Дэпутат-лукашэнкавец Сяргей Касьцян не расіст і не нацыст. Ён сацыял-дарвініст.

Піша Лёлік Ушкін.

Прапанова Сяргея Касьцяна правесьці стэрылізацыю асацыяльных тыпаў выклікала ў кожнага журналіста стандартны рэфлекс — забацаць скандальны артыкул пад шапкай «Беларускі Мэнгэле зьбіраецца стэрылізаваць 100 тысяч чалавек!». Тым больш што палатачнік належыць да Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), на старонках друкаванага органу якой «Мы и время» побач з панэгірыкам Леніну час ад часу можна знайсьці артыкул аб небясьпечнасьці міжрасавых шлюбаў.

І чырвоныя, і карычневыя, сапраўды, мелі свае эўгеністычныя школы.

Касьцяк чырвоных эўгеністаў склала дарэвалюцыйная прафэсура — аматары кніжак бацькі-заснавальніка плыні Фрэнсіса Гальтана (1822—1911).

Рэвалюцыю 1917-га яны ўспрынялі як гістарычны шанец, бо саветы разглядалі перамогу сацыялізму ў тым ліку і як перамогу навуковага прагрэсу над абскурантызмам. У 1920 г. Кальцоў заснаваў Расейскае эўгеністычнае таварыства. Прыблізна ў той жа час Філіпенка адкрыў бюро эўгенікі ў Петраградзе. Да пачатку 1930-х імі выдаваўся «Расейскі эўгенічны часопіс».

Эўгеніка ў СССР была адаптаваная да тэорыі барацьбы клясаў. Па-першае, эўгеністы абяцалі зрабіць з ЦК РКП(б) нешта накшталт «Ротары-клюбу» — тусоўкі асобаў зь вялікім IQ — і перадаваць гэтыя здольнасьці шматлікім нашчадкам. Па-другое, дэкляравалася паляпшэньне пладавітасьці выдатных людзей. Адзін таленавіты чалавек, паводле падлікаў навукоўцаў, павінен быў нарадзіць дзякуючы банку спэрмы 1000 дзяцей. Фанат чырвонай эўгенікі, прафэсар Остынскага ўнівэрсытэту ў ЗША Гэрман Мюлер пісаў Сталіну: «Праз 20 гадоў, калі капіталізм яшчэ будзе існаваць, здароўе нашых маладых кадраў стане яшчэ мацнейшым дзякуючы генэтыцы, і гэта дасьць нам перавагу».

Магчыма, так і было б, калі б не прыход фашыстаў да ўлады і не закляты вораг генэтыкаў Лысенка, якога ў нас прынята чамусьці лічыць прайдзісьветам ад навукі. Са сваім прымітыўным нэалямаркізмам ён дабіўся поўнай забароны эўгенікі. Пасьлядоўнікі яе былі расстраляныя або зьмешчаныя ў вар’ятні.

Як бачым, Касьцян відавочна не адэпт клясавай эўгенікі: дзеці дэбілаў і іх бацькі ня маюць ніякага дачыненьня да барацьбы айчыннага пралетарыяту супраць вашывых блох і нячэсных пасрэднікаў.

Ня ные сэрца ў сябра КПБ і за лёс славянскай супэррасы.

Расізм прыдумаў Жазэф Артур Габіно ў кнізе «Аб няроўнасьці чалавечых расаў». Галоўную ідэю Габіно ведае кожны скінгэд: «Усё абумоўлена біяфізычным фактарам». Тэму прадоўжыў германафіл-брытанец Х.С.Чэмбэрлен, які склаў своеасаблівую герархічную табліцу: наверсе «высокія бялявыя доліхацэфалы», а ўнізе — усё астатняе быдла. Формула гісторыі выглядала, паводле Чэмбэрлена, вельмі проста: пакуль белыя ня сьпяць з жоўтымі і чарнаскурымі, цывілізацыя ідзе ўгору. Пры іншым варыянце выбару палавога партнэра пачынаецца грамадзкі хаос.

Няцяжка вывесьці мараль: каб была чарка і скварка, трэба праводзіць на дзяржаўным узроўні палітыку расавай гігіены.

Гэта і зрабілі нацысты. Пачалі з гвалтоўнай стэрылізацыі мэтысаў, якія нарадзіліся ад шлюбаў немак і салдат францускага войска, і закончылі татальным зьнішчэньнем габрэяў і цыганоў. Цікава, што практыку стэрылізацыі немцы запазычылі ў амэрыканцаў. Там яшчэ ў 1896 годзе штат Канэктыкут забараніў усе шлюбы паміж псыхічна хворымі. У 1927 годзе ў Віргініі дазволілі стэрылізацыю ўсіх непаўнацэнных. Ракфэлераўскі фонд дапамагаў Мэнгэле стварыць лябараторыю ў Аўшвіцы.

Аднак ня будзем пэцкаць героя з палаткі карычневымі фарбамі. Касьцян нічога ня кажа пра расу і, нават наадварот, лічыць, што тут усё нармальна. «99% людей жывуць упарадкавана», — гаворыць дэпутат.

Гаворка ідзе ўсяго пра адзін адсотак насельніцтва, да якога грамадзтва мае права ўжыць рэпрэсіўныя сродкі. Чаму?

Касьцянаўская мараль грунтуецца над тым, што ў паводзінах згаданай сацыяльнай групы біялягічны прыярытэт абсалютна дамінуе над культурным: «Жывёлы вядуць упарадкаваны лад жыцьця, 99% людзей жывуць упарадкавана, але 1% людзей жыве неўпарадкаваным чынам…

Ад іх плодзяцца дзеці, у асноўным хворыя, у большасьці сваёй гэта дэбільныя дзеці… Ці гуманна назіраць, як пакутуюць дзеці тых бацькоў, якія вядуць няправільны лад жыцьця?»

Наконт густаў спрачацца цяжка. Чарлз Дыкенз таксама спачуваў дзецям з вуліцы, але ён якраз наадварот назіраў і апісваў іх жыцьцё, маючы надзею, што дзякуючы яго кнігам грамадзтва стане надаваць больш увагі праблеме. Ня бегаў па Іст-эндзе са скальпэлем.

Але самае цікавае, што Касьцян глядзіць на сытуацыю праз прызму тэорыі сацыял-дарвіністаў. Іх папярэднік Томас Мальтус таксама паставіў чалавецтва на адзін узровень з жывёламі, якія не кантралююць росту папуляцыі. У кнізе «Аб законе перанасяленьня» ён піша, што «чалавецтва размнажаецца хутчэй, чым дапускае колькасьць ежы». Параўнайце з Касьцянам: «Праблему трэба рашаць кардынальным чынам, інакш дзяржава ня вытрымае і ня зможа ўтрымліваць нездаровых дзяцей і дзяцей, кінутых бацькамі».

Агучанае пераклікаецца з тэорыяй «ніжэйшае клясы», якую прапанаваў у серадзіне 1980-х кансэрватыўны сацыёляг Чарлз Мюрэй. Дасьледаваўшы бедныя кварталы мэгаполісаў ЗША, ён прыйшоў да высновы, што там сфармавалася своеасаблівая субкультура, т.зв. «ніжэйшая кляса». Каштоўнасьцямі гэтай групы зьяўляюцца нелюбоў да працы, хаатычны сэкс, алькагалізм і амаральныя паводзіны. Ну а каб забясьпечыць сябе нейкімі грашамі, жыхары трушчобаў проста шмат раджаюць, атрымліваючы ад дзяржавы «ўэлфэр». Дзеці ад такіх шлюбаў, натуральна, ідуць па бацькоўскай лініі. Мурэй гуманна не выступае за стэрылізацыю — проста прапануе гвалтоўна забіраць нованароджаных дзяцей ад бацькоў.

Ідэйны кансэнсус паміж нэакансэрватарам-рэйганістам і лукашэнкаўскім камуністам відавочны.

Камэнтар рэдакцыі

Яны таксама людзі

Дэпутат Касьцян сваёй заявай прамацвае грамадзтва на гатоўнасьць да далейшае таталітарызацыі РБ. Прамацваюць лукашэнкаўцы ў самым уразьлівым месцы. Маральна дэградаваныя асобы выклікаюць у большасьці людзей агіду і абурэньне. Спачуваньне, на жаль, радзей.

Гвалт над правам чалавека на жыцьцё ня вырашыць праблемаў маральнае дэградацыі грамадзтва. «Замест таго, каб паставіць ачышчальныя збудаваньні ўздоўж усёй ракі, мы ставім іх у самым нізе», — сказаў нам ксёндз Завальнюк. «Усякі чалавек можа пакаяцца, перамяніць сябе. У тым ліку п’яніцы і бамжы», — дадае айцец Шымбалёў.

Калі дазволіць дзяржаве распараджацца правам бамжоў на працяг роду, заўтра мы рызыкуем распаўсюдзіць сваю сваволю на ўсіх, хто дзяржаве не падабаецца.

Хто такі Касьцян?

Сяргей Касьцян (КПБ) — радыкальна настроены дэпутат-лукашэнкавец ад Мазыра. Паўторна абраны ў палату. Ходзяць чуткі, што падчас фармаваньня сьпісу на пераабраньне лібэралы з лукашэнкаўскага атачэньня спрабавалі запярэчыць кандыдатуры Касьцяна, які на той час ужо праславіўся выказваньнямі на яўрэйскую тэму і стварэньнем холдынгу літаратурна-мастацкіх выданьняў «ЛіМ». На гэта яны нібыта атрымалі адказ: «Калі такія людзі ёсьць, яны павінны быць і ў парлямэнце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0