Калі б Быкаў увесь час толькі й разважаў бы, ёсьць у беларусаў будучыня ці няма, страчаны гістарычны шанц ці не, мы ня мелі б вялікага пісьменьніка. Таксама й быкаўскі пэсымізм ня можа быць апраўданьнем для нашага бязьдзеяньня.

Пасьляслоўе да незавершанай дыскусіі: піша Віталь Тарас.

На пачатку чэрвеня ў менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Дубаўца «Вострая Брама: беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў», куды ўвайшлі тэксты лепшых перадач аднайменных радыёэсэ апошніх сямі гадоў. Удзельнікам прэзэнтацыі — а гэта былі, галоўным чынам, тыя, хто мае або некалі меў дачыненьне да перадачы, — было прапанавана ў нефармальнай абстаноўцы падыскутаваць на тэму быкаўскага пэсымізму. Мелася на ўвазе сьцьверджаньне Васіля Быкава аб тым, што «народ беларускi зьнiк, яго няма…» («Народная воля» № 91 ад 17.05.2005).

Вядомыя і іншыя падобныя выказваньні пісьменьніка на гэтую тэму. Але згаданае выказваньне набыло асабліва шырокую вядомасьць у выніку публікацыі эсэ кінарэжысэра В.Дашука, які прыводзіць вялікі фрагмэнт запісу прыватнай гутаркі з Быкавым, што адбылася некалькі год таму. Адтуль узятая й прыведзеная вышэй цытата. Ці не былі тыя словы пісьменьніка прадыктаваныя ягоным эмацыйным настроем або нейкімі іншымі прычынамі, зьвязанымі з канкрэтнымі тагачаснымі абставінамі, у якіх адбывалася згаданая гутарка? Ці можна выняць гэтыя словы з агульнага кантэксту творчасьці Быкава, кантэксту ўсяго ягонага жыцьця? Тут могуць быць розныя меркаваньні. Аднак сапраўды, пэсымізм Быкаву як асобе заўсёды быў уласьцівы, а з гадамі відавочна ўзмацняўся. Сам пісьменьнік гэткай уласьцівасьці свайго характару ніколі не хаваў. Хаця й казаў не аднойчы, што прагне, каб ягоны пэсымізм — прынамсі, у адносінах да будучыні Беларусі — быў абвергнуты.

Але ж калі зьвярнуцца да творчасьці Быкава, дык можна пераканацца, што папулярны тэзіс пра быкаўскі пэсымізм траціць сэнс. Ці можна назваць творы пісьменьніка адназначна пэсымістычнымі альбо аптымістычнымі? Такі спрошчаны падыход у адносінах да сапраўднай літаратуры проста не спрацоўвае. Літаратура, як і жыцьцё, ня зводзіцца да школьнай дыдактыкі. Больш за тое, так званая аптымістычная літаратура — накшталт вершаў пра сьветлую камуністычную будучыню — наагул ня мае дачыненьня да літаратуры. Пра гэта сур’ёзныя крытыкі даўно ўжо не спрачаюцца. Як не спрачаюцца й над тым, што сапраўдная літаратура ні да чога не заклікае, нікуды ня кліча, нікога не выхоўвае і не зьмяняе чалавека, бо выхаваньне ня ёсьць прызначэньнем літаратуры, мастацтва або, скажам, навукі. Яна, літаратура, яе творы каштоўныя самі па сабе, як само жыцьцё ёсьць безумоўнай каштоўнасьцю. А ўжо як глядзець на жыцьцё, у тым ліку ўласнае, і што зь ім рабіць — гэта справа сьветапогляду ды асабістага выбару. Яго няма сэнсу навязваць іншым, яго можна зрабіць толькі самастойна.

Быкаў свой маральны выбар зрабіў і потым пацьвярджаў яго ўсё жыцьцё. Але ён не жадаў і ня мог зрабіць яго за нас, за сваіх чытачоў, — хаця эмацыйна й «прагнуў быць абвергнутым». Пэсымізм або аптымізм тут ні пры чым. Гэтая катэгорыя па-за маральлю й нават па-за сэнсам. Можна з аптымізмам і радасным настроем здраджваць уласным прынцыпам, пісаць даносы на сяброў і сваякоў і пры гэтым верыць у несьмяротнасьць уласнае душы, а таксама ў сьветлую будучыню Бацькаўшчыны. (Нездарма нехта напісаў пра патрыятызм як пра апошняе прыстанішча нягодніка, бо больш высокага, а значыць, зручнага апраўданьня любым сваім дзеяньням не прыдумаеш.)

Можна быць абсалютным скептыкам, мізантропам і мэлянхолікам — і пры гэтым нястомна працаваць на карысьць свайго народу, дзеля яго будучыні. Тут ёсьць, несумненна, супярэчнасьць. Калі літаратура нікога ні ў чым ня здольная пераканаць, значыць, праца пісьменьніка, літаратара ёсьць марнай працай? Адказ на гэта можна шукаць у «Міце пра Сызыфа» экзыстэнцыяліста Камю, ідэйным нашчадкам якога ў значнай ступені адчуваў сябе Быкаў. Калі казаць зусім спрошчана, сэнс працы ў тым, каб яе рабіць, незалежна ад вынікаў. З гэтага гледзішча вызначэньне Быкава як пэсыміста выглядае абсурдным, бо цяжка знайсьці прыклад чалавека, які б так шмат і ўпарта працаваў.

І тут самы час вярнуцца да дыскусіі наконт быкаўскага пэсымізму што да Беларусі й беларускага народу. Калі б Быкаў увесь час толькі й разважаў бы над тым, ёсьць у іх будучыня ці няма, страчаны гістарычны шанц ці не, мы ня мелі б вялікага беларускага пісьменьніка. Прычым вялікага (гэта яшчэ больш выразна відаць сёньня, праз два гады пасьля ягонай сьмерці) у маштабах ня толькі Беларусі, але й сьвету. Ён працаваў на будучыню ў самыя цяжкія часы, працаваў да апошняга, пакуль хапала сіл. І калі зьвяртацца да клясыка па адказ на самыя балючыя пытаньні сучаснасьці, дык вось ён, гэты адказ. Ён палягае ня ў быкаўскім пэсымізьме і не ў ягонай творчасьці нават, але ў ім самім. У тым, што ў Беларусі быў Быкаў.

Іншая рэч, што факт існаваньня Быкава, тое, што ён быў і застаўся ў літаратуры, у гісторыі, у нашай памяці, не зьяўляецца індульгенцыяй для астатніх беларусаў. Таксама як быкаўскі пэсымізм (ці тое, што мы называем пэсымізмам) ня можа быць апраўданьнем для нашага ўласнага бязьдзеяньня. Што ж тычыць самога прадмету — гэта значыць беларускай нацыі, — дык для таго, каб зразумець гэты прадмет, патрэбен не пэсымізм ці нешта такое ж эмацыйнае, патаснае, а патрэбны, перш за ўсё, веды. Інакш кажучы, веданьне прадмету, аб якім пішаш. І ў гэтым яшчэ адзін відавочны ўрок Быкава-пісьменьніка.

Ён заўсёды пісаў толькі пра тое, што ведаў асабіста, — пра вёску, пра сялян, пра вайну, пра пакуты чалавечай душы, трагізм чалавечага існаваньня. Сяргей Дубавец у адной са сваіх «Вострых Брамаў» прыводзіць заўвагу знаёмага пісьменьніка ў сувязі з быкаўскай «Ваўчынай ямай», дзе апісваецца Чарнобыльская зона. Быкаў, паводле тае заўвагі, піша пра «хмызьнякі ды ўзгоркі» — гэта значыць апісвае… родныя віцебскія краявіды, а не палескія. Мабыць, так. Можна прыгадаць таксама зорку Сырыюс, якая ў адным з быкаўскіх твораў зьзяе ў тую пару году, калі на небасхіле ў тутэйшых шыротах яе ўжо не відаць. Калі зьвярнулі ўвагу на гэтую недарэчнасьць, Быкаў спачатку абяцаў памылку выправіць, але потым пакінуў усё, як было. А інакш, відаць, давялося б перапісваць усё нанава, ад пачатку да канца. Быкаў, відавочна, апісваў не краявіды ці зорнае неба — ён апісваў стан душы, і адпаведна з гэтым мастацкі сьвет ягоных твораў будаваўся паводле ўласных законаў, дзе краявіды, мабыць, адыгрываюць падпарадкаваную ролю.

Сказанае зусім не азначае, што Быкаў і яго творчы мэтад павінны ўсім падабацца, што клясык мусіць заставацца па-за крытыкай. Наадварот, некрытычнае, так бы мовіць, талмудычнае стаўленьне да творчай спадчыны пісьменьніка, спроба фэтышызацыі ягоных выказваньняў, у тым ліку выпадковых або памылковых, — праява непавагі да пісьменьніка. У кожным выпадку гэта былі ягоныя ўласныя памылкі, прадыктаваныя ўсім ягоным жыцьцём, няпростымі абставінамі жыцьця, а потым і невылечнай хваробай. Хавацца за словамі клясыка, які ўжо ня можа ўступіць ні ў якія дыскусіі, недарэчна. А тым больш недарэчна выкарыстоўваць імя Быкава дзеля падтрымкі, скажам, аднаго з кандыдатаў у «адзіныя кандыдаты» ад апазыцыі, зь якім ён, мабыць, пры жыцьці не пажадаў бы нават павітацца за руку. Але ж хіба ў яго запытаесься цяпер? Мёртвым не баліць…

Не, ні Быкаў, ні Гарэцкі, ні Купала з Коласам не дадуць нам адказу на тое, ці застанецца беларуская мова, ці будзе некалі годная й незалежная краіна Беларусь. Яны пакутліва вырашалі гэтае пытаньне для сябе, кожны ў сваім часе й абставінах. І кожнае новае пакаленьне беларусаў асуджана на тое, каб вырашаць яго зноў і зноў — пакуль нацыя альбо сапраўды ня зьнікне, альбо пытаньне ня зробіц-ца трывіяльным і клясыкі беларускае літаратуры не застануцца ўсяго толькі клясыкамі, а не прарокамі. І месца ім будзе на пыльных кніжных паліцах ды на школьных уроках, а не ў дыскусіях на тэмы сучаснасьці. Толькі наўрад ці каму з сучасьнікаў Быкава давядзецца да гэтага дажыць.

Нехта сказаў, што аптыміст памірае адзін раз, пэсыміст — бясконцую колькасьць разоў. Але ж рэч ня ў тым, як памерці. Рэч у тым, як жыць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0