На сайце КДБ Беларусі зьявіўся аналітычны артыкул, вылучаны ў асобны разьдзел, з грознай назвай «КДБ папярэджвае».

У ім гаворыцца пра абарону дзяржаўных сакрэтаў. КДБ канстатуе ўстойлівасьць інтарэсу замежных спэцслужбаў да Беларусі. Гэтаму даецца эканамічнае тлумачэньне.

Галоўным чыньнікам такой зацікаўленасьці называецца «імкненьне асобных замежных дзяржаваў атрымаць доступ да зьвестак эканамічнага і вайскова‑стратэгічнага характару». «Асаблівую вастрыню гэтыя спробы набываюць па меры інтэграцыі рэспублікі ў сусьветную эканоміку і з разьвіцьцём ёю адносінаў добрага суседзтва з уплывовымі замежнымі партнёрамі. У асобных выпадках для недапушчэньня Беларусі на рынкі сьвету замежныя канкурэнты выкарыстоўваюць магутны фінансавы патэнцыял».

Аўтары гэтага аналітычнага дакумэнту пішуць:

«Органы дзяржаўнай бясьпекі ўсё часьцей сутыкаюцца з фактамі, калі прадстаўнікі замежных фірмаў спрабуюць выкарыстоўваць падрыўныя мэтады... Сярод ініцыятараў падобных дзеяньняў — некаторыя замежныя дзяржавы, а таксама замежныя прыватныя структуры, канкурэнты беларускіх суб’ектаў гаспадараньня на ўнутраным і сусьветным рынках. Як правіла, у ролі выканаўцаў гэтых акцый выступаюць дзяржаўныя спэцслужбы і спэцыяльныя падразьдзяленьні буйных карпарацыяў, у склад якіх уваходзяць былыя супрацоўнікі выведчых органаў, а таксама дзейныя разьведчыкі, што працуюць пад прыкрыцьцём. Такія структуры створаныя, напрыклад, у некаторых замежных нафтавых фірмах, авіякампаніях».

Варта заўважыць, што з замежных нафтавых фірмаў у Беларусі прадстаўленыя толькі расейскія. Выходзіць, што дзейнасьць КДБ Беларусі сёньня ўжо скіраваная ў тым ліку на процідзеяньне ўплыву расейскіх карпарацый на працэсы ў Беларусі.

«Цяперака галоўную ўвагу замежныя спэцслужбы надаюць працэсу станаўленьня Рэспублікі Беларусі як самастойнае дзяржавы, яе замежнай палітыцы, асабліва ў частцы выбару стратэгічных партнёраў, ‑‑ гаворыцца ў артыкуле. ‑‑ Наступствамі беспакаранай дзейнасьці замежных спэцслужбаў па здабыцьці сакрэтных матэрыялаў могуць стаць узмацненьне супрацьдзеяньня замежнапалітычнаму курсу Рэспублікі Беларусі, падрыў яе эканомікі шляхам уцягваньня ў стратныя гандлёва‑эканамічныя гешэфты, нерацыянальную вайскова‑тэхнічную супрацу, разгортваньне навукова‑дасьледчых працаў у тупіковых кірунках, навязваньне беларускаму боку кантрактаў на пастаўку састарэлых і экалягічна шкодных вытворчасьцяў і тэхналёгій».

Так і просіцца на язык пытаньне, ці адносіцца да састарэлых і экалягічна шкодных расейская тэхналёгія АЭС?

За ў многім савецкай, шпіёнаманскай стылістыкай артыкулу прасочваюцца новыя разуменьні нацыянальных інатрэсаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?