20 гадоў таму амэрыканскія псыхолягі прыйшлі да высновы, што, калі чалавек многа працуе і яму больш нічога ня трэба, гэта паталёгія.

Прыдумалі нават тэрмін — працаголік. Расейскія псыхолягі называюць залішнюю цягу да працы сындромам Башмачкіна, па імені літаратурнага героя Акакія Акакіевіча Башмачкіна. Дробны канторскі клерк жыў за кошт таго, што кожны дзень толькі перапісваў загады вышэйшага начальства і ніякіх пераменаў не ўспрымаў. Няздольны да пратэсту маленькі чалавек загінуў пры першай няўдачы. З таго часу мала што зьмянілася.

У цяперашняй Беларусі амаль кожны месяц праводзяцца агляды-конкурсы на найлепшыя дасягненьні ва ўсіх сфэрах жыцьця. Найлепшы садок, сельсавет, мэхдвор, хлеў. Настаўнік году, доктар, даярка, токар, пекар. На рэспубліканскім узроўні ўжо дадумаліся да поўнага абсурду — праводзяць конкурс на найлепшага прадпрымальніка. Усеагульны калгас пад назвай РБ цяпер будзе мець найлепшага капіталіста. Але страшна тое, што няма крытэраў, па якіх можна ацаніць працу спэцыяліста. Калі на абласным аглядзе-конкурсе найлепшым у Віцебскай вобласьці прызналі Германавіцкі сельсавет, то паказчыкі працы проста абсурдныя. Старшыня сельсавету Ясюкевіч пахвалялася, што толькі агароджы сельсаветам узьведзена 16 кілямэтраў. А калі ў суседнім сельсавеце ўзьвядуць 15 кілямэтраў, выходзіць, яны працуюць недастаткова? А што калі тая агароджа нікому не патрэбна, а старшыні сельсавета не давяраюць выбаршчыкі?

Чыноўнікі ад цяперашняй улады арыентуюцца не на законныя патрабаваньні выбаршчыкаў, а на самадурства вышэйшых начальнікаў. Каб утрымацца на пасадзе, ім трэба дагадзіць вэртыкальшчыкам любой цаной. Будуць выконваць любыя бязглуздыя загады — выганяць кароў на пашу туды, дзе яшчэ ня вырасла трава, галасіць патрыятычныя песьні чужой дзяржавы.

А самае галоўнае, для чаго цяперашняй небеларускай уладзе спатрэбіліся такія псэўдамерапрыемствы? Ёй трэба адцягнуць увагу народных мас, каб за гэтымі пустымі бурбалкамі ніхто не заўважыў, што закрываюцца беларускія школы, зьнішчаецца беларуская мова, разбураецца беларускі бізнэс — праводзіцца мэтанакіраваная палітыка зьбядненьня беларускага народу.

Пад шырмай «навядзеньня парадку» Беларусь актыўна засяляецца чужынцамі. Тут яны атрымліваюць пасады, кватэры і пэнсіі. А потым гэтая публіка валіць на выбары ды галасуе за добрага бацьку, бо карэнныя беларусы даўно разабраліся, што іх чакае пасьля «аб’яднаньня» з Расеяй.

Але прамаскоўская ўлада ня вечная. Нацыянальныя сілы ніколі не дапусьцяць, каб беларусы зьніклі з карты Эўропы, сталі гноем гісторыі для іншых народаў. Вопыт вызвольнага руху нашых суседзяў ва Ўкраіне, Літве і Польшчы паказвае, што наш дабрабыт залежыць толькі ад нас саміх.

Аляксандар Шчамлёў, Амбросавічы (Шумілінскі р-н)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0