемства, не грунтуецца на законе.

Актывістку незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Ганну Петраковіч з Магілёва 2 чэрвеня выклікалі на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі па справах непаўналетніх: дзяўчына ўдзельнічала ў ланцугу неабыякавых людзей, прысьвечаным 6-й гадавіне зьнікненьня Юр’я Захаранкі. З бацькоў спагналі 2 базавыя велічыні (51 тыс. руб) штрафу за тое, што яны нібыта ўхіляюцца ад выхаваньня дачкі. За ўдзел у той самай акцыі 3 чэрвеня ў Ленінскім раённым су-дзе актывіст «Зубра» Валадар Цурпанаў быў асуджаны на 30 базавых велічынь штрафу.

Кіраўнік слонімскага ГА «Воля да разьвіцьця» Міхась Варанец 3 чэрвеня зьвярнуўся з заявай да старшыні суду Першамайскага раёну Менску, каб прымусіць Белтэлерадыёкампанію выконваць судовае рашэньне. Варанец выйграў суд супраць НДТРК за распаўсюджваньне хлусьлівых зьвестак у праграме «Панарама», аднак дагэтуль у тэлеэтэры не абвешчаны прысуд і не кампэнсаваны судовыя выдаткі арганізацыі й яе кіраўніку.

Дэпутату чэскага парлямэнту, упаўнаважанаму чэскага ўраду ў правах чалавека Сватаплуку Караску 3 чэрвеня беларускае пасольства ў Чэхіі адмовіла ў візе без аніякіх тлумачэньняў. МЗС Чэхіі накіравала дыпляматычную ноту беларускаму пасольству.

3 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску апраўдаў праваабаронцу Валер’я Шчукіна, затрыманага падчас акцыі супраць перайменаваньня менскіх праспэктаў.

Пасол Нямеччыны Марцін Хекер і пасол Францыі Стэфан Шмялеўскі 3 чэрвеня наведалі палітзьняволенага экс-міністра Міхаіла Марыніча.

Гарадзенскія ўдзельнікі травеньскай акцыі «Мы памятаем» Юры Істомін, Артур Сьмятанін, Зьміцер Аўдзейчык, Андрэй Янушкевіч, Мікола Воран і Раман Юргель 3 чэрвеня атрымалі папярэджаньне: на працягу 10 дзён яны павінны заплаціць штрафы, іначай у іх апішуць маёмасьць. Толькі Істомін падаў наглядную скаргу на судовае рашэньне ў абласны суд і чакае новага разгляду, пра што ён і паведаміў судоваму выканаўцу.

Дэпутат Гомельскага райсавету, грамадзкі актывіст Юрась Глушакоў 3 чэрвеня падаў у суд на кіраўніцтва абласнога краязнаўчага музэю, дзе ён працуе: дырэктар музэю Аляксандар Алейнік за кароткі час аб’явіў супрацоўніку тры вымовы і заўвагу за спазьненьне, у тым ліку за 1-хвіліннае. 6 чэрвеня суд адмовіў Глушакову ў яго пазове.

6 чэрвеня пачаўся судовы працэс над Андрэем Клімавым. Сьведкамі абвінавачаньня выступаюць 20 амапаўцаў, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі 25 сакавіка.

7 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску перагледзеў канфіскацыю маёмасьці палітвязьня Міхаіла Марыніча. Былой жонцы й сынам вярнулі прас, тэлевізар і вэлятрэнажэр.

БСДГ паўстала перад рэальнай пагрозай ліквідацыі: з 90 партыйных структураў толькі дзьве зарэгістраваныя ў нежылым фондзе.

У турэмную больніцу патрапіў 7 чэрвеня Валер Леванеўскі: з 1 чэрвеня ён трымае галадоўку.

Афіцыйны адказ ад Канстытуцыйнага суду атрымала 7 чэрвеня Партыя БНФ: суд адмовіўся разглядаць прэзыдэнцкі ўказ пра перайменаваньне менскіх праспэктаў.

У Жодзіне 6 чэрвеня ў міліцыю па тэлефоне выклікалі ўдзельніка галадоўкі Паўла Красоўскага, хлопец адмовіўся. У той самы час да іншага ўдзельніка акцыі Аляксандра Вінаградава прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

Старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс 7 чэрвеня накіравала заяву ваеннаму пракурору Вячаславу Любавіцкаму: яна вінаваціць газэту «Во славу Родины» ў распальваньні нацыянальнай варожасьці.

8 чэрвеня партал belngo.info распаўсюдзіў інфармацыю пра загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова «Аб захадах па недапушчэньні спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага толку». Загад, падрыхтаваны галоўным інспэктарам упраўленьня сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Віктарам Якжыкам, рэкамэндуе «арганізаваць улік і індывідуальную работу з навучэнцамі і студэнтамі, схільнымі да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных учынкаў». Абавязковымі становяцца службовыя расьсьледаваньні па фактах удзелу навучэнцаў і студэнтаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, якія праводзяцца апазыцыйнымі арганізацыямі. Захады «выхаваўчага ўзьдзеяньня» — «аж да адлічэньня ва ўстаноўленым парадку з ліку навучэнцаў і студэнтаў».

Ля менскага касьцёлу Сьвятога Язэпа працягваюцца набажэнствы вернікаў-каталікоў. Яны патрабуюць вяртаньня касьцёлу й кляштару бэрнардынцаў каталіцкай грамадзе. У касьцёле цяпер месьцяцца архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі ды Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва. Будынак колішняга кляштару «акупавалі» вайсковая камэндатура й пракуратура.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0