Першага ўдзельніка фэстывалю «Басовішча-2005» вызначылі інтэрнэт-галасаваньнем наведнікі музычнага парталу «Тузін гітоў». Ім стаў гурт «Рэха». Яшчэ аднаго ўдзельніка вызначылі гледачы адборачнага канцэрту позна ўвечары ў сераду. Астатніх шэсьць гуртоў абярэ журы.

Лідэр «Рэха» Андрэй Такінданг даведаўся пра вынік галасаваньня ад сяброў, бо ня мае кампутара. Тое, што «Басовішча» ў апошнія гады было пляцоўкай у асноўным для цяжкарокавых гуртоў, яго не засмучае: «Межы панятку «рок-музыка» размываюцца. У яе межы ўкладаюцца ня толькі электрагітары з прымочкамі, але і музыка, падобная да нашай». «Рэха» існуе каля году, у яго склад уваходзяць шэсьць чалавек, а ў песьнях гучыць гітара, бас, скрыпка, домра і тамтамы. Група зрабіла фурор на апошняй «Бардаўскай восені», але аніякіх прызоў не атрымала — не ўкладаліся ў рэчышча бардаўскай песьні.

На думку Міхала Анемпадыстава, «Рэха» выпадае з кантэксту, яны адрозныя ад астатніх, таму павінны выступіць на «Басовішчы». Ім бы пасавала экспэрымэнтальная сцэна, калі б такая была на фэстывалі. У агульнай конкурснай праграме іх будзе цяжка ацаніць, бо яны прэзэнтуюць інтэлектуальны напрамак і маюць іншую эстэтыку». Акустыка як такая ўспрымаецца там слаба. У Гарадку добра выпадаюць каманды з шчыльным гукам.

Самі ўдзельнікі групы настроены выкласьціся на фэсьце напоўніцу. Андрэй мае афрыканскія карані, але нарадзіўся на Беларусі. Яго прозьвішча — Такінданг — перакладаецца як «замова супраць сьмерці дзіцяці». Вучыцца ва ўнівэрсытэце культуры на мастака-рэстаўратара. Марыць сьпяваць ня толькі па-беларуску, але і па-француску, але пакуль не стае ведаў. А па-беларуску пішацца нязмушана: «Проста больш словаў беларускіх ведаю». На прагноз Славы Кораня, што «Рэха» праваліцца на «Басовішчы», адказвае тактоўна: «Дзякуй Кораню за рэкляму».

«Рэха» мае папулярнасьць у Польшчы, менавіта адтуль яны атрымалі больш за ўсё галасоў. На тамтэйшых інтэрнэт-форумах іх песьню «Чэ Гевара» нават пераклалі на польскую мову. Гурт пастаянна дае канцэрты ў гэтай краіне і хутка пачне працаваць над сваім першым альбомам у адной з варшаўскіх студый. Але стаўленьне лідэра «Рэха» да музыкі своеасаблівае: «Мы, хутчэй, гуляем у музыку: няма жаданьня прывязвацца да чагосьці. Маем ад музыкі кайф. Без канцэртаў я б проста пакутаваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0