Банк для малога бізнэсу

Нацбанк задумаў стварыць новы банк, які б спэцыялізаваўся на крэдытаваньні малога і сярэдняга бізнэсу. Ён будзе створаны на базе ААТ «Парытэтбанк». 92% акцыяў будзе належаць Нацбанку. Сёлета філіі адчыняцца ва ўсіх абласных цэнтрах.

Дзяржмэдыцына за грошы

Міністэрства аховы здароўя пачало ствараць платную дзяржаўную мэдыцыну. Першая такая паліклініка адчыніцца ў Баранавічах. Пазьней сетка ўнітарных прадпрыемстваў пакрые ўсю краіну. Там будуць працаваць загадчыкі аддзяленьняў дзяржаўных паліклінік, якім паводле закону забаронена падпрацоўваць у камэрцыйных структурах.

Будаўніцтва бяз страху

Ад 1 студзеня 2006 г. усе будаўнічыя фірмы будуць абавязаныя страхаваць сябе на выпадак невыкананьня абавязальніцтваў перад кліентамі. Таксама будзе створаны фонд папераджальных прадпрыемстваў. Сродкі фонду будуць выкарыстоўвацца для таго, каб пазьбягаць зрыву будаўніцтва — напрыклад, у тым выпадку, калі сродкі на аплату будоўлі ўносяцца ня ў тэрмін.

«Слаўнафта» ўмывае рукі

Расейская кампанія «Слаўнафта» адмовілася фінансаваць чарговы этап рэканструкцыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Цяпер МНПЗ давядзецца праводзіць мадэрнізацыю за кошт уласных рэсурсаў. Агульны кошт заплянаваных праектаў складае $100 млн.

«Белаграпрамбанк» раскашэліцца

Урад «папрасіў» «Белаграпрамбанк» выдаць 46 млрд рублёў на рэканструкцыю сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пад 3% гадавых да 1 студзеня 2009 г. Сьпісы шчасьліўчыкаў складае Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі.

Прадпрымальніцкі ўказ

18 чэрвеня прыняты прэзыдэнцкі ўказ «Аб некаторых захадах па рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці». Той, хто ня здолее з 1 жніўня прадставіць паперы, каб плаціць ПДВ з расейскіх тавараў, будзе аддаваць падатак у фіксаванай форме — у памеры падвойнай стаўкі адзінага падатку з кожнага гандлёвага месца. Шараговы прадпрымальнік будзе плаціць 500—700 тыс. руб. у месяц.

Зьменшылі арэнду

З 1 ліпеня на найбуйнейшых рынках сталіцы значна зьмяншаецца арэндная плата. Гэта — той пернік, які ўлада кінула прадпрымальнікам, каб пачатак выплат ПДВ у жніўні не падаўся ім такім балючым. Найбольш патаньнела плата за гандлёвае месца на рынках «Ждановічы», «Аквабел» ды ў «Паркінгу» (на 30—35%).

«Белсоладу» нясоладка

На ААТ «Белсолад» уведзена «залатая акцыя». «Белхарчпрам» атрымае асобае права на ўдзел у кіраваньні прадпрыемствам тэрмінам на адзін год. «Белсолад» у крызісе: у сховішчах назапасілася 29 тыс. тон прадукцыі, а ў бухгальтарскіх кнігах — 35 млрд руб. нявыплачаных пазык. Праблема выклікана тым, што дзяржава прымушае «Белсолад» набываць ячмень у айчынных вытворцаў па завышаных цэнах, праз што беларускі солад у Расеі, на асноўным рынку збыту, ніхто ня хоча набываць.

Хаткі са зьніжкай

Урад падрыхтаваў праект прэзыдэнцкага ўказу, які дазволіць зрабіць будаўніцтва жытла ў вёсцы таньнейшым на 14%. Дасягнуць гэтага прапануюць за кошт зьмяншэньня падаткаў для будаўнічых арганізацый, увядзеньня дзяржзаказу на выраб будматэрыялаў, а таксама абмежаваньня заробкаў будаўнікоў.

Праекты транзыту газу

Транзыт расейскага газу цераз тэрыторыю Беларусі да 2010 году ўзрасьце на 34,5%, да 47 млрд. м3 у год. Гэта прадугледжваецца праектам Комплекснай праграмы забесьпячэньня транспартных магчымасьцяў Беларусі. Праграма таксама прадугледжвае пабудову новых газаправодаў і рэканструкцыю нафтаправоду Ўнеча—Мазыр.

АК; АФН, «БДГ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0