Макс — заваёўнік Парыжу

Максім Мірны і швэд Ёнас Б’ёркман выйгралі Адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе ў парным разрадзе. У фінале яны перамаглі братоў Майка і Боба Браянаў. Для беларуса гэта першая перамога на «Ралян Гарос» і пятая на турнірах «Вялікага Шлему». У 2000 г. Мірны перамог на US Open у пары зь Лейтанам Г’юітам (Аўстралія), у 2002 г. тамсама з індыйцам Махешам Бхупаці, а ў 1998 і 2000 г. на Ўімбэлдане і US Open у міксьце ў пары з Сэрэнай Уільямз. Парыскі посьпех дазволіў дуэту Мірны/Б’ёркман узьняцца на першае месца ў рэйтынгу парных тэнісістаў.

Латышы пратэстуюць

Прадстаўнік футбольнай фэдэрацыі Латвіі Крысваніс Клавінс выступіў з заявай, што падчас правядзеньня футбольных матчаў моладзевых і нацыянальных зборных Расея—Латвія заўзятарам-латышам пагражалі расейскія заўзятары. Таксама Клавінс абвінаваціў расейцаў у зьняважлівых лёзунгах. «Нас называлі фашыстамі і непрыстойна выказваліся на адрас Латвіі», — кажа футбольны чыноўнік. У паліткарэктнай Эўропе за такія ксэнафобскія лёзунгі штрафуюць альбо зборныя, альбо стадыёны.

Гуляем за «Зьлінам»

Вызначыўся супернік «Нёману» ў першым раўндзе Кубку Інтэртота УЭФА. Гарадзенцы згуляюць з чэскім «Зьлінам», што фінішаваў 10-м у сваім чэмпіянаце. Першы матч — 19 чэрвеня (нядзеля) на менскім стадыёне «Тарпэда». Пачатак а 18-й. Гульня ў адказ — 25 чэрвеня. Цікава, што ў першай лізе беларускага чэмпіянату таксама гуляе ЗЛІН.

Толькі расшыфроўваецца ён як і аднайменны завод-спонсар — Завод ліцьця і нармаляў.

АР, pressball.by, atptennis.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0